1 царстваў 18 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Як скончыў гутарыць із Саўлам, то душа Ёнафанова зьвязалася з душою Давідавай, і палюбіў яго Ёнафан, як сваю душу.
І сталася, калі Давід скончыў размову з Саўлам, што душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.
І ўзяў яго Саўла таго дня, і ня даў яму зьвярнуцца да дому айца ягонага.
І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе і не адпускаў яго, каб ён вярнуўся ў дом бацькі свайго.
І ўчыніў Ёнафан із Давідам змову, бо палюбіў яго, як душу сваю.
Завязалася ж у Ёнатана з Давідам сяброўства; бо палюбіў ён яго, як сваю душу.
І ськінуў Ёнафан вопратку сваю, каторая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама й адзецьці свае, і аж да мяча свайго, і аж да лука свайго, і аж да пояса свайго.
І зняў з сябе Ёнатан шаты, у якія быў апрануты, і аддаў іх Давіду, і астатняе адзенне сваё, і нават меч і лук свой, і нават пояс.
І выходзіў Давід, куды яго пасылаў Саўла, і дзеяў разумна, і пастанавіў яго Саўла над ваеннымі людзьмі, і любы быў у вачох усяго люду і таксама ў вачох слугаў Саўлавых.
І хадзіў Давід па ўсё, па што пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў поспех; і паставіў яго Саўл над ваярамі, і падабаўся ён усім людзям, а таксама паслугачам Саўла.
І сталася, як яны йшлі, як Давід зварачаўся ад забіцьця Пілішчаніна, што выходзілі жанкі з усіх местаў Ізраельскіх пяяць а скакаць наўпярэймы каралю Саўлу з бубнамі, зь весялосьцяй і з трыструннымі.
Затым, калі вярталіся ваяры, калі вяртаўся Давід, ударыўшы філістынца, выйшлі жанчыны з песнямі і танцамі насустрач цару Саўлу, з тымпанамі, і песнямі радаснымі, і з трашчоткамі.
І адказавалі граючыя жанкі, і гукалі: «Саўла пабіў свае тысячы, а Давід — дзесяць тысячаў!»
І спявалі жанчыны, радуючыся і кажучы: «Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід свае дзесяткі тысяч».
І Саўла дужа зьнемарасьціўся, і благім было гэтае слова ў ваччу ягоным, і ён сказаў: «Давіду далі дзесяткі тысячаў, а імне тысячы; яму не стаець адно гаспадарства».
Дык Саўл надта ўзлаваўся, і не падабаліся яму гэтыя словы, і сказаў ён: «Давіду даюць дзесяткі тысяч, а мне даюць толькі тысячы; чаго яму не хапае, акрамя царавання?»
І касавурыўся Саўла на Давіда адгэнуль і далей.
Ад таго дня і далей глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.
І сталася назаўтрае, што зышоў ліхі дух ад Бога на Саўлу, і ён праракаў сярод дому, а Давід граў рукою сваёй, як і ў іншыя дні; і дзіда ў руццэ ў Саўлы.
А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, спасланы Богам, і ён шалеў у доме сваім; а Давід, як штодзень, граў рукою сваёю, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.
І пусьціў Саўла дзіду, і сказаў: «Праб’ю Давіда аж да сьцяны». Але адхінуйся Давід двойчы ад яго.
І кінуў ён дзіду, думаючы, што можа прыбіць Давіда да сцяны; але Давід ухіліўся, і было так двойчы.
І баяўся Саўла Давіда, бо СПАДАР быў ізь ім, а ад Саўлы адступіў.
І баяўся Саўл Давіда, бо Госпад быў з ім, а ад яго адвярнуўся.
І аддаліў яго Саўла ад сябе, і пастанавіў яго ў сябе тысячнікам, і ён выходзіў і ўходзіў перад людам.
Дык адсунуў Саўл яго ад сябе і прызначыў яго кіраўніком над тысячай чалавек; і ён хадзіў і вяртаўся на вачах у народа.
І Давід у вусіх дарогах сваіх дзеяў разумна, і СПАДАР ізь ім.
Таксама на ўсіх шляхах сваіх дзейнічаў Давід паспяхова, і Госпад быў з ім.
І бачыў Саўла, што ён дзее вельма разумна, і баяўся яго.
І ўбачыў Саўл, што дзейнічае ён вельмі паспяхова, і стаў дрыжаць перад ім;
А ўвесь Ізраель а Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў і ўходзіў перад імі.
увесь жа народ Ізраэля і Юды любіў Давіда, бо ён хадзіў і вяртаўся на вачах іх.
І сказаў Саўла Давіду: «Во старшая дачка мая, Мерава; я дам табе яе за жонку, адно будзь у мяне харобрым і ваюй войны СПАДАРОВЫ»; бо Саўла гукаў сабе: «Хай не мая рука будзе на ім, а хай будзе на ім рука Пілішчан».
