1 царстваў 19 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гукаў Саўла Ёнафану, сыну свайму, а ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда; але Ёнафан Саўлянок прыяў Давіду.
 
І намаўляў Саўл Ёнатана, сына свайго, і ўсіх паслугачоў сваіх, каб забілі Давіда; але Ёнатан, сын Саўла, вельмі любіў Давіда.

І абясьціў Ёнафан Давіду, кажучы: «Шукае ацец мой Саўла, забіць цябе; дык, вось, цяпер сьцеражыся ж нараніцы; сядзі ў схове і схавайся.
 
І перасцерагаў Ёнатан Давіда, кажучы: «Саўл, бацька мой, хоча забіць цябе; таму сцеражыся, прашу, раніцою, і схавайся, і не паказвайся.

А я выйду й стану ля айца свайго на полю, ідзе ты будзеш, і пагутару празь цябе айцу свайму, і, што абачу, скажу табе».
 
А я пайду і стану каля бацькі майго ў полі, дзе ты будзеш; і буду гаварыць пра цябе бацьку майму, і, што ўбачу, раскажу табе».

І гукаў Ёнафан праз Давіда добрае Саўлу, айцу свайму, і сказаў яму: «Хай ня ізгрэша кароль супроці слугі свайго Давіда, бо ён нічым не ізграшыў супроці цябе, і справы ягоныя вельма добрыя табе:
 
І гаварыў Ёнатан добрае бацьку свайму, Саўлу, пра Давіда, і казаў яму: «Хай не грашыць цар на Давіда, паслугача свайго, бо нічым ён не зграшыў перад табою і ўчынкі яго для цябе вельмі добрыя.

Ён паддаваў у небясьпечнасьць душу сваю, і паразіў Пілішчаніна, і СПАДАР учыніў вялікае выбаўленьне ўсяму Ізраелю; ты бачыў і цешыўся; чаму ж ты хочаш ізграшыць супроці нявіннае крыві, каб зрабіць сьмерць Давіду бяз прычыны?»
 
І ён выстаўляў на смерць жыццё сваё, і забіў філістынца, і Госпад даў вялікую перамогу ўсяму Ізраэлю; ты сам бачыў гэта і цешыўся: такім чынам, чаму ты грашыш супраць нявіннай крыві, хочучы забіць Давіда, які не мае віны?»

І паслухаў Саўла голасу Ёнафановага, і прысяг Саўла: «Жыў СПАДАР! не памрэць».
 
Калі гэта Саўл выслухаў, ён, улагоджаны словамі Ёнатана, пакляўся: «Госпад жыве, не будзе ён забіты».

І гукнуў Ёнафан Давіда, і паведаміў яму Ёнафан усі словы гэтыя, і прывёў Ёнафан Давіда да Саўлы, і ён быў пры ім, як учорах а заўчора.
 
І паклікаў Ёнатан Давіда, і пераказаў яму ўсе гэтыя словы; і прывёў Ёнатан Давіда да Саўла, і застаўся ён у яго, як было ўчора і заўчора.

І ўзноў пачалася вайна, і вышаў Давід, і вышаў зь Пілішчанмі, і паразіў іх вялікаю паразаю, і яны ўцяклі ад яго.
 
Зноў жа пачалася вайна, і пайшоў Давід ваяваць супраць філістынцаў, і ўдарыў іх вялікай плягаю; і яны ўцякалі ад яго.

І быў ліхі дух ад Бога на Саўлу, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда ягоная была ў руццэ ў яго, а Давід граў рукою сваёю.
 
І сышоў на Саўла ліхі дух, спасланы Госпадам; а сядзеў ён у доме сваім і трымаў дзіду, Давід жа граў рукою сваёю.

І шукаў Саўла прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адхінуўся ад Саўлы, і дзіда выцяла ў сьцяну; Давід жа ўцёк і ўратаваўся тае ночы.
 
І задумаў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сцяны; і Давід ухіліўся ад Саўла, а дзіда, не скалечыўшы яго, убілася ў сцяну. І Давід уцёк і ўратаваўся ў тую ноч.

І паслаў Саўла слугаў да дому да Давіда, каб сьцерагчы яго й забіць нараніцы. І сказала Давіду Міхала, жонка ягоная, кажучы: «Калі ты не ўратуеш душы свае гэтае ночы, то заўтра будзеш забіты».
 
Тады паслаў Саўл паслугачоў сваіх у дом Давіда, каб сачылі за ім і забілі раніцай. І калі паведаміла аб гэтым Давіду Міхол, жонка яго, кажучы: «Калі не ўсцеражэшся ў гэтую ноч, заўтра будзеш забіты», —

І ўзяла Міхала абразы, і палажыла іх у ложак, і палажыла падушку з казінае поўсьці на ўзгалоўе, і накрыла адзежаю.
 
