1 царстваў 20 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Давід уцёк із Наёфу ў Раме, і прышоў, і сказаў перад Ёнафаном: «Што зрабіў я, у чым баяспраўе мае, чым ізграшыў я перад айцом тваім, што ён шукае душы мае?»
А Давід уцёк з Наёта ў Раме, і дабраўся да Ёнатана, і сказаў яму: «Што я зрабіў, у чым мая віна і чым я зграшыў адносна бацькі твайго, што цікуе ён на маё жыццё?»
І сказаў яму: «Не, Крый Божа! ты не памрэш; вось, ня робе айцец мой ані вялікага, ані малога, не адкрыўшы вуху майму; нашто ж бы хаваў айцец мой ад мяне гэта? Гэтага ня будзе».
Ёнатан адказаў яму: «Не будзе гэтага, ты не памрэш; бо бацька мой не вырашае анічога важнага або няважнага, калі перш не параіцца са мною: такім чынам, навошта гэта ўтойваў бы ён ад мяне? Ніколі не будзе гэтага».
І прысягаў яшчэ Давід, і казаў: «Айцец твой добра ведае, што я знайшоў прыязьньства ў ваччу тваім, і затым кажа сам сабе: "Хай ня ведае праз гэта Ёнафан, каб ня немарасьціўся"; але жыў СПАДАР і жыва душа твая! адно адзін сігень памеж імною й сьмерцю».
І зноў Давід адказаў і казаў: «Напэўна, ведае бацька твой, што ты да мяне спагадны, і сказаў: “Хай не даведаецца пра гэта Ёнатан, каб не сумаваў ён”. Але жыве Госпад, і жыве твая душа, бо толькі адзін крок аддзяляе мяне ад смерці».
І сказаў Ёнафан Давіду: «Што кажа душа твая, і я зраблю табе».
І сказаў Ёнатан Давіду: «Што хоча душа твая, каб я зрабіў табе?»
І сказаў Давід Ёнафану: «Вось, заўтра маладзік, і я маю седзьма сядзець із каралём есьці; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полю аж да трэйцяга вечара.
А Давід сказаў Ёнатану: «Вось, заўтра маладзік, і я звычайна павінен сядзець каля цара на банкеце; такім чынам, дазволь мне, каб я схаваўся на полі аж да вечара трэцяга дня.
Як мяне будзе не ставаць, не ставаць айцу твайму, ты скажы: "Давід выпрасіўся, выпрасіўся ў мяне зьбегаць да свайго места Бэтлеему, бо там годняе абраканьне ўсяе радзімы ягонае".
Калі запытаецца бацька твой пра мяне, адкажы яму: “Прасіў мяне Давід, каб хутка пайсці ў Бэтлехэм, у горад свой, бо там уся сям’я яго складае гадавыя ахвяры”.
Калі ён скажа: "Добра", тады супакой слузе твайму; а калі ён надта загневаецца, то ведай, што пастаноўлена ліха ў яго.
Калі ён скажа: “Добра”, — будзе тады супакой паслугачу твайму; а калі разгневаецца, ведай, што нешта ліхое ён вырашыў зрабіць.
Ты ж зрабі ласку слузе свайму; — бо ў змову СПАДАРОВУ ўвёў ты слугу свайго із сабою; — а калі ё ў імне бяспраўе, то зрабі сьмерць ты імне; а нашто табе весьці мяне да айца свайго?»
Такім чынам, акажы міласэрнасць паслугачу свайму, бо ты ўвёў паслугача свайго ў сяброўства з табою; калі ж я ў чым вінаваты, ты забі мяне, але да бацькі свайго не вядзі мяне».
І сказаў Ёнафан: «Крый Божа! ня будзе гэтага з табою: як я даведаюся напэўна, што нягоднае пастанавіў айцец мой узглядам цябе, то нягож я ня прыйду да цябе й не скажу табе праз гэта?»
І сказаў Ёнатан: «Ніякім чынам! Бо, калі сапраўды даведаюся, што бацька мой вырашыў зрабіць табе крыўду, не можа так стацца, каб табе аб гэтым не паведаміў».
