1 царстваў 9 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І быў адзін ваяр мужны з [роду] Бэн’яміна, на імя Кіш, сын Абіэля, сына Цэрора, сына Бэхарата, сына Афіяха, сына Бэн’яміна.
 
І быў адзін чалавек, магутны чалавек з роду Бэньяміна, на імя Кіс, сын Абіэля, сына Сэрора, сына Бэхарата, сына Апія, сына Бэньяміна.

І быў у яго сын, імя якога Саўл, малады і прыгожы, і не было спаміж сыноў Ізраіля лепшага за яго. Ён быў на галаву вышэй ад усяго народу.
 
І быў у яго сын імем Саўл, прыгожы і сумленны, і не было сярод сыноў Ізраэля лепшага за яго; ён быў на галаву вышэй за ўвесь народ.

І прапалі ў Кіша, бацькі Саўла, асьліцы. І сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго са слугаў, устань і ідзі, пашукай асьліцаў».
 
А ў Кіса, бацькі Саўла, прапалі асліцы, і сказаў Кіс Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі з сабой аднаго з паслугачоў, устань і ідзі, і шукай асліц». Калі ён прайшоў праз гару Эфраім

І прайшоў ён гару Эфраіма і зямлю Шаліша, і не знайшоў. І прайшлі яны зямлю Шаалім, і не было іх, пасьля зямлю Бэн’яміна, і не знайшлі.
 
і праз зямлю Саліс і не знайшоў, пайшлі яны таксама праз зямлю Саалім, і не было іх, але і па зямлі Еміні прайшлі, і ўсё адно не знайшлі.

І прыйшлі яны ў зямлю Цуф, і сказаў Саўл слузе свайму, які [быў] з ім: «Хадзем, вернемся, каб бацька мой, забыўшыся пра асьліцаў, ня стаў хвалявацца пра нас».
 
Калі ж прыйшлі яны ў зямлю Суф, сказаў Саўл слузе свайму, які быў разам з ім: «Хадзем і вернемся, каб бацька мой, страціўшы асліц, не стаў хвалявацца за нас».

[Слуга] сказаў яму: «Вось, у гэтым горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шанаваны. Усё, што ён кажа, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён распавядзе нам пра шлях, па якім нам трэба ісьці».
 
Паслугач кажа яму: «У гэтым вось горадзе жыве чалавек Божы, чалавек шаноўны. Усё, што ён кажа, — без двухсэнсоўнасці, спаўняецца. Дык давай зойдзем туды, можа, ён пакажа нам дарогу ў справе нашай, дзеля якой мы пайшлі».

І сказаў Саўл слузе свайму: «Так, зойдзем. Але што падаруем мы чалавеку гэтаму? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка ня маем, які маглі б прынесьці чалавеку Божаму. Што мы маем?»
 
І сказаў Саўл слузе свайму: «Вось, зойдзем, але што падаруем мы таму чалавеку? Хлеб скончыўся ў торбах нашых, а падарунка не маем, каб маглі прынесці яго чалавеку Божаму. Што ж мы маем?»

А слуга зноў сказаў Саўлу: «Вось, я знайшоў у руцэ маёй чвэрць сыкля срэбра, дык дамо гэта чалавеку Божаму, а ён распавядзе нам пра шлях наш».
 
Паслугач зноў адказаў Саўлу і сказаў: «Вось, знайшоў я ў руцэ маёй чвэрць сікля срэбра; дадзім гэта чалавеку Божаму, а ён нам дапаможа ў справе нашай».

Раней у Ізраілі кожны, хто ішоў параіцца ў Бога, так казаў: «Хадземце да відушчага»; бо хто сёньня называецца прарокам, раней называўся відушчым.
 
Калісьці ў Ізраэлі кожны, хто ішоў параіцца з Богам, так казаў: «Хадземце і пойдзем да таго, хто бачыць»; бо хто сёння называецца прарокам, калісьці называўся тым, хто бачыць.

І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра ты сказаў, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.
 
І сказаў Саўл слузе свайму: «Добра сказаў ты, давай пойдзем». І пайшлі яны ў горад, у якім жыў чалавек Божы.

Калі яны падыйшлі да гораду, напаткалі дзяўчат, якія выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве відушчы?»
 
І калі яны падняліся на ўзвышша, на якім стаяў горад, напаткалі дзяўчат, што выходзілі чэрпаць ваду, і спыталіся ў іх: «Ці тут жыве той, хто бачыць?»

Яны адказалі ім, кажучы: «Тут, вось, перад табой. Пасьпяшайся цяпер, бо сёньня ён прыйшоў у горад, бо сёньня народ складае ахвяру на ўзгорку.
 
Яны, адказваючы, сказалі ім: «Тут: вось, перад табой; паспяшайся цяпер, бо сёння прыйшоў ён у горад, бо сёння народ складае ахвяру на ўзгорку.

Калі ўвойдзеце ў горад, сустрэнеце яго там, перш чым пойдзе частавацца на ўзгорак, бо народ ня есьць, пакуль ён ня прыйдзе. Бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, зараз яго сустрэнеце».
 
Калі ўвойдзеце ў горад, адразу ж сустрэнеце яго, перш чым ён пойдзе частавацца на ўзгорак; бо народ не есць, пакуль ён не прыйдзе; бо ён дабраслаўляе ахвяру, і тады толькі ядуць запрошаныя. Дык ідзіце, бо зараз жа яго сустрэнеце».

