1 царстваў 12 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І сказаў Самуйла ўсяму Ізраелю: «Вось, я паслухаў голасу вашага ў вусім, што вы гукалі імне, і пастанавіў над вамі караля.
 
І Самуэль прамовіў да ўсяго Ізраэля: «Вось, выслухаў я прамову вашу адносна ўсяго, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі цара;

І вось, кароль ходзе перад вамі. А я застараўся а пасівеў; і сыны мае, вось, яны з вамі. Я ж хадзіў перад вамі ад хлапецтва аж дагэтуль.
 
і цяпер узначальвае вас цар. А я ўжо пастарэў і пасівеў; а сыны мае застаюцца з вамі. Такім чынам, хадзіў я перад вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень.

Вось я; сьветчыце на мяне перад СПАДАРОМ а перад памазанцам Ягоным: чыйго вала я ўзяў, і чыйго асла я ўзяў, і каго ўкрыўдзіў, каго ўціснуў альбо ўзяў выкуп і схаваў свае вочы ад яго, — і я зьвярну вам».
 
Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад Госпадам і перад Яго памазаннікам; можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, з рукі каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы свае на яго справу? Калі так, аддам вам».

І адказалі: «Ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас, ня ўзяў ад рукі кагось нічагусенькі».
 
І яны адказалі: «Не прыгнятаў ты нас і не крыўдзіў, і нічога не ўзяў ні з чыёй рукі».

І сказаў ён ім: «Сьветка на вас СПАДАР, і сьветка памазанец Ягоны сядні, што вы не знайшлі нічога за імною». І сказаў люд: «Сьветка».
 
І ён казаў ім: «Хай Госпад будзе сведкам супраць вас і памазаннік Яго ў гэты дзень хай будзе сведкам, бо не знайшлі вы ў руцэ маёй нічога». І яны сказалі: «Ён сведка».

І сказаў Самуйла люду: «СПАДАР ё Тый, Каторы пастанавіў Масея а Аарона і Каторы ўзьвёў бацькоў вашых ізь зямлі Ягіпецкае.
 
І сказаў Самуэль народу: «Сведка — Госпад, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай.

Цяпер жа станьце, і я буду прававацца з вамі перад СПАДАРОМ за ўсі справядлівасьці СПАДАРОВЫ, што зьдзеяў Ён із вамі й з бацькамі вашымі.
 
Такім чынам, цяпер падыдзіце, каб я судзіўся з вамі перад Госпадам адносна міласэрнасці Госпада, якою Ён абдарыў вас і бацькоў вашых:

Як прышоў Якаў да Ягіпту, і загаласілі бацькі вашыя да СПАДАРА, то паслаў СПАДАР Масея а Аарона, і яны вывялі бацькоў вашых ізь Ягіпту, і асялілі іх на месцу гэтым.
 
як перабраўся Якуб у Егіпет, і прыціскалі іх егіпцяне, і прызывалі бацькі вашыя Госпада, і Госпад паслаў Майсея і Аарона, і вывеў бацькоў вашых з Егіпта і пасяліў іх у гэтым месцы;

Але яны забыліся СПАДАРА, Бога свайго, і Ён аддаў іх у руку Сысэры, вайводцы Гацорскага, і ў руку Пілішчан, і ў руку караля Моаўскага, і яны ваявалі зь імі.
 
яны забыліся пра Госпада, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісары, кіраўніка войска Асора, і ў рукі філістынцаў, і ў рукі цара Мааба, і яны ваявалі супраць іх.

І загаласілі яны да СПАДАРА, і сказалі: "Ізграшылі мы, бо пакінулі СПАДАРА й служылі Ваалам а Астартам; і цяпер выбаў нас ад рукі варагоў нашых, і мы будзем служыць Табе";
 
А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.

І паслаў СПАДАР Еруваала а Бедана а Еффага а Самуйлу, і выбавіў вас ад рукі варагоў вышых навокал, і вы жылі бясьпечна.
 
І паслаў Госпад Ерабаала, і Барака, і Яфтаха, і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола; і жылі вы спакойна.

Але, абачыўшы, што Нагаш, кароль Амонскі, прышоў супроці вас, вы сказалі імне: "Не, кароль хай гаспадарствуе ў нас", прымеж тога СПАДАР, Бог ваш, — кароль ваш.
 
