1 царстваў 17 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Філістымляне сабралі войскі свае на вайну і сабраліся ў Сакхоце, што ў Юдэі, і разьмясьціліся табарам паміж Сакхотам і Азэкам у Эфэс-Даміме.
 
І сабралі Філістынцы войскі свае на вайну, і сабраліся ў Соха, што ў Юдэі, і разлажыліся табарам між Соха і Азэкаю ў Эфэс-Даміме.

А Саўл і Ізраільцяне сабраліся і разьмясьціліся табарам у даліне дуба і падрыхтаваліся да вайны супроць Філістымлянаў.
 
А Саўл і ваяры Ізраільскія сабраліся і разлажыліся табарам у лагчыне Эла, і пашыхтаваліся да бою супраць Філістынцаў.

І сталі Філістымляне на гары з аднаго боку, і Ізраільцяне на гары з другога боку, а паміж імі была даліна.
 
Філістынцы стаялі на схіле гары з аднаго боку, а Ізраільцяне — на схіле гары з другога боку, і разьдзяляла іх лагчына.

І выступіў з табара Філістымскага аднаборац, імем Галіяф, з Гэта; ростам ён — шэсьць локцяў зь пядзяю.
 
І выйшаў з шыхтоў Філістынцаў чалавек на імя Галіят з Гату, а быў ён вышынёю ў шэсьць локцяў і адну пядзю.

Медны шалом на галаве ў яго; і апрануты ён быў у лускаватую браню, і вага брані ягонай — пяць тысяч сікляў медзі;
 
На галаве ён меў мядзяны шалом, адзеты быў у лускаты мядзяны панцыр у пяць тысячаў сыкляў вагі,

медныя накаленьнікі на нагах ягоных, і медны шчыт за плячамі ў яго;
 
а на нагах меў ён мядзяныя накаленьнікі, і мядзяны меч за плячыма.

і дзяржак дзіды ягонай, як навой у кроснах; а сама дзіда ягоная — шэсьцьсот сікляў жалеза, і перад ім ішоў збраяносец.
 
Тронак дзіды ягонай быў як навой ткацкі, а вострыва дзіды ягонай важыла шэсьцьсот сыкляў жалеза. Перад ім ішоў [збраяносец], несучы шчыт.

І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне;
 
І стаў ён насупраць шыхтоў Ізраіля, і крычаў, і казаў ім: «Чаго вы прыйшлі падрыхтаваныя да бою? Ці ж я не Філістынец, і вы — ці ня слугі Саўла? Выберыце спаміж сябе некага, і няхай ён зыйдзе да мяне!

калі ён можа пабіцца са мною і заб’е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб’ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам.
 
Калі зможа ён ваяваць са мною і пераможа мяне, мы будзем нявольнікамі вашымі. А калі я перамагу, і заб’ю яго, вы будзеце нявольнікамі і будзеце нам служыць».

І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух.
 
І сказаў Філістынец: «Вось, я зьневажаю сёньня дружыны Ізраіля. Дайце мне чалавека, і мы будзем біцца!»

І пачулі Саўл і ўсе Ізраільцяне гэтыя словы Філістымляніна, і вельмі перапалохаліся і жахнуліся.
 
І чулі гэтыя словы Філістынца Саўл і ўвесь Ізраіль, і напалохаліся, і вельмі баяліся.

А Давід быў сын Эфрацяніна зь Віфляема Юдавага, на імя Ясэй, у якога было восем сыноў; гэты чалавек у дні Саўла дасягнуў старасьці і быў старэйшы сярод мужчын.
 
А Давід быў сынам Эфрацяніна з Бэтлеему Юдэйскага, імя ягонае — Есэй. Ён меў восем сыноў і ў часы Саўла быў ужо старым і ў гадах пажылых.

Тры старэйшыя сыны Ясэевыя пайшлі з Саўлам на вайну; імёны трох сыноў ягоных, што пайшлі на вайну: старэйшы — Эліяў, другі за ім — Амінадаў, і трэці — Сама.
 
Тры старэйшыя сыны ягоныя пайшлі з Саўлам ваяваць. Імёны тых трох сыноў ягоных, якія пайшлі на вайну, былі: першародны Эліяў, другі — Абінадаў, а трэці — Шамма.

А Давід быў малодшы. Трое старэйшых пайшлі з Саўлам,
 
Давід жа быў найменшым. А тры старэйшыя пайшлі за Саўлам.

а Давід вярнуўся ад Саўла, каб пасьвіць авечкі бацькі свайго ў Віфляеме.
 
Давід прыходзіў да Саўла і адыходзіў, каб пасьвіць авечак бацькі свайго ў Бэтлееме.

І выступаў Філістымлянін той раніцай і ўвечары і выстаўляў сябе сорак дзён.
 
