1 царстваў 25 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І памёр Самуіл. І сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран.
 
І памёр Самуэль, і сабраўся ўвесь Ізраіль, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным у Раме. А Давід устаў і пайшоў у пустыню Паран.

Быў нехта ў Маоне, а маёнтак яго на Карміле, чалавек вельмі багаты; у яго было тры тысячы авечак і тысяча коз; і быў ён пры стрыжцы авечак на Карміле.
 
І быў [нейкі] чалавек у Маоне, які меў паселасьць сваю ў Кармэлю, і быў той чалавек вельмі багаты. Было ў яго авечак тры тысячы і тысяча козаў. І сталася, што ён стрыг авечак сваіх у Кармэлю.

Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонай — Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён — чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева.
 
Імя таго чалавека было Наваль, а імя жонкі ягонай — Абігайль. Жанчына тая была разумная і прыгожая, а муж ейны быў жорсткі і злачынны, ён [быў] з роду Халева.

І пачуў Давід у пустыні, што Навал стрыжэ авечкі свае.
 
І пачуў Давід у пустыні, што Наваль стрыжэ авечак сваіх.

І паслаў Давід дзесяць хлопчыкаў, і сказаў Давід хлопчыкам: узыдзеце на Карміл і ідзеце да Навала, і павітайце яго ад майго імя,
 
І паслаў Давід дзесяць юнакоў, і сказаў Давід юнакам: «Ідзіце ў Кармэль і зайдзіце да Наваля, і прывітайце яго ад мяне з мірам,

і скажэце так: мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму;
 
і скажыце яму: “Здароўя і супакою табе, і супакой дому твайму, і ўсяму, што ты маеш, няхай будзе супакой!

сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі; вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле;
 
Пачуў я, што стрыгуць авечак у цябе. Пастухі твае былі разам з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога не прапала ў іх за ўсе дні, калі былі яны з намі ў Кармэлю.

спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе; дык вось, знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы; дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая.
 
Спытайся ў слугаў сваіх, і яны паведамяць табе. Дык няхай юнакі гэтыя знойдуць ласку ў вачах тваіх, бо ў добры дзень мы прыходзім. Што знойдзе рука твая, дай слугам тваім і сыну твайму Давіду”».

І пайшлі людзі Давідавыя, і сказалі Навалу ад імя Давіда ўсе гэтыя словы, і замоўклі.
 
І прыйшлі юнакі Давіда, і сказалі Навалю ўсе словы ад імя Давіда, і маўчалі.

І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх;
 
І адказаў Наваль юнакам Давіда, і сказаў: «Хто такі Давід і хто сын Есэя? Сёньня намножылася слугаў, якія пакідаюць гаспадароў сваіх.

няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?
 
Дык я што, маю ўзяць хлеб мой, ваду маю і мяса, прыгатаванае для стрыгачоў, і даць іх людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?»

І пайшлі назад людзі Давідавыя сваёй дарогай і вярнуліся, і прыйшлі і пераказалі яму ўсе словы гэтыя.
 
І павярнуліся юнакі Давіда ў дарогу [адваротную], і прыйшлі, і паведамілі ўсе словы гэтыя [Давіду].

Тады Давід сказаў людзям сваім: аперажэцеся кожны мечам сваім. І ўсе аперазаліся мечамі сваімі, аперазаўся і сам Давід сваім мечам, і пайшлі за Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся каля абозу.
 
І сказаў Давід людзям сваім: «Няхай кожны падпярэжацца мячом сваім!» І падперазаўся кожны мячом сваім, і таксама Давід падперазаўся мячом сваім, і вырушылі з Давідам каля чатырохсот чалавек, а дзьвесьце засталіся ў табары.

А Авігеі, жонцы Навалавай, паведаміў адзін слуга, сказаўшы: вось, Давід прысылаў з пустыні паслоў вітаць нашага гаспадара, але ён абышоўся зь імі груба;
 
І адзін са слугаў [Наваля] паведаміў Абігайлі, жонцы Наваля, кажучы: «Вось, Давід прыслаў пасланцоў з пустыні, каб прывіталі гаспадара нашага, а ён дрэнна абыйшоўся з імі.

а гэтыя людзі вельмі добрыя да нас, ня крыўдзілі нас, і нічога не прапала ў нас за ўвесь час, калі мы хадзілі зь імі, быўшы ў полі;
 
А людзі тыя былі для нас добрымі і ня крыўдзілі нас. І нічога не загінула ў нас у-ва ўсе дні, у якія мы з імі хадзілі ў полі.

