1 царстваў 21 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І прыйшоў Давід у Номву да Ахімэлэха сьвятара, і сумеўся Ахімэлэх пры сустрэчы з Давідам і сказаў яму: чаму ты адзін, і нікога няма з табою?
І накіраваўся Давід у Ноб, да святара Ахімэлеха, і Ахімэлех аслупянеў, бо Давід прыбыў да яго, і спытаў у яго: «Чаму ты толькі адзін і нікога няма з табой?»
І сказаў Давід Ахімэлэху сьвятару: цар даручыў мне дзею і сказаў мне: «хай ніхто ня ведае, па што я паслаў цябе і што даручыў табе»; таму людзей я пакінуў на пэўным месцы;
І сказаў Давід святару Ахімэлеху: «Цар даручыў мне адну справу і сказаў: “Хай ніхто не ведае аб тым, з-за чаго я цябе пасылаю і што я табе даручаю”. Таму я вызначыў паслугачам тое і тое месца.
дык вось, што ёсьць у цябе пад рукою, дай мне, хлябоў пяць, альбо што знойдзецца.
Дык вось цяпер, калі маеш пад рукой пяць хлябоў, дай мне іх або тое, што знойдзеш».
І адказаў сьвятар Давіду, кажучы: няма ў мяне пад рукою простага хлеба, а ёсьць хлеб асьвечаны; калі толькі людзі твае ўстрымаліся ад жанчын.
І, адказваючы Давіду, святар казаў яму: «Звычайнага хлеба пад рукой не маю, а ёсць толькі пасвячоны хлеб; ці чыстыя паслугачы твае хаця б адносна жанчын?»
І адказаў Давід сьвятару і сказаў яму: жанчын з намі ня было ні ўчора, ні заўчора, з часу, як я выйшаў, а посуд хлопчыкаў чысты, а калі дарога нячыстая, дык хлеб застанецца чыстым у посудзе.
І адказаў Давід святару, і сказаў яму: «Сапраўды, што датычыць жанчын, не было іх з намі ані ўчора, ані заўчора. Калі выбіраліся ў дарогу, целы паслугачоў былі чыстыя, хоць гэтая выправа звычайная. Тым больш сёння чыстыя целы іх».
І даў яму сьвятар асьвечанага хлеба; бо ня было ў яго хлеба, акрамя хлябоў выстаўленьня, якія ўзятыя былі ад аблічча Госпада, каб, калі зьнятыя будуць, пакласьці цёплыя хлябы.
Дык даў яму святар пасвячоны хлеб; бо не было больш там іншага хлеба, апрача хлябоў пакладных, якія былі паднесены перад аблічча Госпада, так што хлябы былі яшчэ цёплыя.
Там быў таго дня прад Госпадам адзін слуга Саўлаў, імем Доік, Ідумэянін, начальнік пастухоў Саўлавых.
А быў там адзін паслугач Саўла, які ў той дзень затрымаўся перад абліччам Госпада; ён называўся Даэг, ідумеец, наймацнейшы з пастухоў Саўла.
І сказаў Давід Ахімэлэху: ці няма тут у цябе пад рукою дзіды ці меча? бо я ня ўзяў з сабою ні меча, ні іншай зброі, бо даручэньне царовае было сьпешнае.
А Давід сказаў Ахімэлеху: «Можа, маеш тут пад рукой дзіду або меч? Бо меча свайго і зброі сваёй я не ўзяў з сабой, бо справа цара вымушала».
І сказаў сьвятар: вось меч Галіяфа Філістымляніна, якога ты забіў у даліне дуба, загорнуты ў вопратку, за наплечнікам; калі хочаш, вазьмі яго; іншага акрамя гэтага тут няма. І сказаў Давід: няма да яго падобнага, дай мне яго.
І святар сказаў: «Вось, тут толькі меч Галіята, філістынца, якога ты забіў у даліне Тэрэбінітаў; ён закручаны ў плашч і ляжыць па-за эфодам. Калі хочаш яго ўзяць, бяры, бо, апрача яго, няма тут іншага». І сказаў Давід: «Няма тут другога такога; дай яго мне».
І ўстаў Давід, і ўцёк таго самага дня ад Саўла, і прыйшоў да Анхуса, цара Гэцкага.
Такім чынам, устаў Давід, і ў той дзень уцёк ад Саўла, і прыбыў да Ахіса, цара Гета.
І сказалі Анхусу слугі ягоныя: ці ня гэта Давід, цар той краіны? ці не яму сьпявалі ў карагодах і казалі: Саўл пабіў тысячы, а Давід — дзясяткі тысяч?
І сказалі яму паслугачы Ахіса: «Ці ж гэта не Давід, цар той зямлі? Ці ж не яму спявалі карагоды, кажучы: “Саўл пабіў свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”»
Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцы сваім і моцна баяўся Анхуса, цара Гэцкага.
І Давід занепакоіўся ў сэрцы сваім дзеля слоў гэтых і дужа баяўся Ахіса, цара Гета.
І зьмяніў твар свой перад імі, і прыкінуўся вар’ятам у іхніх вачах, і крэсьліў на дзьвярах, і пускаў сьліну па барадзе сваёй.
І пачаў ён прыкідвацца шалёным перад імі; і біў у брамы, і цякла сліна на бараду яго.
І сказаў Анхус рабам сваім: бачыце, ён чалавек вар’ят; навошта вы прывялі яго да мяне?
І Ахіс сказаў паслугачам сваім: «Ці ж не бачыце, што ён вар’ят? Навошта прывялі яго да мяне?
ці ж мала ў мяне вар’ятаў, што вы прывялі яго, каб ён юродзіў перад мною? няўжо ён увойдзе ў дом мой?
Ці ж не хапае нам шалёных, што вы прывялі гэтага, каб ён вар’яцеў перада мною? Ці ж такога трэба ўводзіць у дом мой?»