1 царстваў 26 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Прыйшлі Зіфеі да Саўла ў Гіву і сказалі: вось, Давід хаваецца ў нас на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона.
І прыйшлі Зіфейцы ў Гіву да Саўла, кажучы: «Ведай, Давід хаваецца на ўзгорышчы Хахіля, што на канцы пусткі».
І ўстаў Саўл і спусьціўся ў пустыню Зіф, і зь ім тры тысячы выбраных мужчын Ізраільскіх, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.
І ўстаў Саўл, і вырушыў у пустыню Зіф, а з ім тры тысячы мужчынаў, выбранцоў Ізраіля, каб шукаць Давіда ў пустыні Зіф.
І атабарыўся Саўл на пагорку Гахіла, што направа ад Есімона, каля дарогі; а Давід быў у пустыні і бачыў, што Саўл ішоў за ім у пустыню;
І разлажыўся табарам Саўл на ўзгорышчы Хахіля, на скраю пусткі каля дарогі. А Давід знаходзіўся ў пустыні, і ўбачыў, што выйшаў Саўл за ім у пустыню.
і паслаў Давід віжоў і даведаўся, што Саўл сапраўды прыйшоў з Кэіля.
І паслаў Давід выведчыкаў, і ўпэўніўся, што Саўл сапраўды прыйшоў.
І ўстаў Давід і пайшоў да месца, на якім Саўл атабарыўся, і ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Авэнір, сын Ніраў, ваеначальнік ягоны. А Саўл спаў у намёце, а народ разьмясьціўся вакол яго.
І ўстаў Давід, і прыйшоў да месца, дзе быў Саўл. І ўбачыў Давід месца, дзе спаў Саўл і Абнэр, сын Нэра, начальнік войска ягонага. А Саўл спаў у будане, і народ разлажыўся табарам вакол яго.
І зьвярнуўся Давід і сказаў Авімэлэху Хэтэяніну і Авэсу, сыну Саруінаму, брату Ёава, кажучы: хто пойдзе са мною да Саўла ў табар? І адказаў Авэса: я пайду з табою.
І адказаў Давід, і сказаў Ахімэлеху Хету і Абішаю, сыну Цэруі, брату Ёава, кажучы: «Хто пойдзе са мною ў табар да Саўла?» І сказаў Абішай: «Я пайду з табой».
І прыйшоў Давід з Авэсам да людзей Саўлавых уначы; і вось, Саўл ляжыць, сьпіць у намёце, і дзіда ягоная ўваткнутая ў зямлю каля галавы ягонай: а Авэнір і людзі ляжаць вакол яго.
І пайшлі Давід і Абішай цішком уначы да людзей [Саўла], і вось, Саўл ляжыць і сьпіць у будане, і дзіда ягоная ўбітая ў зямлю каля галавы ягонай, а Абнэр і народ сьпяць вакол яго.
Авэса сказаў Давіду: аддаў сёньня Бог ворага твайго ў рукі твае; дык вось, дазволь я прыкалю яго дзідай да зямлі адным ударам і не паўтару ўдару.
І сказаў Абішай Давіду: «Сёньня Бог аддае ворага твайго ў рукі твае. Цяпер дазволь, і я прыб’ю яго дзідаю да зямлі раз, і другі ўжо раз ня будзе патрэбы».
Але Давід сказаў Авэсу: не забівай яго; бо хто, падняўшы руку на памазанца Гасподняга, застанецца непакараны?
І сказаў Давід Абішаю: «Не забівай яго, бо ці ж можа быць невінаваты той, хто падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА?»
І сказаў Давід: жывы Гасподзь! няхай уразіць яго Гасподзь, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэ, альбо пойдзе на вайну і загіне; а мне хай не дазволіць Гасподзь падняць руку маю на памазанца Гасподняга;
І сказаў Давід: «Як жывы ГОСПАД, ГОСПАД пакарае яго, або прыйдзе дзень ягоны і ён памрэ, або ён загіне, пайшоўшы на вайну.
а вазьмі ягоную дзіду, якая каля галавы ягонай, і посуд з вадою, і пойдзем да сябе.
Няхай захавае мяне ГОСПАД, каб я падняў руку сваю на памазанца ГОСПАДАВАГА. А цяпер вазьмі дзіду, што каля галавы ягонай і гляк з вадою, і пойдзем».
І ўзяў Давід дзіду і посуд з вадою каля галавы Саўла, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, а ўсе спалі, бо сон ад Госпада напаў на іх.
І ўзяў Давід дзіду і гляк з вадою, якія былі каля галавы Саўла, і яны пайшлі. І ніхто іх ня бачыў, і ніхто ня ведаў, і ніхто не прачнуўся, бо ўсе спалі покатам, бо сон ад ГОСПАДА зыйшоў на іх.
І перайшоў Давід на другі бок і стаў на вяршыні гары ўдалечыні; вялікая адлегласьць была паміж імі.
І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на вяршыні гары здалёк, і быў вялікі прастор між імі.
І заклікаў Давід народ і Авэніра, сына Ніравага, кажучы: адказвай, Авэнір. І адказваў Авэнір і сказаў: хто ты, што крычыш і турбуеш цара?
