1 царстваў 8 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
А калі састарыўся Самуіл, дык паставіў сыноў сваіх судзьдзямі над Ізраілем.
Калі Самуэль пастарэў, ён паставіў судзьдзямі Ізраіля сыноў сваіх.
Імя старэйшага сына ягонага Ёіль, а імя другога сына ягонага Авія; яны былі судзьдзямі ў Вірсавіі.
Першародны сын ягоны называўся Ёэль, а імя другога было Абія. Судзілі яны Ізраіля ў Бээр-Шэве.
Але сыны яго не хадзілі шляхамі ягонымі, а ўхіляліся ў карысьлівасьць і бралі дарункі і судзілі несправядліва.
І не хадзілі сыны ягоныя шляхамі ягонымі, але паддаліся хцівасьці, і бралі хабары, і фальшавалі суд.
І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля, і прыйшлі да Самуіла ў Раму,
І сабраліся ўсе старшыні Ізраіля, і пайшлі да Самуэля ў Раму.
і сказалі яму: вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў.
І сказалі яму: «Вось, ты пастарэў, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі. Дык пастаў нам цяпер валадара, каб ён судзіў нас, як [маюць гэта] ўсе народы».
І не спадабалася слова гэтае Самуілу, калі яны сказалі: дай нам цара, каб ён судзіў нас. І маліўся Самуіл Госпаду.
І ліхім было слова гэтае ў вачах Самуэля, што яны казалі: «Дай нам валадара, каб ён судзіў нас». І маліўся Самуэль да ГОСПАДА.
І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над імі;
І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Паслухай голас народу ў-ва ўсім, што яны просяць цябе, бо не ад цябе адварочваюцца яны, але ад Мяне, каб Я не валадарыў над імі.
як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою;
Як хадзілі яны з таго дня, калі Я вывеў іх з Эгіпту, і аж да сёньняшняга дня, пакідаючы Мяне і служачы багам чужым, таксама робяць і табе.
дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі.
Дык цяпер выслухай просьбу іхнюю, толькі папярэдзь іх і патлумач ім пастановы адносна валадара, які мае над імі валадарыць».
І пераказаў Самуіл усе словы Госпада народу, што прасіў у яго цара,
І Самуэль пераказаў народу ўсе словы ГОСПАДА, бо народ прасіў у яго валадара.
і сказаў: вось якія будуць правы ў цара, які будзе валадарыць над вамі: сыноў вашых ён возьме і прыставіць іх да калясьніц сваіх і зробіць верхаўцамі сваімі, і будуць яны бегаць перад калясьніцамі ягонымі;
Ён сказаў: «Такія пастановы адносна валадара, які будзе валадарыць над вамі. Ён возьме сыноў вашых і пасадзіць іх у калясьніцы свае і на коней сваіх, і яны будуць імчаць перад калясьніцай ягонай.
і паставіць іх у сябе тысячнікамі і пяцідзясяцкімі, каб яны ўраблялі палеткі ягоныя і чакалі хлеба ад яго і рабілі яму воінскую зброю і калясьнічныя прылады ягоныя;
І паставіць іх тысячнікамі, і пяцідзясятнікамі, і аратымі ральлі ягонай, і жняцамі ніваў ягоных, кавалямі зброі ягонай і калясьніцаў ягоных.
і дочак вашых возьме, каб яны складвалі масьці, гатавалі ежу і пяклі хлеб;
Дочак вашых ён зробіць варыцелькамі пахошчаў, кухаркамі і пекаркамі.
і палі вашыя і вінаградныя і аліўкавыя сады вашыя лепшыя возьме і аддасьць слугам сваім;
І забярэ ён у вас найлепшыя землі вашыя, вінаграднікі і сады аліўкавыя, і падорыць іх слугам сваім.
і з пасеваў вашых і зь вінаградных садоў вашых возьме дзясятую частку і аддасьць еўнухам сваім і слугам сваім;
Нівы вашыя і вінаграднікі абцяжарыць дзесяцінай, і аддасьць яе эўнухам сваім і слугам сваім.
і рабоў вашых і рабынь вашых, і юнакоў вашых найлепшых і аслоў вашых возьме і ўжыве на свае патрэбы;
Возьме таксама слугаў вашых і служак вашых, найлепшых валоў вашых і аслоў вашых, і выкарыстае іх дзеля працы сваёй.
з дробнага быдла вашага возьме дзясятую частку, і самі вы будзеце яму рабамі;
І абложыць ён дзесяцінай авечак вашых, і будзеце вы ў яго слугамі.
і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады.
І будзеце наракаць у той дзень на валадара вашага, якога выбралі сабе, але ГОСПАД ня выслухае вас у той дзень».
Але народ не згадзіўся паслухацца голасу Самуіла і сказаў: не, хай цар будзе над намі,
І не хацеў народ слухаць голас Самуэля, і казалі яны: «Ніякім чынам! Няхай валадар будзе над намі,
і мы будзем як іншыя народы: будзе судзіць нас цар наш, і хадзіць перад намі, і весьці войны нашыя.
і будзем мы жыць, як жывуць усе народы. Валадар наш будзе судзіць нас, і будзе ачольваць нас, і будзе выходзіць перад абліччам нашым на бой у войнах нашых».
І выслухаў Самуіл усе словы народу і пераказаў іх у вушы Госпаду.
І выслухаў Самуэль усе словы народу, і пераказаў іх у вушы ГОСПАДУ.
І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу іхняга і пастаў ім цара. І сказаў Самуіл Ізраільцянам: ідзеце кожны ў свой горад.
І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Выслухай просьбу іхнюю і пастаў над імі валадара». І сказаў Самуэль людзям Ізраіля: «Варочайцеся кожны ў горад свой».