яны былі нам аслонаю і ўдзень і ўначы ўвесь час, калі мы пасьвілі статкі паблізу іх;
 
Былі яны нам мурам [ахоўным] як уначы, так і ўдзень у-ва ўсе дні, калі мы хадзілі з імі і пасьвілі авечак.

дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён — чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім.
 
І цяпер разваж і пабач, што зрабіць, бо ліхая пастанова прынятая супраць гаспадара нашага і супраць усяго дому ягонага, а ён — сын Бэліяла, і з ім нельга дамовіцца».

Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў,
 
І Абігайль узяла пасьпешліва дзьвесьце хлябоў, два буклакі віна, пяць запечаных авечак, пяць мерак пражаных зярнят, сто [мерак] разынак і дзьвесьце [зьвязак] сушаных фігаў, і наладавала на аслоў.

і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала.
 
І сказала яна слугам сваім: «Вы ідзіце наперадзе, а я вось буду ісьці за вамі». А мужу свайму Навалю не сказала нічога.

Калі ж яна, седзячы на асьле, спускалася па схілах гары, вось, насустрач ёй ідзе Давід і людзі ягоныя, і яна сустрэлася зь імі.
 
І калі яна, седзячы на асьле, зыходзіла па схіле з гары, вось, Давід і людзі ягоныя ішлі насустрач ёй, і яна спаткала іх.

І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро;
 
А Давід казаў [сабе]: «Надарма я захоўваў у пустыні ўсю маёмасьць чалавека гэтага і нішто не прапала з таго, што да яго [належала], бо ён адплаціў мне ліхам за дабро.

няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны.
 
Няхай гэта зробіць Бог з ворагамі Давіда і тое дадасьць, калі я да раніцы пакіну з усяго, што яму [належыць], [хоць аднаго], хто мочыцца на сьцяну».

Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі;
 
І ўбачыла Абігайль Давіда, і пасьпешліва зьлезла з асла, і ўпала на аблічча сваё перад Давідам, і пакланілася яму да зямлі.

і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй.
 
І кінулася яна да ног ягоных, і сказала: «Гаспадару мой, мая гэта віна. Дазволь служцы тваёй гаварыць у вушы твае, і выслухай словы служкі тваёй.

Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал — імя яго, і вар’яцтва ягонае зь ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў.
 
Няхай гаспадар мой не бярэ да сэрца свайго чалавека гэтага, [сына] Бэліяла, Наваля, бо ён такі, якое імя ягонае. Наваль імя ягонае, і такая ж дурасьць у ім. А я, служка твая, ня бачыла юнакоў гаспадара майго, якіх ты паслаў.

І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго.
 
І цяпер, гаспадару мой, як жывы ГОСПАД і як жывая душа твая, ГОСПАД устрымаў цябе ад праліцьця крыві і помсты на сваю руку, і цяпер ворагі твае і ўсе, што шукаюць няшчасьця гаспадару майму, падобнымі няхай стануцца да Наваля.

Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму.
 
І цяпер прыймі дабраславенства гэтае, якое прынесла служка твая гаспадару свайму, і дай яго юнакам сваім, якія ходзяць разам з гаспадаром маім.

Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё.
 
І даруй віну служкі тваёй. А ГОСПАД збудуе гаспадару майму дом, які будзе трываць, бо гаспадар мой вядзе войны ГОСПАДА, і няхай не сустрэне цябе няшчасьце ў-ва [ўсе] дні твае.

Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, дык душа гаспадара майго будзе завязана ў вузьле жыцьця ў Госпада Бога твайго, а душу ворагаў тваіх кіне Ён як бы з прашчы.
 
Калі паўстане чалавек, каб перасьледаваць цябе і шукаць душы тваёй, няхай душа гаспадара майго будзе захаваная ў вузьле жыцьця ў ГОСПАДА, Бога твайго, а душу ворагаў тваіх няхай выкіне Ён, як з пушчалкі.

І калі зробіць Гасподзь гаспадару майму ўсё, што казаў пра цябе добрага, і паставіць цябе гаспадаром над Ізраілем,
 
І калі зробіць ГОСПАД гаспадару майму ўсё добрае, што абяцаў, і паставіць цябе правадыром Ізраіля,

дык ня будзе гэта сэрцу гаспадара майго засмутаю і непакоем, што не праліў марна крыві і ахаваў сябе ад помсты. І Гасподзь адорыць дабром гаспадара майго, і ўзгадаеш рабыню тваю.
 
няхай ня будзе сэрцу гаспадара майго згрызотай і непакоем, што ты праліў кроў нявінную і не захаваў сябе ад помсты. І калі ГОСПАД учыніць дабро гаспадару майму, ты ўзгадаеш тады пра служку тваю».