Бачачы ж, што Наас, цар сыноў Амона, прыйшоў на вас, сказалі вы мне: “Не трэба, але хай цар валодае намі!” — а ўсё ж такі Госпад, Бог ваш, цараваў сярод вас.

Дык во кароль, каторага вы абралі, каторага вы вьмагалі, вось, СПАДАР даў над вамі караля.
 
Дык вы маеце цяпер цара свайго, якога вы выбралі і дамагліся; вось, Госпад даў вам цара.

Калі будзеце баяцца СПАДАРА, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце працівіцца вуснам СПАДАРОВЫМ, то будзеце й вы, і кароль ваш, што гаспадарствуе ў вас, хадзіць за СПАДАРОМ, Богам вашым.
 
Калі вы будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, і не пагардзіце словам Госпада, то будзеце і вы, і цар, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым.

А калі ня будзеце слухаць голасу СПАДАРОВАГА, і будзеце працівіцца вуснам СПАДАРОВЫМ, то будзе рука СПАДАРОВА супроці вас і супроці бацькоў вашых.
 
А калі не будзеце слухаць голас Госпада, але пагардзіце словам Госпадавым, то рука Госпада будзе супраць вас і супраць цара вашага, каб знішчыць вас.

Цяпер станьце й гляньце на справу вялікую, каторую СПАДАР учыне перад ачыма вашымі.
 
Але і цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую мае зрабіць Госпад перад вамі.

Ці ня жніво пшонкі цяпер? Але я загукаю да СПАДАРА, і дасьць Ён грымоты а дождж, і пазнаеце і абачыце, якое вялікае ваша ліха, каторае вы зрабілі перад ачыма СПАДАРА, просячы сабе караля».
 
Ці ж не сёння жніво пшаніцы? Я паклічу Госпада, і Ён дасць грымоты і дождж; і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусціліся вы вялікага зла перад Госпадам, дамагаючыся сабе цара».

І загукаў Самуйла да СПАДАРА, і даў СПАДАР грымоты а дождж таго дня; і ўлякаўся вельма ўвесь люд СПАДАРА а Самуйлы.
 
І прызываў Самуэль Госпада, і даў Госпад грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ Госпада і Самуэля,

І сказаў увесь люд Самуйлу: «Памаліся за слугаў сваіх СПАДАРУ, Богу свайму, каб не памерці нам; бо дадалі мы да ўсіх грахоў нашых ліха, як прасілі сабе караля».
 
і прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за паслугачоў сваіх да Госпада, Бога твайго, каб мы не паўміралі: далучылі бо мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і тое зло, што прасілі сабе цара».

І сказаў Самуйла люду: «Ня бойцеся, вы зрабілі ўсе гэта ліха, але не адступайце йсьці за СПАДАРОМ, і служыце СПАДАРУ ўсім сэрцам сваім,
 
І сказаў Самуэль народу: «Не бойцеся! Вы дапусціліся гэтага ліха, але не пакідайце Госпада і служыце Яму ўсім сэрцам сваім.

І не адхінайцеся на бок, бо пайшлі б за пусьцінёй, каторая ня дасьць карысьці й ня выбаве, бо яна — пусьціня.
 
Не адхіляйцеся за марнасцямі, якія не дапамогуць вам і не выратуюць вас, бо яны марнасць;

Бо не пакіне СПАДАР люду Свайго дзеля вялікага імені Свайго, бо зьлюб было СПАДАРУ зрабіць вас Сабе людам.
 
не пакіне Госпад народ Свой дзеля вялікага імя Свайго, бо ўдастоіў Госпад зрабіць вас Сваім народам.

Таксама і я, крый Божа, каб ізграшыць перад СПАДАРОМ, перастаць маліцца за вас, і я буду наўчаць вас дарогі добрае а простае.
 
Хай жа не будзе ў мяне гэтага граху перад Госпадам, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас добрай і простай дарозе.

Адно бойцеся СПАДАРА й служыце Яму ў праўдзе з усёга сэрца свайго, бо глядзіце, якія вялікія ўчынкі Ён зрабіў із вамі.
 
Такім чынам, бойцеся Госпада і служыце Яму ў праўдзе і ўсім сэрцам вашым; бо вы бачылі вялікія справы, якія Ён зрабіў вам.

Калі ж вы будзеце штачасна рабіць ліха, то й вы й кароль ваш загінеце».
 
А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і цар ваш разам».