спусціла яна яго праз акно. А ён пайшоў, і ўцёк, і быў уратаваны.

І спусьціла Міхала Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк, і ўратаваўся.
 
А Міхол узяла хатняга балвана, і паклала яго на ложак; і пад галаву яго падклала шарсцістую казіную поўсць; і накрыла яго плашчом.

І паслаў Саўла слугаў, узяць Давіда, але сказала: «Ён хворы».
 
Саўл жа паслаў паслугачоў, каб узялі Давіда, і ім сказала, што ён хворы.

І паслаў Саўла слугаў, агледзець Давіда, кажучы: «Прынясіце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго».
 
І паслаў Саўл зноў паслугачоў, каб наведалі Давіда, кажучы ім: «Прынясіце да мяне яго ў ложку, каб я забіў яго».

І прышлі пасланцы, і вось, у ложку абразы з падушкаю з казінае поўсьці на ўзгалоўю.
 
І калі прыйшлі паслугачы, яны знайшлі балвана на ложку і скуру казіную на месцы галавы яго.

І Саўла сказаў Міхале: «Чаму ты ашукала мяне і адпусьціла злосьніка майго, каб ён уцёк?» І сказала Міхала Саўлу: «Ён сказаў імне: "Адпусьці мяне, нашто імне забіць цябе?"»
 
Дык сказаў Саўл Міхол: «Чаму ты так падманула мяне і выпусціла ворага майго, каб ён мог уцячы?» Міхол адказала Саўлу: «Бо ён сказаў мне: “Пусці мяне, бо інакш заб’ю цябе”».

І ўцёк Давід, і ўратаваўся, і прышоў да Самуйлы да Рамы, і сказаў яму ўсе, што ўчыніў яму Саўла. І пайшоў ён із Самуйлам, і жылі яны ў Наёфе.
 
А Давід уратаваўся ўцёкамі, і дабраўся да Самуэля ў Раме, і расказаў яму ўсё, што зрабіў яму Саўл. І пайшлі адтуль ён і Самуэль, і затрымаліся ў Наёце.

І наказалі Саўлу, кажучы: «Вось, Давід у Наёфе ў Раме».
 
А Саўлу паведамілі, кажучы: «Вось, Давід у Наёце ў Раме».

І паслаў Саўла слугаў сваіх, узяць Давіда, і абачылі яны груд прарокаў праракаючых, і Самуйла на чале іх, і быў на слутах Саўлавых Дух Божы, і праракалі таксама й яны.
 
Такім чынам, паслаў Саўл паслугачоў, каб схапілі Давіда. Калі яны ўбачылі грамаду прарокаў, якія прарочылі, і Самуэля на чале іх, сышоў на іх Дух Божы, і яны таксама пачалі прарочыць.

Наказалі Саўлу, і ён паслаў іншых пасланцоў, і праракалі таксама й гэтыя. І паслаў Саўла слугаў яшчэ трэйцім наваратам, і праракалі таксама й гэтыя.
 
Калі паведамілі пра гэта Саўлу, зноў паслаў ён іншых пасланцоў, але і яны прарочылі. І зноў паслаў Саўл трэціх пасланцоў, але яны таксама прарочылі

І пайшоў таксама ён да Рамы, і дайшоў да вялікага вадазбору, каторы ў Сэсе, і папытаўся, кажучы: «Ідзе Самуйла а Давід?» І сказалі: «Вось, у Наёфе ў Раме».
 
І нават ён сам выбраўся ў Раму і дайшоў аж да вялікага вадаёма, які ў Соха; і пытаўся ён і сказаў: «Дзе Самуэль і Давід?» Сказалі яму: «Яны ў Наёце ў Раме».

І пайшоў ён туды да Наёфу ў Раме, і быў на ім, таксама на ім, Дух Божы, і ён пайшоў, ідучы й праракаючы, пакуль ня прышоў да Наёфу ў Раме.
 
І пайшоў ён адтуль у Наёт у Раме; і Дух Божы сышоў на яго таксама, і ён ішоў, пачынаючы прарочыць, пакуль не дайшоў у Наёт у Раме.

І зьняў ён, таксама ён, адзецьці свае, і праракаў таксама ён перад Самуйлам, і паўшы, быў голы ўвесь тый дзень і ўсю ноч; затым кажуць: «Няго ж і Саўла ў прароках?»
 
І нават зняў ён з сябе адзенне сваё і разам з іншымі прарочыў перад Самуэлем; і ўпаў, і ляжаў голы ўвесь дзень і ноч, адтуль і пайшла прымаўка: «Ці ж і Саўл між прарокаў?»