І сказаў Давід Ёнафану: «Хто накажа імне, калі айцец твой адкажа табе стродка?»
І Давід адказаў Ёнатану: «Хто паведаміць мне, калі бацька твой часам жорстка адкажа табе?»
І сказаў Ёнафан Давіду: «Ідзі, выйдзем у поле». І вышлі абодва ў поле.
І Ёнатан сказаў Давіду: «Хадзі, выйдзем вонкі, у поле». І калі выйшлі яны ў поле абодва,
І сказаў Ёнафан Давіду: «СПАДАР, Бог Ізраеляў, сьветка, што я заўтра альбо пазаўтра каля гэтага часу выпытаю ў вайца свайго; і калі добры да Давіда, дык я не пашлю да цябе тады й не адкрыю вушом тваім,
кажа Ёнатан Давіду: «Жыве Госпад, Бог Ізраэля, заўтра або паслязаўтра я вызнаю намер бацькі свайго амаль у гэты час, і калі што добрае будзе адносна Давіда, і я не пашлю да цябе адразу ж і не паведамлю табе,
Хай тое а тое зробе СПАДАР ізь Ёнафаном і яшчэ болей зробе! Калі ж айцец мой задумляе зрабіць табе ліха, то я гэта скажу ў вушы твае і адпушчу цябе, і тады йдзі ў супакою: і хай будзе СПАДАР із табою, як быў з айцом маім!
то хай Ёнатану Госпад гэта зробіць і гэта павялічыць. А калі не спыніцца лютасць бацькі майго супраць цябе, то аб гэтым таксама паведамлю табе; адпушчу цябе, каб ты пайшоў у супакоі, і хай Госпад будзе з табою, як Ён быў з бацькам маім.
Але й ты, ды ня толькі, як я яшчэ жыў, зрабі імне ласку СПАДАРОВУ, каб я не памер.
І калі я яшчэ буду жыць, ты акажаш мне міласэрнасць Госпада; а калі я памру,
І не адыймі ласкі свае ад дому майго ва векі, нават і тады, як выгубе СПАДАР варагоў Давідавых, кажнага зь іх ізь віду зямлі».
ты не спыняй міласэрнасці сваёй адносна дому майго навечна; нават тады, калі Госпад выкарчуе ўсіх ворагаў Давіда з зямлі».
І ўчыніў Ёнафан змову з домам Давідавым, кажучы: «Хай спагоне СПАДАР із рук варагоў Давідавых!»
Заключыў Ёнатан сяброўства з домам Давіда, кажучы: «Хай Госпад будзе паведамлены аб справах ворагаў Давіда!»
І ўзноў Ёнафан прысягаў Давіду ў сваёй любові да яго, бо любоўю душы свае любіў яго.
І яшчэ раз Ёнатан прысягнуў Давіду любоўю сваёю; бо ён так палюбіў яго, як сваю душу.
І сказаў Ёнафан: «Заўтра маладзік, і цябе будзе не ставаць, бо ня будзеш на сваім месцу.
І казаў яму Ёнатан: «Заўтра маладзік, і ты звернеш на сябе ўвагу: бо месца тваё будзе пустым.
Затым на трэйці дзень ты борзда спусьціся, і прыйдзеш на тое месца, ідзе хаваўся ты ў дзень таго стацьця, і сядзь ля каменя Азэль.
На трэці дзень ты хутка сыдзі і прыйдзі на тое месца, дзе ты хаваўся раней; і затрымайся каля каменя Эзэл.
А я ў тый бок пушчу тры стрэлы, страляючы ў мэту.
А я пушчу ў яго бок тры стралы і пушчу іх, як быццам страляючы ў метку.
Потым пашлю хлопчыка: "Пайдзі, знайдзі стрэлы"; і калі я голасна скажу хлопчыку: "Во стрэлы ад цябе па гэтым баку, вазьмі іх", то прыйдзі да мяне; бо супакой табе, і няма нічога ліхога, жыў СПАДАР!