І падняліся яны ў горад. Калі яны ўвайшлі ў горад, вось, Самуэль ідзе насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.
 
І падняліся яны ў горад. І калі ўвайшлі яны ў горад, з’явіўся Самуэль, што ішоў насустрач ім, каб падняцца на ўзгорак.

А ГОСПАД аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыйсьцем Саўла, кажучы:
 
Госпад жа аб’явіў Самуэлю на дзень раней, перад прыбыццём Саўла, кажучы:

«Заўтра ў гэтую самую пару пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэн’яміна. Ты памажаш яго на валадара народу Майго Ізраіля. Ён вызваліць народ Мой з рук Філістынцаў, бо Я ўзглянуў на народ Мой, бо лямант ягоны дайшоў да Мяне».
 
«Заўтра ў гэтую самую пару, як і зараз, пашлю да цябе чалавека з зямлі Бэньяміна, і ты памажаш яго на цара народа Майго Ізраэля, і ён вызваліць народ Мой з рук філістынцаў, бо ўзглянуў Я на народ мой; бо лямант яго дайшоў да Мяне».

Калі Самуэль глянуў на Саўла, ГОСПАД сказаў яму: «Гэта той чалавек, пра якога Я казаў табе. Ён будзе валадаром над народам Маім».
 
І калі Самуэль глянуў на Саўла, Госпад сказаў яму: «Вось, той чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе валадаром над народам Маім».

І Саўл падыйшоў да Самуэля ў браме, і сказаў: «Пакажы мне, калі ласка, дзе дом відушчага?»
 
Саўл жа падышоў да Самуэля ў сярэдзіне брамы і сказаў: «Пакажы мне, прашу, дзе ёсць дом таго, хто бачыць?»

Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я — відушчы. Узыйдзі да мяне на ўзгорак, і падсілкуемся сёньня разам. Я адпушчу цябе раніцаю і скажу табе ўсё, што трывожыць сэрца тваё.
 
І Самуэль адказаў Саўлу, кажучы: «Я той, хто бачыць. Ідзі перада мною на ўзгорак, каб падсілкавацца сёння са мною. І адпушчу цябе раніцай, і скажу табе ўсё, што ў сэрцы тваім;

А што датычыць асьліцаў, якія прапалі тры дні таму, не клапаціся, бо яны ўжо знайшліся. Бо каму будзе належаць усё, што найлепшае ў Ізраілі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»
 
і аб асліцах, якіх ты страціў тры дні таму, не клапаціся, бо яны знайшліся. І каму будзе належаць усё найлепшае ў Ізраэлі? Ці ж не табе і ўсяму дому бацькі твайго?»

Адказаў Саўл яму і сказаў: «Ці ж я не Бэн’ямінец, з найменшага калена Ізраіля? І сям’я мая ці не найменшая з усіх сем’яў калена Бэн’яміна? Чаму тады ты гаворыш мне словы гэтыя?»
 
Адказваючы ж, Саўл сказаў яму: «Ці ж я не бэньямінец, з найменшага пакалення ізраэльскага? І род мой ці не апошні з усіх родаў пакалення Бэньяміна? Дык чаму ты гаворыш мне гэтае слова?»

І ўзяў Самуэль Саўла і слугу ягонага, і ўвёў іх у пакой, і даў ім першае месца між запрошанымі, якіх было каля трыццаці чалавек.
 
І Самуэль, узяўшы Саўла і паслугача яго, увёў іх у пакой і даў ім месца на чале запрошаных, бо іх было каля трыццаці чалавек.

І сказаў Самуэль кухару: «Дай тую частку, якую я даў табе і пра якую казаў табе: “Адкладзі яе ў сябе”».
 
І сказаў Самуэль кухару: «Падай тую частку, якую я даў табе і загадаў, каб ты адклаў яе асобна ў сябе».

І кухар узяў сьцягно і тое, што было пры ім, і палажыў перад Саўлам. І сказаў [Самуэль]: «Вось тое, што пакінутае. Палажы перад сабой і еш, бо гэта раней захавана для цябе, калі я вырашыў склікаць людзей». У той дзень елі разам Саўл з Самуэлем.
 
А кухар узяў сцягно і хвост, і паклаў перад Саўлам. І сказаў Самуэль: «Вось тое, што засталося; пакладзі перад сабой і еж, бо гэта з прадбачнасці захавана для цябе, калі я паклікаў людзей». І ў той дзень елі Саўл з Самуэлем.

І зыйшлі яны з узгорку ў горад. І ён размаўляў з Саўлам на даху.
 
І сышлі яны з узгорка ў горад. І паслалі Саўлу на даху, і спаў ён.

Калі раніцай яны ўсталі і ўжо разьвіднела, паклікаў Самуэль Саўла на дах і сказаў: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл, і выйшлі яны абодва, ён і Самуэль.
 
І калі раніцай яны ўсталі, і ўжо развіднела, паклікаў Самуэль Саўла на даху, кажучы: «Уставай, я цябе правяду». І ўстаў Саўл. І выйшлі яны абодва, значыць ён і Самуэль.

І калі падыходзілі яны да канца гораду, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы слузе, каб пайшоў перад намі». І калі ён пайшоў, сказаў: «Ты цяпер спыніся, і я абвяшчу табе слова Бога».
 
І, калі падыходзілі яны да канца горада, Самуэль сказаў Саўлу: «Скажы паслугачу, каб пайшоў перад намі»; і ён пайшоў, — «Ты ж зараз трохі спыніся, каб я сказаў табе слова Госпада».