1 царстваў 27 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў Давід у сэрцы сваім: калі-небудзь траплю я ў рукі Саўлу, і няма мне нічога лепшага, як уцячы ў зямлю Філістымскую; і адчэпіцца ад мяне Саўл і ня будзе шукаць мяне болей па ўсіх межах Ізраільскіх, і я выратуюся ад рукі ягонай.
І сказаў Давід у сэрцы сваім: «У нейкі дзень я загіну ад рукі Саўла. Ці ня лепш мне схавацца ў зямлі Філістынцаў, каб кінуў Саўл шукаць мяне ў-ва ўсіх межах Ізраіля, і я ўхілюся ад рук ягоных».
І ўстаў Давід, і выправіўся сам і шэсьцьсот мужчын, якія былі зь ім, да Анхуса, сына Маоха, цара Гэцкага.
І ўстаў Давід, і пайшоў ён і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, да Ахіша, сына Маоха, валадара Гату.
І жыў Давід у Анхуса ў Гэце, сам і людзі ягоныя, кожны зь сям’ёю сваёю, Давід і абедзьве жонкі ягоныя — Ахінаама Ізрэеліцянка і Авігея, былая жонка Навала, Кармэліцянка.
І жыў Давід у Ахіша ў Гаце, ён і людзі ягоныя, кожны з домам сваім, Давід з дзьвюма жонкамі сваімі, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.
І данесьлі Саўлу, што Давід уцёк у Гэт, і перастаў ён болей шукаць яго.
І паведамілі Саўлу, што Давід уцёк у Гат, і ён кінуў шукаць яго.
І сказаў Давід Анхусу: калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, дык няхай дадзена будзе мне месца ў адным з малых гарадоў, і я буду жыць там; навошта рабу твайму жыць у царскім горадзе разам з табою?
І сказаў Давід Ахішу: «Калі я маю ласку ў вачах тваіх, дай мне месца ў адным з гарадоў зямлі гэтай, каб я мог жыць там. Навошта слуга твой мае жыць з табою ў горадзе валадара?»
Тады даў яму Анхус Сэкелаг; таму Сэкелаг і застаўся за царамі Юдэйскімі да сёньня.
І даў яму Ахіш у той дзень Цыкляг, і таму Цыкляг [стаўся] горадам валадароў Юдэйскіх аж да гэтага дня.
Усяго часу, які пражыў Давід у краіне Філістымскай, было год і чатыры месяцы.
І быў лік дзён, калі Давід жыў у зямлі Філістынцаў, год і чатыры месяцы.
І выходзіў Давід зь людзьмі сваімі і нападаў на Гесуранаў і Гірзэянаў і Амалікіцянаў, якія здаўна насялялі гэтую краіну да Сура і да зямлі Егіпецкай.
І выходзіў Давід з людзьмі сваімі, і нападаў на Гешурцаў, на Гізрэяў і на Амалека, бо гэтыя народы жылі на зямлі пры дарозе на Шур і аж да зямлі Эгіпецкай.
І спусташаў Давід тую краіну, і не пакідаў жывых ні мужчыны, ні жанчыны, і забіраў авечак і валоў, і аслоў і вярблюдаў і вопратку, і вяртаўся і прыходзіў да Анхуса.
І пустошыў Давід тую зямлю, не пакідаючы жывымі ані мужчыны, ані жанчыны, і забіраў авечак, валоў, аслоў, вярблюдаў і адзеньне, і вяртаўся, і прыходзіў да Ахіша.
І сказаў Анхус Давіду: на каго нападалі сёньня? Давід сказаў: на паўднёвую краіну Юдэі і на паўднёвую краіну Ерахмээла і на паўднёвую краіну Кенэі.
І казаў Ахіш: «На каго нападалі вы сёньня?» А Давід казаў: «На Нэгеў Юдэйскі і на Нэгеў Ерхамээля, і на Нэгеў Кенэйскі».
І не пакідаў Давід жывых ні мужчыны, ні жанчыны і ня прыводзіў у Гэт, кажучы: яны могуць данесьці на нас і сказаць: так зрабіў Давід, і такі лад дзеяў ягоных праз увесь час, пакуль ён жыве ў краіне Філістымскай.
Ані мужчыны, ані жанчыны не пакідаў пры жыцьці Давід, каб прыводзіць іх у Гат, бо казаў ён: «Каб не паведамілі пра нас, кажучы: “Гэта зрабіў Давід”». І гэткія былі справы ягоныя ў-ва ўсе дні, калі ён жыў у краіне Філістынцаў.
І даверыўся Анхус Давіду, кажучы: ён збрыдзеў народу свайму Ізраілю і будзе слугою маім вечна.
І давяраў Ахіш Давіду, кажучы: «Стаўся ён зьненавіджаны ў народзе сваім, Ізраілі, і будзе ён мне слугою вечна».