А Філістынец выходзіў раніцаю і ўвечары, і выходзіў гэтак сорак дзён.

І сказаў Ясэй Давіду, сыну свайму: вазьмі братам сваім эфу сушанага зерня і дзесяць гэтых хлябоў і занясі ў табар да сваіх братоў;
 
І сказаў Есэй сыну свайму Давіду: «Вазьмі для братоў тваіх эфу пражаных зярнят і дзесяць хлябоў, і занясі хутка братам тваім у табар!

а гэтыя дзесяць сыроў занясі тысячніку і даведайся пра здароўе братоў і даведайся пра патрэбы іхнія.
 
І занясі дзесяць кавалкаў сыру для тысячніка, і адведай братоў тваіх, як маюцца, і даведайся патрэбы іхнія».

Саўл і яны і ўсе Ізраільцяне былі ў даліне дуба і рыхтаваліся да бітвы зь Філістымлянамі.
 
А Саўл і яны, і ўсе сыны Ізраіля ваявалі з Філістынцамі ў лагчыне Эла.

І ўстаў Давід рана раніцай, і даручыў авечак вартавому, і, узяўшы ношку, пайшоў, як загадаў яму Ясэй; і прыйшоў да табара, калі войскі былі выведзены ў строй і з крыкам рыхтаваліся да бітвы.
 
І ўстаў Давід раніцаю, і даручыў авечак вартаўніку, і забраў [пасілкі], і пайшоў, як загадаў яму Есэй. І прыйшоў ён у табар, і войска выходзіла ў шыхтах з баявым крыкам.

І выставілі Ізраільцяне і Філістымляне строй супроць строю.
 
І сталі ў шыхт Ізраільцяне і Філістынцы адны супраць другіх.

Давід пакінуў сваю ношку абознаму вартавому, і пабег у рады і, прыйшоўшы, спытаўся ў братоў сваіх пра здароўе.
 
Давід, скінуўшы з сябе ношу і аддаўшы яе варце ў табары, пабег да дружынаў. І прыбег, і прывітаў братоў сваіх.

І вось, калі ён гутарыў зь імі, аднаборац зь імем Галіяф, Філістымлянін з Гэта, выступае з радоў Філістымскіх і кажа тыя словы, і Давід пачуў.
 
Калі ён размаўляў з імі, вось, выйшаў з шыхтоў той чалавек на імя Галіят, Філістынец з Гату, і гаварыў тыя самыя словы. І пачуў [гэта] Давід.

І ўсе Ізраільцяне, убачыўшы гэтага чалавека, уцякалі ад яго і вельмі баяліся.
 
А ўсе ваяры Ізраільскія, убачыўшы яго, уцякалі ад яго са страхам вялікім.

І казалі Ізраільцяне: бачыце гэтага чалавека, што выступае? ён выступае, каб ганіць Ізраіля; калі б хто забіў яго, адарыў бы таго цар вялікім багацьцем, і дачку сваю выдаў бы за яго, і дом бацькі ягонага зрабіў бы свабодным у Ізраілі.
 
І сказаў адзін з Ізраільцянаў: «Ці бачыце вы чалавека гэтага, які выходзіць? Ён выходзіць, каб зьневажаць Ізраіля. Дык чалавека, які заб’е яго, валадар узнагародзіць багацьцямі вялікімі, і дачку сваю дасьць за жонку, а дом бацькі ягонага вызваліць [ад падатку] ў Ізраілі».

І сказаў Давід людзям, якія стаялі зь ім: што зробяць таму, хто заб’е гэтага Філістымляніна і здыме ганьбу зь Ізраіля? бо хто гэты неабрэзаны Філістымлянін, што так ганіць войска Бога жывога?
 
І сказаў Давід людзям, што стаялі каля яго, кажучы: «Што дадуць чалавеку, які заб’е Філістынца гэтага і здыме ганьбу з Ізраіля? Бо хто ён, гэты неабрэзаны Філістынец, што так насьміхаецца з войска Бога Жывога?»

І сказаў яму народ тыя самыя словы, кажучы: вось, што зроблена будзе таму чалавеку, які заб’е яго.
 
І сказалі людзі тыя самыя словы, кажучы: «Так зробіць [валадар] чалавеку, які заб’е яго».

І пачуў Эліяў, старэйшы брат Давідаў, што гаварыў ён зь людзьмі, і раззлаваўся Эліяў на Давіда і сказаў: навошта ты сюды прыйшоў і на каго пакінуў нямногія авечкі тыя ў пустыні? я ведаю пыху тваю і благое сэрца тваё, ты прыйшоў падзівіцца на бойку.
 