Таксама пашлю і паслугача, даючы яму загад: “Ідзі і прынясі мне стрэлы”. Калі скажу паслугачу: “Вось, стрэлы перад табою, вазьмі іх”, — ты прыходзь да мяне, бо супакой табе, і няма нічога благога, жыве Госпад.
Калі ж гэтак скажу хлопчыку: "Вун стрэлы далей ад цябе", то ты адходзь, бо адпушчае цябе СПАДАР.
А калі скажу паслугачу так: “Вось, стрэлы за табой”, — ты ўцякай, бо Госпад пасылае цябе.
А таго, што мы гутарылі, я й ты, вось, СПАДАР памеж імною й табою на векі».
Вось, аб дамоўленасці, якую мы зрабілі, я і ты, хай Госпад будзе між мною і табой навекі».
І схаваўся Давід на полю. І настаў маладзік, і сеў кароль ля ежы абедаць.
Такім чынам, схаваўся Давід на полі; і надышоў маладзік, і цар учыніў застолле.
Кароль сеў на сваім месцу, як кажным разам, на седаве ля сьцяны, і Ёнафан устаў, і Аўнір сеў ля боку Саўлы; і не ставала Давіда на месцу ягоным.
І калі, як звычайна, сядзеў цар на сваім пасадзе каля сцяны, Ёнатан заняў месца насупраць, і Абнэр сядзеў з боку Саўла, і месца Давіда было пустым.
І не сказаў Саўла таго дня нічога, бо падумаў, што так прыгадзілася, што Давід нячысты, не ачысьціўся.
І ў той дзень Саўл нават не ўзгадаў аб ім; думаў бо ён, што, можа, яму што здарылася, што ён нячысты і не ачысціўся.
І сталася назаўтрае, другога дня маладзіка, што не ставала Давіда на месцу ягоным. Саўла сказаў Ёнафану, сыну свайму: «Чаму ня прыходзе Есянок есьці ані ўчора, ані сядні?»
І калі назаўтра, на другі дзень маладзіка, месца Давіда зноў было пустым, сказаў Саўл сыну свайму, Ёнатану: «Чаму сын Ясэя не прыйшоў на застолле ані ўчора, ані сёння?»
І адказаў Ёнафан Саўлу: «Давід выпрасіўся, выпрасіўся ў мяне да Бэтлеему;
І Ёнатан адказаў Саўлу: «Давід вельмі прасіў мяне адпусціць яго ў Бэтлехэм,
Ён казаў: "Адпусьці мяне, калі ласка, бо аброк радзімны ў нас у месьце, і мой брат расказаў імне; дык цяпер, калі я прыдбаў ласку ў ваччу тваім, зьлётаю я й пабачуся з братамі сваімі"; затым ён і ня прышоў да каралеўскага столу».
і ён казаў: “Адпусці мяне, бо ў тым горадзе складаюць ахвяру сямейную і мой брат сам запрасіў мяне, такім чынам, цяпер, калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, я хутка пайду і ўбачу братоў маіх”. З гэтай прычыны не прыйшоў ён да царскага стала».
І дужа загневаўся Саўла на Ёнафана, і сказаў яму: «Сыну крутадушны а бунтоўны! ціж я ня ведаю, што ты абраў сабе Есянка на сорам сабе й на сорам голасьці маці свае?
А Саўл, узлаваўшыся на Ёнатана, сказаў яму: «Ты, сын жанчыны нясталай, ці ж я не ведаю, што ты любіш сына Ясэя на ганьбу сваю і на ганьбу галізны маці сваёй?
Бо ўсі дні, пакуль Есянок будзе жыць на зямлі, не ўмацуешся ты ані каралеўства твае; цяпер жа пашлі й вазьмі яго да мяне, бо ён годны сьмерці».
Бо ва ўсе дні, калі будзе жыць на зямлі сын Ясэя, не ўтрымаешся ты і цараванне тваё; такім чынам, зараз жа пашлі пасланцоў і прывядзі яго да мяне, бо ён сын смерці».
