1 царстваў 8 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.
Калі Самуэль пастарэў, то ўстанавіў суддзямі Ізраэля сваіх сыноў.
Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.
І першародны яго сын называўся Ёэль, а імя другога было Абія; судзілі яны ў Бээр-Сэбе.
Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.
І сыны яго не ішлі яго дарогамі, але збочылі з іх з-за хцівасці, і бралі хабары, і псавалі суд.
І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,
Дык, сабраўшыся, усе старэйшыны Ізраэля пайшлі да Самуэля ў Раму
і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.
і сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае не ідуць па дарогах тваіх; такім чынам, устанаві нам цяпер цара, каб ён судзіў нас, як маюць усе народы».
І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.
І не спадабалася гэтае слова Самуэлю, бо яны казалі: «Дай нам цара, каб ён нас судзіў». І маліўся Самуэль Госпаду.
І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над імі;
А Госпад сказаў Самуэлю: «Паслухай голас народа ва ўсім, што гавораць табе; бо не ад цябе адварочваюцца яны, але адварочваюцца ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.
як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;
Паводле ўсіх спраў сваіх, якія рабілі яны з таго дня, як Я вывеў іх з Егіпта, аж да сённяшняга дня, калі пакінулі Мяне і пачалі служыць багам чужым, таксама так робяць і табе.
дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.
Дык цяпер выслухай слова іх; толькі ўведамі іх і папярэдзь іх аб праве цара, які мае над імі валадарыць».
І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,
Такім чынам, Самуэль пераказаў народу ўсе словы Госпада, бо народ дамагаўся ад яго цара,
і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;
і казаў: «Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясніцы свае, і зробіць сабе коннікаў, і будуць яны бегчы перад яго калясніцай;
і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і чакалі хлеба ад яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;
і ўстановіць сабе тысячнікаў, і сотнікаў, і аратых земляў сваіх, і жняцоў пасеваў, і кавалёў зброі і калясніц сваіх.
і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;
А дачок вашых зробіць сабе складальніцамі духмянасцей, і кухаркамі, і пекаркамі.
і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;
І забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вінаграднікі і маслінавыя гаі, і падарыць іх паслугачам сваім.
і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;
Але і пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай, каб аддаць яе сваім еўнухам і паслугачам.
і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;
Возьме таксама паслугачоў вашых і нявольніц, і найлепшых валоў вашых і аслоў і выкарыстае іх у працы сваёй.
з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;
Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя, і будзеце вы ў яго паслугачамі.
і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.
І будзеце наракаць у той дзень на цара вашага, якога выбралі сабе, але Госпад не выслухае вас у той дзень».
Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,
А народ не хацеў слухаць слова Самуэля, але казалі яны: «Ніякім чынам! Бо няхай цар будзе над намі,
і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.
і будзем мы жыць так, як жывуць іншыя народы; і цар наш будзе судзіць нас, і будзе выходзіць перад намі, і будзе ён ваяваць за нас».
І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.
І Самуэль выслухаў усе словы народа, і пераказаў іх Госпаду.
І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.
А Госпад сказаў Самуэлю: «Выслухай слова іх і ўстанаві над імі цара». І сказаў Самуэль людзям Ізраэля: «Вяртайцеся кожны ў свой горад».