І пачуў Эліяў, старэйшы брат ягоны, як ён гаварыў пра гэта з іншымі, і загневаўся Эліяў на Давіда, і сказаў: «Навошта ты прыйшоў і каму пакінуў той малы статак у пустыні ? Я ведаю пыху тваю і ліхоту сэрца твайго, бо ты прыйшоў сюды, каб паглядзець на вайну».

І сказаў Давід: што ж я зрабіў? ці ня словы гэта?
 
І сказаў Давід: «Што я такога зрабіў? Ці ж няможна пра гэта гаварыць?»

І адвярнуўся ад яго да другога і казаў тыя самыя словы, і адказаў яму народ па-ранейшаму.
 
І адвярнуўся ад яго да іншага, і спытаў тое самае. І людзі адказалі яму тыя словы, што і раней.

І пачулі словы, якія казаў Давід, і пераказалі Саўлу, і той паклікаў яго.
 
І пачулі словы, якія гаварыў Давід, і пераказалі Саўлу, і ён паклікаў яго.

І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерыцца з гэтым Філістымлянінам.
 
І сказаў Давід Саўлу: «Няхай ніхто ня падае сэрцам з прычыны [Філістынца]. Слуга твой пойдзе і будзе змагацца супраць Філістынца гэтага».

І сказаў Саўл Давіду: ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй.
 
І сказаў Саўл Давіду: «Ня можаш ты ісьці супраць Філістынца гэтага і змагацца супраць яго, бо ты — юнак, а ён — ваяр ад маладосьці сваёй».

І сказаў Давід Саўлу: раб твой пасьвіў авечкі ў бацькі свайго, і калі, бывала, прыходзіў леў або мядзьведзь і задзіраў авечку ў статку,
 
І сказаў Давід Саўлу: «Слуга твой пасьвіў авечак бацькі свайго, і прыходзіў леў ці мядзьведзь, і хапаў барана спаміж статку,

дык я гнаўся за ім і нападаў на яго і адбіраў з пашчы ягонай; а калі ён кідаўся на мяне, дык я браў яго за касмачы і біў яго і забіваў яго;
 
а я даганяў яго, біў і вырываў [авечку] з пашчы ягонай. А калі ён выходзіў на мяне, я хапаў яго за сківіцу, і перамагаў яго, і забіваў яго.

і льва і мядзьведзя забіваў раб твой, і з гэтым Філістымлянінам неабрэзаным будзе тое самае, што зь імі, бо так ганіць войска Бога жывога.
 
Нават льва і мядзьведзя перамагаў слуга твой. І гэты неабрэзаны Філістынец [будзе] як адзін з іх, бо ён насьміхаецца з войска Бога Жывога!»

І сказаў Давід: Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна. І сказаў Саўл Давіду: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою.
 
І сказаў Давід: «ГОСПАД, Які выратаваў мяне з кіпцюроў льва і мядзьведзя, выратуе мяне і ад рукі Філістынца гэтага». І сказаў Саўл Давіду: «Ідзі, і няхай ГОСПАД будзе з табою».

І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню.
 
І апрануў Саўл Давіда ў адзеньне сваё, і даў мядзяны шалом на галаву ягоную, і адзеў у панцыр.

І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе.
 
І падперазаўся Давід мячом ягоным кругом адзеньня, і паспрабаваў хадзіць, бо ня меў [яшчэ] спрактыкаванасьці. І сказаў Давід Саўлу: «Не магу я хадзіць у гэтым, бо нязвыкла мне». І скінуў Давід [усё] з сябе.

І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастуховую торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна.
 
І ўзяў ён у руку сваю кій свой, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і ўлажыў іх у торбу пастуха, якую меў замест кішэняў, і з пушчалкай у руцэ сваёй накіраваўся да Філістынца.

Выступіў і Філістымлянін, ідучы і набліжаючыся да Давіда, і збраяносец ішоў паперадзе яго.
 
А Філістынец ішоў і набліжаўся да Давіда, і збраяносец нёс шчыт перад ім.

І зірнуў Філістымлянін і, убачыўшы Давіда, з пагардаю паглядзеў на яго, бо ён быў малады, бялявы і прыгожы тварам.
 
І глянуў Філістынец, і ўбачыў Давіда, і пагардзіў ім, бо быў ён яшчэ хлопец, руды і прыгожы тварам.

І сказаў Філістымлянін Давіду: што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі.
 
І сказаў Філістынец Давіду: «Ці ж я сабака, што ты ідзеш да мяне з кіем?» І пракляў Філістынец Давіда багамі сваімі.

І сказаў Філістымлянін Давіду: падыдзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам нябесным і зьвярам польным.
 
І сказаў Філістынец Давіду: «Хадзі да мяне, і я аддам цела тваё птушкам паднебным і зьвярам палявым».