І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне,
 
І сказаў Давід Абігайлі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які паслаў цябе сёньня на сустрэчу са мной.

і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе.
 
І няхай будзе дабраслаўлёна разумнасьць твая, і дабраслаўлёна таксама ты, бо стрымала ты мяне сёньня ад праліцьця крыві і ад помсты рукою маёй.

Але, — жывы Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стрымаў мяне, каб не зрабіў ліха табе, — калі б ты не пасьпяшалася і ня прыйшла на сустрэчу да мяне, дык да ранішняга сьвітаньня я не пакінуў бы Навалу нікога, хто мачыўся б на сьцяну.
 
Бо іначай, як жывы ГОСПАД, Бог Ізраіля, Які стрымаў мяне, каб я не зрабіў табе зла, калі б ты ня выйшла пасьпешліва на спатканьне мне, не засталося б у Наваля да сьвітаньня нікога з тых, хто мочыцца на сьцяну».

І прыняў Давід з рук яе тое, што яна прынесла яму, і сказаў ёй: ідзі зь мірам у дом твой; вось, я паслухаўся голасу твайго і ўшанаваў твар твой.
 
І ўзяў Давід з рук ейных усё, што яна прынесла, і сказаў ёй: «Ідзі ў супакоі ў дом твой, бо я выслухаў голас твой і ўшанаваў аблічча тваё».

І прыйшла Авігея да Навала, і вось, у яго банкет у доме ягоным, як банкет царскі, і сэрца ў Навала было вясёлае; а ён быў вельмі п’яны; і не сказала яму ні слова, ні большага, ні меншага, да раніцы.
 
І вярнулася Абігайль да Наваля, і вось, ён справіў банкет у доме сваім як банкет валадарскі. І сэрца Наваля было вясёлае, і быў ён вельмі п’яны. І яна не сказала яму анічога пра гэта ані малога, ані вялікага да сьвітаньня раніцы.

А раніцай, калі Навал працьверазеў, жонка ягоная расказала яму пра гэта, і замерла ў ім сэрца ягонае, і зрабіўся ён, як камень.
 
Раніцаю, калі Наваль працьверазіўся ад віна, жонка ягоная распавяла яму пра справу гэтую. І замерла сэрца ягонае ў нутры ягоным, і ён зрабіўся як камень.

Дзён празь дзесяць уразіў Гасподзь Навала, і ён памёр.
 
І праз дзесяць дзён ГОСПАД ударыў Наваля, і ён памёр.

І пачуў Давід, што Навал памёр, і сказаў: дабраславёны Гасподзь, Які заплаціў яму за ганьбаваньне мяне Навалам, і Які ахаваў раба свайго ад ліхога; Гасподзь абярнуў злосьць Навалаву на яго ж галаву. І паслаў Давід сказаць Авігеі, што ён бярэ яе сабе за жонку.
 
І пачуў Давід, што Наваль памёр, і сказаў: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які рассудзіў справу зьнявагі маёй з боку Наваля і захаваў слугу Свайго ад зла, а злачыннасьць Наваля зьвярнуў ГОСПАД на галаву ягоную». І паслаў Давід сказаць Абігайлі, што ён бярэ яе сабе за жонку.

І прыйшлі слугі Давідавыя і сказалі ёй так: Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку.
 
І прыйшлі слугі Давіда да Абігайлі ў Кармэль, і прамовілі да яе, кажучы: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе сабе за жонку».

Яна ўстала і пакланілася тварам да зямлі і сказала: вось, рабыня твая гатовая быць служанкаю, каб абмываць ногі слуг гаспадара майго.
 
І яна ўстала, і пакланілася абліччам да зямлі, і сказала: «Вось, служка твая — нявольніца, каб мыць ногі слугаў гаспадара майго».

І сабралася Авігея пасьпешліва і села на асла, і пяць служанак суправаджалі яе; і пайшла яна за пасламі Давідавымі і зрабілася яго жонкаю.
 
І ўстала пасьпешліва Абігайль, і села на асла, і пяць служак ейных ішлі за ёю. І паехала яна за пасланцамі Давіда, і сталася жонкаю ягонаю.

І Ахінааму з Ізрэеля ўзяў Давід, і абедзьве яны былі яго жонкі.
 
Таксама Ахіноам з Езрээлю ўзяў Давід за жонку, і яны абедзьве сталіся жонкамі ягонымі.

А Саўл аддаў дачку сваю Мэлхолу, жонку Давідавую, Фалтыю, сыну Лаіша, што з Галіма.
 
А Саўл аддаў Міхаль, дачку сваю, жонку Давіда, Пальту, сыну Ляіша, які [паходзіў] з Галіму.