І закрычаў Давід да людзей [Саўла] і да Абнэра, сына Нэра, кажучы: «Абнэр, чаму не адказваеш?» І адказаў Абнэр, і сказаў: «Хто ты? Чаму ты клічаш валадара?»
І сказаў Давід Авэніру: ці ня ты мужчына, роўнага якому няма ў Ізраілі? Чаму ж ты не ахоўваеш гаспадара твайго, цара? бо прыходзіў нехта зь людзей, каб загубіць цара, гаспадара твайго.
І сказаў Давід Абнэру: «Ці ты не мужчына? І хто зраўняецца з табой у Ізраілі? Дык чаму ты не пільнаваў гаспадара свайго, валадара? Бо нехта з народу ўваходзіў, каб забіць валадара, гаспадара твайго.
Нядобра ты гэта робіш; жывы Гасподзь! вы вартыя сьмерці за тое, што не ахоўваеце гаспадара вашага, памазанца Гасподняга. Паглядзі, дзе дзіда царовая і посуд з вадою, што былі каля галавы ягонай?
Нядобра тое, што ты зрабіў. Як жывы ГОСПАД! Заслужыліся вы на сьмерць, бо не пільнавалі гаспадара свайго, памазанца ГОСПАДАВАГА. І цяпер паглядзі, дзе дзіда валадара і дзе гляк з вадою, што стаяў каля галавы ягонай?»
І пазнаў Саўл голас Давідаў і сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І сказаў Давід: мой голас, гаспадару мой, цару.
І пазнаў Саўл голас Давіда, і сказаў: «Ці гэта голас твой, сыне мой Давід?» І Давід сказаў: «Гэта голас мой, гаспадару мой, валадар».
І сказаў: за што гаспадар мой перасьледуе раба свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руцэ маёй?
І сказаў: «Чаму гаспадар мой перасьледуе слугу свайго? Што я зрабіў? Ці ёсьць што ліхое ў руцэ маёй?
І сёньня няхай выслухае гаспадар мой, цар, слова раба свайго: калі Гасподзь узбудзіў цябе супроць мяне, дык хай гэта будзе ад цябе духмянаю ахвяраю; а калі — сыны чалавечыя, дык пракляты яны прад Госпадам, бо яны выгналі мяне сёньня, каб не належаць мне да спадчыны Госпада, кажучы: ідзі, служы багам чужым.
І цяпер няхай паслухае гаспадар мой, валадар, словы слугі свайго. Калі ГОСПАД намовіў цябе супраць мяне, няхай будзе Яму прыемны пах ахвяры. Але калі сыны чалавечыя [намовілі цябе], няхай будуць яны праклятыя перад абліччам ГОСПАДА, бо яны выгналі мяне сёньня, каб я ня меў часткі ў спадчыне ГОСПАДА, кажучы: “Ідзі і служы багам чужым”.
Хай жа не пральецца кроў мая на зямлю прад абліччам Госпада: бо цар Ізраілеў выйшаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапаткаю па гарах.
І цяпер няхай кроў мая ня будзе вылітая на зямлю далёка ад ГОСПАДА. Бо валадар Ізраіля выйшаў, каб шукаць адну блыху, як палююць у гарах на курапатку».
І сказаў Саўл: зграшыў я; вярніся, сыне мой Давідзе, бо я ня буду больш чыніць табе зла, бо душа мая была дарагая сёньня ў вачах тваіх; неразумна рабіў я і многа грашыў.
І сказаў Саўл: «Саграшыў я. Вярніся, сыне мой Давід, бо ўжо ніколі больш не зраблю табе крыўды, за тое, што дарагая была сёньня ў вачах тваіх душа мая. Вось, я быў неразумны, шмат разоў памыляўся».
І адказваў Давід і сказаў: вось дзіда царовая; няхай адзін хлопчык прыйдзе і возьме яе;
І адказаў яму Давід, і сказаў: «Вось дзіда валадара. Няхай пяройдзе хто з юнакоў і возьме яе.
і хай дасьць Гасподзь кожнаму паводле праўды ягонай і паводле ісьціны ягонай, бо Гасподзь аддаваў цябе ў рукі мае, але я не захацеў падняць рукі маёй на памазанца Гасподняга;
А ГОСПАД аднагародзіць кожнаму паводле праведнасьці ягонай і вернасьці ягонай. Аддаў цябе сёньня ГОСПАД у рукі мае, але я не хацеў выцягнуць рукі маёй на памазанца ГОСПАДАВАГА.
і няхай, як каштоўнае было жыцьцё тваё сёньня ў вачах маіх, так цэніцца маё жыцьцё ў вачах Госпада, і хай выбавіць мяне з усякай бяды!
І як каштоўнай была душа твая ў вачах маіх, так няхай каштоўнай будзе душа мая ў вачах ГОСПАДА, і няхай абароніць Ён мяне ад усякага прыгнёту».
І сказаў Саўл Давіду: дабраславёны ты, сыне мой Давідзе; і дзею ўчыніш, і пераадолець пераадолееш. І пайшоў Давід сваёй дарогаю, а Саўл вярнуўся ў сваё месца.
І сказаў Саўл Давіду: «Дабраслаўлёны ты, сыне мой Давід, бо ўсё, што будзеш рабіць, зробіш, і будзеш мець посьпех». І Давід пайшоў дарогай сваёй, а Саўл вярнуўся на месца сваё.