І адказаў Ёнафан Саўлу, айцу свайму, і сказаў яму: «За што забіваць яго? што ён зрабіў?»
Адказваючы ж Саўлу, бацьку свайму, Ёнатан сказаў: «Чаму ён мусіць памерці? Што ён зрабіў?»
Тады Саўла пусьціў дзіду ў яго, каб паразіць яго. І Ёнафан уцяміў, што ацец ягоны пастанавіў забіць Давіда.
І Саўл схапіў дзіду, каб забіць яго, і пераканаўся Ёнатан, што бацька яго вырашыў забіць Давіда.
І ўстаў Ёнафан із застольля ў вялікім гневе, і не абедаў другога дня маладзіка, бо журыўся праз Давіда, і затым што засароміў яго яцец ягоны.
Такім чынам, падняўся Ёнатан ад стала вельмі разгневаны і не еў хлеба ў другі дзень маладзіка, бо трывожыўся дзеля Давіда, таму што бацька яго засмуціў яго.
І было нараніцы, што вышаў Ёнафан у поле, у часе, прызначаным Давіду, і хлопчык малы зь ім.
І калі развіднела, пайшоў Ёнатан на поле, на месца, вызначанае Давідам, а разам з ім малады паслугач.
І сказаў ён хлопчыку: «Бяжы, шукай жа стрэлы, каторыя я выстралю». Хлопчык пабег, а ён пушчаў стрэлы так, што яны ляцелі далей.
І сказаў ён паслугачу свайму: «Ідзі і прынясі мне стрэлы, якія я пушчу». І калі паслугач пабег, ён пусціў стралу цераз паслугача.
І прышоў хлопчык на месца, куды выстраліў Ёнафан; і закрычэў Ёнафан за хлопчыкам, і сказаў: «Ці страла не далей за табою?»
Такім чынам, пайшоў паслугач да месца стралы, якую пусціў Ёнатан, і Ёнатан крыкнуў за спіною паслугача, і сказаў: «Страла далей за табою!»
І закрычэў Ёнафан за хлопчыкам: «Барзьдзей, барзьдзі, ня стой!» І зьбер хлопчык Ёнафаноў стрэлы, і прышоў да свайго спадара.
І закрычаў Ёнатан ззаду за паслугачом: «Хутчэй, паспяшайся, не стой!» Падняў тады паслугач Ёнатана стралу і прынёс да гаспадара свайго,
Хлопчык жа ня ведаў нічога, адно Ёнафан і Давід ведалі, што за справа.
і, што адбывалася, ён зусім не ведаў: бо толькі Ёнатан і Давід разумелі справу.
І аддаў Ёнафан зброю сваю хлопчыку, што быў пры ім, і сказаў яму: «Ідзі, занясі да места».
І аддаў Ёнатан зброю сваю паслугачу, і сказаў яму: «Ідзі, занясі ў горад».
Хлопчык пайшоў, а Давід устаў з паўднявога боку, і паў відам сваім на зямлю, і трэйчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей.
І калі адышоў паслугач, устаў Давід з паўднёвага боку і, упаўшы тварам на зямлю, тры разы пакланіўся; і пацалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, а Давід плакаў уголас.
І сказаў Ёнафан Давіду: «Ідзі ў супакою; а ў чым прысягалі мы абодва імям СПАДАРА, кажучы: "СПАДАР хай будзе меж імною й табою й меж насеньня майго й насеньня твайго", хай будзе на векі».
Такім чынам, сказаў Ёнатан Давіду: «Ідзі ў супакоі; бо мы прысягнулі абодва ў імя Госпада, кажучы: “Госпад будзе між мною і табой, і паміж нашчадкамі маімі і нашчадкамі тваімі адгэтуль і навечна”».
І ўстаў Давід, і пайшоў, Ёнафан жа прышоў да места.
Потым Давід устаў і пайшоў, а Ёнатан вярнуўся ў горад.