А Давід адказваў Філістымляніну: ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў;
 
А Давід сказаў Філістынцу: «Ты ідзеш на мяне з мячом, і дзідай, і шчытом, а я іду на цябе ў імя ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога войска Ізраіля, з якога ты насьміхаўся.

сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыму зь цябе галаву тваю, і аддам трупы войска Філістымскага птушкам нябесным і зьвярам польным, і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі;
 
Сёньня аддасьць цябе ГОСПАД у рукі мае, і я перамагу цябе, і адсяку табе галаву тваю, і аддам трупы табару Філістынцаў сёньня птушкам паднебным і зьвярам зямным, і няхай ведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраіля.

і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя.
 
Няхай ведае ўся царква, што ГОСПАД не мячом і дзідай ратуе, бо гэта вайна ГОСПАДА, і Ён выдасьць вас у рукі нашыя».

Калі Філістымлянін падняўся і пачаў падыходзіць і зьбліжацца дзеля сустрэчы з Давідам, Давід пасьпешліва пабег да строю насустрач Філістымляніну.
 
І калі Філістынец устаў, і пайшоў, і набліжаўся да Давіда, Давід хутка пабег на бой насустрач Філістынцу.

І апусьціў Давід руку сваю ў торбу і дастаў адтуль камень, і шпурнуў з прашчы і пацэліў Філістымляніну ў лоб, так што камень упіўся ў лоб ягоны, і ён упаў тварам на зямлю.
 
І ўсунуў Давід руку сваю ў торбу, і ўзяў адтуль камень, і пусьціў яго [пушчалкай], і ўдарыў ім Філістынца ў лоб. І засеў той камень паміж вачэй [Філістынца], і ён упаў абліччам на зямлю.

Так адолеў Давід Філістымляніна прашчаю і каменем, і падужаў Філістымляніна і забіў яго; а меча ня было ў руках у Давіда.
 
І перамог Давід Філістынца пушчалкай і камянём, і ўдарыў Філістынца, і забіў яго, і мяча не было ў руцэ Давіда.

Тады Давід падбег і, наступіўшы на Філістымляніна, узяў меч ягоны і дастаў яго з похваў, ударыў яго і адсек ім галаву ягоную; Філістымляне, убачыўшы, што асілак іхні памёр, пабеглі.
 
І падбег Давід, і стаў каля Філістынца, і ўзяў меч ягоны, і выцягнуў яго з похваў, і забіў яго, і адсек галаву яму. І ўбачылі Філістынцы, што волат іхні мёртвы, і кінуліся ўцякаць.

І падняліся мужчыны Ізраільскія і Юдэйскія, і закрычалі і гналі Філістымлян да ўваходу ў даліну і да брамы Акарона. І падалі бітыя Філістымляне па дарозе Шаарымскай, да Гэта і да Акарона.
 
А ваяры Ізраіля і Юды падняліся, і ўзьнялі гармідар ваенны, і кінуліся ў пагоню за Філістынцамі аж да ўваходу ў даліну і да брамы Экрону. І трупы Філістынцаў ляжалі па дарозе ад Шаараіму аж да Гату і Экрону.

І вярнуліся сыны Ізраільскія з пагоні за Філістымлянамі і разрабавалі табар іхні.
 
І вярнуліся сыны Ізраіля пасьля пагоні за Філістынцамі, і абрабавалі табар іхні.

І ўзяў Давід галаву Філістымляніна і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную паклаў у намёце сваім.
 
А Давід узяў галаву Філістынца і занёс яе ў Ерусалім, а зброю ягоную палажыў у намёце сваім.

Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў супроць Філістымляніна, дык сказаў Авэніру, начальніку войска: Авэнір, чый сын гэты хлопец? Авэнір адказаў: хай жыве душа твая, цару; я ня ведаю.
 
Калі Саўл убачыў Давіда, які выходзіў насустрач Філістынцу, ён сказаў Абнэру, начальніку войска: «Абнэр, чый сын юнак гэты?» І сказаў Абнэр: «Як жывая душа твая, валадару, ня ведаю».

І сказаў цар: дык спытайся, чый сын гэты хлопец?
 
І сказаў валадар: «Запытайся, чый сын юнак гэты».

А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго.
 
І калі, забіўшы Філістынца, Давід вярнуўся, узяў яго Абнэр, і прывёў да Саўла, і галава Філістынца [была] ў руцэ ягонай.

І спытаўся ў яго Саўл: чый ты сын, хлопча? І адказаў Давід: сын раба твайго Ясэя зь Віфляема.
 
І сказаў яму Саўл: «Чый ты сын, юнача?» І Давід сказаў: «Я — сын слугі твайго Есэя з Бэтлеему».