1 царстваў 29 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І зьберлі Пілішчане ўсі табары свае ўв Афеку; а Ізраелцы разьлягліся ля жарала, каторае ў Ізрэелю.
 
І сабралі філістынцы ўсе дружыны каля Афэка; але і ізраэльцы расклаліся лагерам каля крыніцы, якая была ў Езрагэлі.

Князі Пілісцкія перайшлі із сотнямі а тысячамі, Давід жа а людзі ягоныя перайшлі ззаду з Ахішам.
 
Да таго ж князі філістынскія стаялі на чале сотняў і тысяч; а Давід са сваімі ваярамі ішоў у апошняй дружыне з Ахісам.

І сказалі князі Пілісцкія: «Што гэта за Гэбрэі?» І сказаў Ахіш князём Пілісцкім: «Хіба гэта не Давід, слуга Саўлаў, караля Ізраельскага, што быў з імною гэтыя дні і нават гэтыя гады, і я не знайшоў у ім нічога з часу яго адпаду аж дагэтуль».
 
І казалі князі філістынскія: «Што гэта за гебраі?» А Ахіс тлумачыў князям філістынскім: «Ці ж гэта не Давід, які быў паслугачом Саўла, цара Ізраэля, і які ўжо шмат дзён і нават гадоў быў у мяне, і я не знайшоў у ім нічога ад дня, у які прыйшоў ён да мяне, аж да гэтага дня?»

І абурыліся на яго князі Пілісцкія, і сказалі яму князі Пілісцкія: «Зьвярні ты гэтага чалавека, хай ён зьвернецца да свайго места, што ты быў прызначыў, хай ня зыходзе з намі на вайну і хай ня будзе нам праціўнікам на вайне. І чым ён можа ўлашчыць спадара свайго, як не галавамі гэтых мужоў?
 
Але загневаліся на яго князі філістынскія і казалі яму: «Хай вернецца гэты чалавек і сядзіць на сваім месцы, дзе пасадзіў ты яго, і хай не ідзе з намі ў бой, каб не стаўся ён нашым ворагам, калі пачнём біцца. Бо якім чынам інакш мог бы ён вярнуць ласку валадара свайго, калі не галовамі гэтых людзей?

Ці гэта ня тый Давід, праз каторага адказавалі ў скоках, кажучы: "Саўла забіў тысячы, а Давід — дзесяткі тысячаў"?»
 
Ці ж гэта не той самы Давід, якому спявалі пры танцах, кажучы: “Пабіў Саўл свае тысячы, а Давід — свае дзесяткі тысяч?”»

І пагукаў Ахіш Давіда, і сказаў яму: «Жыў СПАДАР! ты пасьцівы, і добры ў ваччу маім твой выхад і твой уход з імною ў табару, бо я не знайшоў у цябе ліхога з часу прыходу твайго да мяне аж дагэтуль; але ў вачох князёў ты ня добры.
 
І паклікаў Ахіс Давіда, і сказаў яму: «Жыве Госпад: бо ты праўдзівы, і добры ў маіх вачах твой выхад і тваё вяртанне разам са мною ў лагер, і я не знайшоў у табе нічога благога ад дня, у які ты прыбыў да мяне, аж да гэтага дня. Але князям ты не падабаешся.

Дык цяпер зьвярніся, і йдзі ў супакою, і ня зробіш ліха ў вачох князёў Пілісцкіх».
 
Такім чынам, вярніся і ідзі ў супакоі, і не зневажай вачэй князёў філістынскіх».

І Давід сказаў Ахішу: «Але што я зрабіў, і што ты знайшоў у слузе сваім з тога дня, як я быў перад відам тваім аж дагэтуль, чаму б імне ня йсьці й не ваяваць із варагамі спадара свайго, караля?»
 
І сказаў Давід Ахісу: «Што ж я зрабіў, і што знайшоў ты ў паслугачы тваім ад дня, калі я прыйшоў да цябе, аж да гэтага дня, каб не мог я ісці і ваяваць супраць ворагаў гаспадара майго, цара?»

І адказаў Ахіш, і сказаў Давіду: «Я ведаю, што ты добры ў ваччу маім, як ангіл Божы, але князі Пілісцкія сказалі: «Хай ён ня ўзыходзе з намі на вайну».
 
У адказ Ахіс сказаў Давіду: «Ведаю я, што ты добры ў вачах маіх, як анёл Божы; але князі філістынскія сказалі: “Хай не ідзе ён з намі ў бой”.

Дык устань нараніцы ты а слугі спадара твайго, каторыя прышлі з табою; і ўстаньце нараніцы, і вам будзе сьветла і йдзіце».
 
Такім чынам, устань раніцай ты і паслугачы гаспадара твайго, якія прыйшлі з табой, і, калі ўстанеце ўночы і пачне днець, адыдзіце адсюль».

І ўстаў Давід, сам а людзі ягоныя, каб ісьці нараніцы й зьвярнуцца да зямлі Пілісцкае. А Пілішчане ўзышлі да Ізраелю.
 
Дык ноччу ўстаў сам Давід і людзі яго, каб выбрацца ў дарогу раніцай і вярнуцца ў зямлю Філістынскую. А філістынцы пайшлі ў Езрагэль.