1 царстваў 30 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І сталася, калі Давід і людзі ягоныя вярталіся ў Цыкляг, на трэці дзень Амалекцы напалі на Нэгеў і Цыкляг, і здабылі Цыкляг, і спалілі агнём,
І калі Давід разам са сваімі ваярамі прыйшоў ў Сікэлаг, амалекцы напалі на Нагэб і Сікэлаг, і здабылі Сікэлаг і спалілі яго агнём;
і забралі яны ў палон жанчынаў, якія ў ім былі, ад найменшай да найбольшай, але не забілі нікога, і павялі з сабою, і вярталіся дарогай сваёй.
і забралі яны ў палон жанчын і ўсіх у ім, ад найменшага да найбольшага, і не забілі нікога, але павялі з сабою і вярталіся дарогай сваёй.
І прыйшоў Давід з людзьмі сваімі ў горад, і вось, ён спалены агнём, а жонкі іхнія і сыны, і дочкі забраныя ў няволю.
Дык калі Давід са сваімі людзьмі вярнуўся ў горад і ўбачыў, што ён падпалены агнём і што жонкі іх, і сыны іх, і дочкі забраныя ў няволю,
І загаласілі Давід і народ, які быў з ім, і плакалі яны, аж пакуль ім хапіла сілаў для плачу.
загаласілі Давід і народ, які з ім быў, і плакалі яны, аж пакуль ім хапала слёз.
І ўзялі ў палон абедзьвух жонак Давіда, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонку Наваля з Кармэлю.
А ўзялі ў палон таксама абодвух жонак Давіда, Ахінаам з Езрагэля і Абігайль, жонку Набала з Кармэля.
І Давід быў вельмі стрывожаны, і хацеў народ яго ўкаменаваць, бо горыч была ў душы кожнага дзеля сыноў іхніх і дачок іхніх. Але Давід набраў сілы ў ГОСПАДЗЕ, Богу сваім,
І Давід адчуваў вялікае гора; бо хацеў народ яго ўкаменаваць, бо засмучаная была душа кожнага чалавека дзеля сыноў іх і дачок. Але Давід набраў сілы ў Госпадзе, Богу сваім,
і сказаў Давід сьвятару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.
і сказаў святару Абіятару, сыну Ахімэлеха: «Прынясі мне эфод!» І Абіятар прынёс эфод Давіду.
І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці гнацца за гэтай ардою? І ці я даганю іх?» І сказаў яму [Госпад]: «Ганіся! Бо, даганяючы, дагоніш [іх] і адбярэш [здабычу]».
І раіўся Давід з Госпадам, пытаючыся: «Ці гнацца мне за гэтымі рабаўнікамі, ці не?» І сказаў яму Госпад: «Ганіся, бо, без сумнення, дагоніш іх і адбярэш здабычу».
І пайшоў Давід сам і шэсьцьсот чалавек, якія з ім, і дайшлі да ручая Бэсор, і тыя, што змучыліся, затрымаліся.
Такім чынам, пайшоў Давід сам і шэсцьсот ваяроў, якія былі пры ім, і дайшлі аж да ручая Бэзор, і тыя, што змучыліся, крыху затрымаліся.
І перасьледаваў Давід і чатырыста чалавек, а дзьвесьце спыніліся, бо былі змучаныя і не маглі перайсьці праз ручай Бэсор.
А гнаўся сам Давід і чатырыста ваяроў; і астатнія спыніліся: дзвесце чалавек, якія, стомленыя, не маглі перайсці праз ручай Бэзор.
І знайшлі яны ў полі чалавека Эгіпцяніна, і прывялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён зьеў, і далі яму вады напіцца.
І знайшлі яны ў полі чалавека егіпцяніна, і прывялі яго да Давіда; і далі яму хлеба, і ён з’еў, і далі яму вады напіцца,
І далі яму таксама кавалак сушаных фігаў і дзьве гронкі разынак. І ён зьеў, і вярнуўся да яго дух ягоны, бо ён ужо тры дні і тры ночы ня еў хлеба і ня піў вады.
але далі яму таксама карыйскіх сушаных фіг і дзве гронкі разынак. Калі ён гэта з’еў, вярнуўся да яго дух яго, бо ён ужо тры дні і тры ночы не еў хлеба і не піў вады.
І сказаў яму Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў: «Я — малады Эгіпцянін, слуга Амалекца. Кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.
Тады запытаў у яго Давід: «Чый ты і адкуль?» Ён сказаў яму: «Я малады егіпцянін, нявольнік амалекца, але кінуў мяне гаспадар мой, бо я захварэў тры дні таму.
Мы напалі на Нэгеў Керэтаў, і на Нэгеў Юды, і на Нэгеў Халева, і Цыкляг спалілі агнём».
А мы напалі на Нагэб херэтаў, і на Нагэб Юды, і на Нагэб Калеба, і Сікэлаг спалілі агнём».
І сказаў яму Давід: «Завядзеш мяне да той арды?» Ён сказаў: «Прысягні мне на Бога, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і я завяду цябе да той арды».
І спытаў у яго Давід: «Ці можаш ты нас завесці да той арды?» Ён адказаў: «Прысягні мне Богам, што не заб’еш мяне і не аддасі мяне ў рукі гаспадара майго, і тады я завяду цябе да той арды».
