1 царстваў 19 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І казаў Саўл Ёнатану, сыну свайму, і ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда. Але Ёнатан, сын Саўлаў, вельмі любіў Давіда.
І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх паслугачоў сваіх, каб забілі Давіда; але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.
І паведаміў Ёнатан Давіду, кажучы: бацька мой Саўл спрабуе забіць цябе; дык вось, асьцерагайся заўтра; схавайся і будзь у патайным месцы;
І перасцерагаў Ёнатан Давіда, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе; таму сцеражыся, прашу, раніцою, і схавайся, і не паказвайся.
а я выйду і стану каля бацькі майго на полі, дзе ты будзеш, і пагавару пра цябе з бацькам маім, і што ўбачу, раскажу табе.
А я пайду і стану каля бацькі майго ў полі, дзе ты будзеш; і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і, што ўбачу, раскажу табе».
І сказаў Ёнатан добрае пра Давіда Саўлу, бацьку свайму, і сказаў яму: хай ня грэшыць цар супроць раба свайго Давіда, бо ён нічым не зграшыў супроць цябе, і дзеі ягоныя вельмі карысныя табе;
І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму, Саўлу, пра Давіда, і казаў яму: «Хай не грашыць цар на Давіда, паслугача свайго, бо нічым ён не зграшыў перад табою і ўчынкі яго для цябе вельмі добрыя.
ён унебясьпечваў душу сваю, каб пабіць Філістымляніна; і Гасподзь учыніў вялікае выратаваньне ўсяму Ізраілю; ты бачыў гэта і радаваўся; навошта ж ты хочаш зграшыць супроць невінаватай крыві і забіць Давіда бяз прычыны?
І ён выстаўляў на смерць жыццё сваё, і забіў філістынца, і Госпад даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю; ты сам бачыў гэта і цешыўся: такім чынам, чаму ты грашыш супраць нявіннай крыві, хочучы забіць Давіда, які не мае віны?»
І паслухаў Саўл голасу Ёнатана і запрысягнуўся Саўл: жывы Гасподзь, Давід не памрэ.
Калі гэта Саўл выслухаў, ён, улагоджаны словамі Ёнатана, пакляўся: «Госпад жыве, не будзе ён забіты».
І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму Ёнатан усе словы гэтыя, і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і ён быў пры ім, як учора і заўчора.
І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы; і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і застаўся ён у яго, як было ўчора і заўчора.
Зноў пачалася вайна, і выйшаў Давід, і ваяваў зь Філістымлянамі, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і яны пабеглі ад яго.
Зноў жа пачалася вайна, і пайшоў Давід ваяваць супраць філістынцаў, і ўдарыў іх вялікай плягаю; і яны ўцякалі ад яго.
І ліхі дух ад Бога напаў на Саўла, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда была ў руцэ ў яго, а Давід іграў рукою сваёю на струнах.
І сышоў на Саўла ліхі дух, спасланы Госпадам; а сядзеў ён у доме сваім і трымаў дзіду, Давід жа граў рукою сваёю.
І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы.
І задумаў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сцяны; і Давід ухіліўся ад Саўла, а дзіда, не скалечыўшы яго, убілася ў сцяну. І Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч.
І паслаў Саўл слуг у дом да Давіда, каб падпільнаваць яго і забіць да раніцы. І сказала Давіду Мэлхола, жонка ягоная: калі ты ня выратуеш душы тваёй у гэтую ноч, дык заўтра будзеш забіты.
Тады паслаў Саўл паслугачоў сваіх у дом Давіда, каб сачылі за ім і забілі раніцай. І калі паведаміла аб гэтым Давіду Міхол, жонка яго, кажучы: «Калі не ўсцеражэшся ў гэтую ноч, заўтра будзеш забіты», —
І спусьціла Мэлхола Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк і ўратаваўся.
спусціла яна яго праз акно. А ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.
А Мэлхола ўзяла статую і паклала яе на ложак, а ў галавах у яе паклала казіную скуру, і накрыла вопраткай.
А Міхол узяла хатняга балвана, і паклала яго на ложак; і пад галаву яго падклала шарсцістую казіную поўсць; і накрыла яго плашчом.
І паслаў Саўл слуг, каб узяць Давіда; але Мэлхола сказала: ён хворы.
Саўл жа паслаў паслугачоў, каб узялі Давіда, і ім сказала, што ён хворы.
І паслаў Саўл слуг, каб агледзець Давіда, кажучы: прынясеце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго.
І паслаў Саўл зноў паслугачоў, каб наведалі Давіда, кажучы ім: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».
І прыйшлі слугі, і вось, на пасьцелі статуя, а ў галавах у яе казіная скура.
І калі прыйшлі паслугачы, яны знайшлі балвана на ложку і скуру казіную на месцы галавы яго.
Тады Саўл сказаў Мэлхоле: дзеля чаго ты так ашукала мяне і адпусьціла ворага майго, каб ён уцёк? І сказала Мэлхола Саўлу: ён сказаў мне: адпусьці мяне, інакш я заб’ю цябе.
Дык сказаў Саўл Міхол: «Чаму ты так падманула мяне і выпусціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхол адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусці мяне, бо інакш заб’ю цябе”».
І ўцёк Давід і ўратаваўся, і прыйшоў да Самуіла ў Раму і расказаў яму ўсё, што зрабіў зь імі Саўл. І пайшоў ён з Самуілам, і спыніліся яны ў Наваце.
А Давід уратаваўся ўцёкамі, і дабраўся да Самуэля ў Раме, і расказаў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.
І данесьлі Саўлу, кажучы: вось, Давід у Наваце, у Раме.
А Саўлу паведамілі, кажучы: «Вось, Давід у Наёце ў Раме».
І паслаў Саўл слуг узяць Давіда, і калі ўбачылі яны гурт прарокаў, што прарочылі, і Самуіла, які начальнічаў над імі, дык Дух Божы сышоў на слуг Саўла, і яны пачалі прарочыць.
Такім чынам, паслаў Саўл паслугачоў, каб схапілі Давіда. Калі яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, сышоў на іх Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць.
Данесьлі пра гэта Саўлу, і ён паслаў іншых слуг, але і гэтыя пачалі прарочыць. Потым паслаў Саўл трох слуг, і гэтыя пачалі прарочыць.
Калі паведамілі пра гэта Саўлу, зноў паслаў ён іншых пасланцоў, але і яны прарочылі. І зноў паслаў Саўл трэціх пасланцоў, але яны таксама прарочылі
Саўл сам пайшоў у Раму, і дайшоў да вялікай крыніцы, што ў Сэфе, і спытаўся, кажучы: дзе Самуіл і Давід? І сказалі: вось, у Наваце, у Раме.
І нават ён сам выбраўся ў Раму і дайшоў аж да вялікага вадаёма, які ў Соха; і пытаўся ён і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» Сказалі яму: «Яны ў Наёце ў Раме».
І пайшоў ён туды ў Нават у Раме, і на яго сышоў Дух Божы, і ён ішоў і прарочыў, пакуль ня прыйшоў у Нават у Раме.
І пайшоў ён адтуль у Наёт у Раме; і Дух Божы сышоў на яго таксама, і ён ішоў, пачынаючы прарочыць, пакуль не дайшоў у Наёт у Раме.
І зьняў ён вопратку сваю, і прарочыў перад Самуілам, і ўвесь дзень той і ўсю ноч ляжаў неапрануты; таму кажуць: няўжо і Саўл у прароках?
І нават зняў ён з сябе адзенне сваё і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем; і ўпаў, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч, адтуль і пайшла прымаўка: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»