А Саўл сказаў Давіду: «Вось, маю я старэйшую дачку Мэраб, дам яе табе за жонку; але будзь у мяне мужным чалавекам і вядзі войны Госпада». А Саўл думаў, кажучы: «Калі не мая рука на яго ляжа, то хай будзе на ім рука філістынцаў».
І сказаў Давід Саўлу: «Хто я, што жыцьцё маё й род айца майго ў Ізраелю, каб імне быць зяцям каралёвым?»
А Давід сказаў Саўлу: «Хто я, або якое жыццё маё, або які род бацькі майго ў Ізраэлі, каб быць мне зяцем цара?»
І было ў часе адданьня Меравы Саўлішкі за Давіда, і вось, яна аддана Адрыелу Меголяніну за жонку.
Але калі наблізіўся час аддаць Мэраб, дачку Саўла, Давіду, аддадзена была яна за жонку Гадрыэлю з Мэхолы.
І закахалася Міхала Саўлішка ў Давіда; і сказалі Саўлу, і была гэта справа справядлівая ў аччу ягоным.
Але другая дачка Саўла, Міхол, пакахала Давіда, і было пра гэта сказана Саўлу, і спадабалася гэта яму;
І сказаў Саўла: «Аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і будзе на ім рука Пілішчан». І сказаў Саўла Давіду другім наваратам: «Станеш імне зяцям сядні».
і сказаў Саўл: «Аддам яму яе, каб была яна яму на загубу і каб была на ім рука філістынцаў». Такім чынам, другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёння будзеш маім зяцем».
І расказаў Саўла слугам сваім: «Гукайце Давіду цішком: "Вось кароль зычлівы да цябе, і ўсі слугі ягоныя любяць цябе; дык будзь зяцям каралёвым"».
І загадаў Саўл паслугачам сваім: «Пагаварыце з Давідам таемна, кажучы яму: “Вось, ты падабаешся цару, і ўсе яго паслугачы любяць цябе; дык будзь зараз зяцем цара”».
І гукалі слугі Саўлавы ў вушы Давіду ўсі словы гэтыя. І сказаў Давід: «Ціж лёгка здаецца вам быць зяцям каралёвым? я — чалавек бедны а невялічкі».
І гаварылі ўсе гэтыя словы паслугачы Саўла ў вушы Давіда, і Давід сказаў: «Ці ж вам здаецца, што я раўня быць зяцем цара? Я ж чалавек бедны і нязначны».
І сказалі Саўлавы слугі яму, кажучы: «Гэтак казаў Давід».
І паведамілі паслугачы Саўлу: «Вось гэтак сказаў Давід».
І сказаў Саўла: «Гэтак скажыце Давіду: "Кароль ня хоча вена, апрача сту канцавых скуркаў Пілісцкіх, каб памсьціць непрыяцелям каралёвым"». Бо Саўла думаў прычыніць упад Давіда рукамі Пілішчан.
А Саўл сказаў: «Вось, кажучы, так скажыце Давіду: “Цар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто крайніх плоцяў філістынскіх, каб адпомсціць ворагам цара”». Саўл бо думаў выдаць Давіда ў рукі філістынцаў.
І сказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і люба было гэтае слова ў ваччу Давіда стаць зяцям каралёвым. Яшчэ ня мінулі дні,
Калі паслугачы цара пераказалі Давіду словы, якія сказаў Саўл, спадабалася гэтая прамова Давіду, каб стацца зяцем цара.
І ўстаў Давід, і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і паразіў зь Пілішчан дзьвесьце чалавекаў, і прынёс Давід канцавыя скуркі іхныя, і даў іх у поўнай колькасьці каралю, каб стаць зацям каралёвым. І выдаў Саўла за яго Міхалу, дачку сваю, за жонку.
І яшчэ не скончыліся прызначаныя дні, калі Давід пайшоў з ваярамі сваімі і забіў дзвесце філістынцаў, і прынёс крайнія плоці іх, і адлічыў іх цару, каб быць яго зяцем. І аддаў Саўл дачку сваю Міхол за жонку яму.
І абачыў Саўла, і пазнаў, што СПАДАР із Давідам, дый Міхала Саўлішка любіла яго.
І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што Госпад ёсць з Давідам, а Міхол, дачка Саўла, кахала яго.
І яшчэ болей баяўся Саўла Давіда, і стаў Саўла непрыяцелям Давіда на ўсі дні.
І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда; і стаўся Саўл ворагам Давіду на ўсё жыццё.
І выходзілі князі Пілісцкія; і было кажнага разу, як яны выходзілі, што Давід дзеяў разумней за ўсіх слугаў Саўлавых, і стала дарагім імя ягонае.
А кіраўнікі філістынцаў выходзілі ваяваць; але колькі разоў нападалі яны, Давід з поспехам перамагаў іх лепш, чым усе паслугачы Саўла, і вельмі слаўным сталася імя яго.