І ён павёў яго. І вось, тая [арда] разыйшлася па абліччы ўсёй зямлі, елі і пілі, і сьвяткавалі дзеля вялікай здабычы, сабранай у зямлі Філістынскай і ў зямлі Юды.
Калі ён павёў яго, тыя разышліся, вось, па ўсёй краіне, елі і пілі, і святкавалі дзеля вялікай здабычы і нарабаванага, якое сабралі яны ў філістынскай і Юдэйскай зямлі.
І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечару наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.
І забіваў іх Давід ад раніцы аж да вечара наступнага дня, і ніхто з іх не застаўся, акрамя чатырохсот юнакоў, якія селі на вярблюдаў і ўцяклі.
І зьвярнуў Давід усё, што забралі Амалекцы, і вызваліў абедзьвух жонак сваіх.
І забраў Давід усё, што нарабаваў Амалек, і вызваліў таксама абедзвюх сваіх жонак.
І ніхто ў іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, са здабычы і з усяго, што тыя нарабавалі; усё забраў Давід назад.
І ніхто з іх не загінуў, ад найменшага да найбольшага, ані сыны, ані дочкі, і ўсё, што тыя нарабавалі, усё забраў Давід назад.
І ўзяў Давід усе авечкі і быдла, і гналі іх перад ім, і казалі: «Вось здабыча Давіда!»
І ўзяў Давід усе статкі і табуны, і гналі гэтую маёмасць перад ім, і крычалі: «Вось здабыча Давіда!»
І прыйшоў Давід да тых двухсот чалавек, што былі змучаныя і не маглі ісьці з Давідам, і засталіся каля ручая Бэсор. І выйшлі яны насустрач Давіду і людзям, якія з ім, і падыйшоў да іх Давід, і прывітаў іх з мірам.
Давід жа дайшоў да тых двухсот чалавек, што, стомленыя, спыніліся і не маглі ісці з Давідам і засталіся па яго загадзе каля ручая Бэзор. І перанялі яны Давіда і людзей яго, а Давід, падышоўшы да іх, прывітаў іх мірна.
І адказалі ўсе людзі ліхія, [сыны] Бэліяла спасярод людзей, што хадзілі з Давідам, і сказалі: «Тым, якія не пайшлі разам з намі, не давай здабычу, якую мы забралі. Няхай яны забяруць толькі жонак сваіх і сыноў сваіх, і няхай ідуць».
І ў адказ адзін чалавек, найгоршы і несправядлівейшы з людзей, што хадзілі з Давідам, сказаў ім: «Яны не пайшлі разам з намі, і мы не аддадзім ім нічога са здабычы, якую мы забралі; але дастаткова кожнаму яго жонкі і дзяцей; калі яны іх забяруць, хай ідуць».
І сказаў Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам ГОСПАД. Ён захаваў нас, і аддаў арду гэтую, якая на нас напала, у рукі нашыя.
Сказаў жа Давід: «Нельга рабіць так, браты мае, з тым, што даў нам Госпад, і Ён захаваў нас, і аддаў гэтую арду, якая на нас напала, у нашы рукі;
Хто паслухае вас у гэтай справе? Будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў табары, роўна будзе падзелена».
ніхто не паслухае вас у гэтай размове: бо будуць мець аднолькавую частку і тыя, што ваявалі, і тыя, што заставаліся ў лагеры, і хай яны дзеляць роўна».
Ад гэтага дня сталася гэта пастановай, і звычаем, і прысудам для Ізраільцянаў аж па сёньняшні дзень.
І ад гэтага дня і надалей сталася гэта як пастанова і як закон для ізраэльцаў, і пратрывала аж па сённяшні дзень.
І прыйшоў Давід у Цыкляг, і паслаў ён частку здабычы старшыням Юды, сябрам сваім, кажучы: «Гэта для вас дар са здабычы на ворагах ГОСПАДА».
Такім чынам, Давід вярнуўся ў Сікэлаг, і паслаў ён падарункі са здабычы старэйшынам Юды, блізкім сваім, кажучы: «Прыміце дабраславенне са здабычы на ворагах Госпада».
І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нэгэве, і тым, што ў Яттыры,
І паслаў ён тым, што ў Бэтэлі, і тым, што ў Рамот-Нагэбе, і тым, што ў Ятэры,
і тым, што ў Араэры, і тым, што ў Сіфмоце, і тым, што ў Эштэмоа,
і тым, што ў Арары, і тым, што ў Сэфамоце, і тым, што ў Эстэмо,
і тым, што ў Ракалі, і ў гарадах Ерахмээльцаў, і ў гарадах Кенэяў,
і тым, што ў Кармэлі, і ў гарадах Ерамээля, і ў гарадах кінэяў,
і тым, што ў Харме, Бор-Ашане і Атаху,
і тым, што ў Хорме, і тым, што ў Барасане, і тым, што ў Атаху,
і тым, што ў Хеўроне, і ў-ва ўсе месцы, дзе праходзіў Давід і людзі ягоныя.
і тым, што ў Геброне, і ў астатніх месцах, дзе праходзіў сам Давід са сваімі ваярамі.