1 царстваў 28 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

У тыя дні сабралі Філістынцы дружыны свае, каб ваяваць супраць Ізраіля. І Ахіш сказаў Давіду: «Ведай, што ты пойдзеш са мною ў табар, ты і людзі твае».
 
А ў тыя дні сталася, што сабралі філістынцы дружыны свае, каб падрыхтаваць іх да вайны супраць Ізраэля. І Ахіс сказаў Давіду: «Ведаючы, ведай цяпер, што ты пойдзеш са мною ў лагер, ты і людзі твае».

І сказаў Давід Ахішу: «Цяпер і ты даведаешся, што робіць слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «Стаўлю цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».
 
І сказаў Давід Ахісу: «Таму і ты даведаешся, што будзе рабіць паслугач твой». І Ахіс сказаў Давіду: «Таму стаўлю я цябе ахоўнікам галавы маёй на ўсе дні».

А Самуэль памёр, і плакаў па ім увесь Ізраіль, і пахавалі яго ў горадзе ягоным, у Раме. А Саўл прагнаў тых, што выклікаюць духаў [памерлых], і варажбітоў з зямлі [Ізраіля].
 
А Самуэль памёр; і плакаў па ім увесь Ізраэль, і пахавалі яго ў горадзе яго, у Раме. І Саўл прагнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны.

І Філістынцы сабраліся, і прыйшлі, і разлажыліся табарам у Шунэме. А Саўл сабраў усяго Ізраіля і разлажыўся табарам у Гільбоа.
 
І філістынцы сабраліся і прыйшлі, і сталі лагерам у Сунаме. А Саўл таксама сабраў увесь Ізраэль і расклаўся лагерам у Гэльбоэ.

І паглядзеў Саўл на табар Філістынцаў, і спалохаўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае.
 
І паглядзеў Саўл на лагер філістынцаў, і спалохаўся, і надта задрыжэла ў ім сэрца.

І пытаўся Саўл у ГОСПАДА, але ГОСПАД яму не адказаў ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.
 
І пытаўся ён у Госпада, і Ён яму не адказаў, ані праз сон, ані праз урым, ані праз прарокаў.

І сказаў Саўл слугам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў [памерлых]. Я пайду да яе і запытаюся праз яе». І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жанчына, якая выклікае духаў памерлых, у Эндоры».
 
І сказаў Саўл паслугачам сваім: «Пашукайце мне жанчыну, якая выклікае духаў; і я пайду да яе, і запытаюся праз яе». І паведамілі яму паслугачы яго: «Ёсць жанчына, якая выклікае духі, у Эн-Доры».

І перапрануўся Саўл, і апрануўся ў іншае адзеньне, і пайшоў сам, і два мужчыны з ім. І прыйшлі яны да той жанчыны ўначы, і сказаў [Саўл]: «Паваражы мне і выкліч мне таго, пра каго я табе скажу».
 
І змяніў Саўл адзенне сваё, і апрануўся ў іншае адзенне, і пайшоў сам, а разам з ім двое мужчын; і прыйшлі яны да той жанчыны ноччу, і кажа ёй Саўл: «Паваражы мне і выкліч мне таго, каго я табе скажу».

Жанчына сказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл? Ён выгнаў варажбітоў і тых, якія выклікаюць духаў, з зямлі гэтай. Чаму ты хочаш злавіць душу маю, каб забіць мяне?».
 
І жанчына кажа яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўл і як ён выгнаў варажбітоў і чараўнікоў з краіны; дык чаму цікуеш ты на маё жыццё, каб забіць мяне?»

І Саўл прысягнуў на ГОСПАДА, кажучы: «Як жывы ГОСПАД! Ня будзе табе пакараньня ў гэтай справе».
 
І Саўл прысягнуў ёй Госпадам, кажучы: «Жыве Госпад, бо не будзе табе нічога благога з-за гэтай справы».

І спыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».
 
І запыталася ў яго жанчына: «Каго выклікаць табе?» Ён сказаў: «Выкліч мне Самуэля».

І ўбачыла жанчына Самуэля, і ўсклікнула моцным голасам, і сказала жанчына Саўлу, кажучы: «Чаму ты падмануў мяне? Ты ж Саўл!»
 
Калі жанчына ўбачыла Самуэля, усклікнула моцным голасам і сказала Саўлу: «Чаму ты мяне падмануў? Бо ты — Саўл!»

І сказаў ёй валадар: «Ня бойся мяне. Што ты бачыш?» А тая жанчына сказала Саўлу: «Бачу [чалавека] Божага, што выходзіць з зямлі».
 
І сказаў ёй цар: «Не бойся. Што ты бачыш?» І жанчына кажа Саўлу: «Бачу чалавека Божага, што выходзіць з зямлі».

І сказаў ёй [Саўл]: «Як ён выглядае?» Яна сказала: «Стары чалавек выходзіць, апрануты ў доўгую шату». І пазнаў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім абліччам да зямлі, і пакланіўся.
 
І ён сказаў ёй: «Як ён выглядае?» Сказала яна: «Стары чалавек выходзіць, і апрануты ён у плашч». Зразумеў Саўл, што гэта Самуэль, і ўпаў перад ім тварам сваім да зямлі, і пакланіўся.

І сказаў Самуэль Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і выклікаеш мяне?» І сказаў Саўл: «Я ў вялікім прыгнёце, бо Філістынцы ваююць супраць мяне, а Бог адступіўся ад мяне і не адказвае мне ані праз прарокаў, ані праз сон. Дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць?»
 
А Самуэль сказаў Саўлу: «Чаму ты не даеш мне супакою і турбуеш мяне?» І Саўл сказаў: «Я знаходжуся ў вялікім горы. Бо філістынцы ваююць супраць мяне, і Бог адступіўся ад мяне і не жадае слухаць мяне, ані праз прарокаў, ані праз сон; дык я паклікаў цябе, каб ты навучыў мяне, што я маю рабіць».

І сказаў Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі ГОСПАД адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?
 
І кажа Самуэль: «Навошта ты пытаешся ў мяне, калі Госпад адступіўся ад цябе і стаўся ворагам тваім?

Зрабіў ГОСПАД так, як казаў праз мяне. ГОСПАД забраў валадарства з рукі тваёй і аддаў яго бліжняму твайму Давіду,
 
Бо зрабіў Госпад так, як казаў праз мяне; і Ён забраў царства з рукі тваёй і аддаў яго блізкаму твайму, Давіду,

бо ты ня слухаў голас ГОСПАДА, і ня зьдзейсьніў яраснага гневу Ягонага на Амалека. Таму вось гэта ўчыніў табе ГОСПАД сёньня.
 
бо ты не слухаў голас Госпада і не споўніў лютага гневу Яго ў адносінах да Амалека. Таму ты церпіш тое, што ўчыніў табе Госпад сёння.

І аддасьць ГОСПАД Ізраіля разам з табою ў рукі Філістынцаў. Заўтра ты і сыны твае будзеце са мною, таксама табар Ізраіля аддасьць ГОСПАД у рукі Філістынцаў».
 
І аддасць Госпад таксама Ізраэль разам з табою ў рукі філістынцаў; заўтра ж ты і сыны твае будзеце са мною, але і лагер Ізраэля аддасць Госпад у рукі філістынцаў».

І Саўл раптам упаў усім целам на зямлю, і ён вельмі спужаўся словаў Самуэля, і пакінулі яго сілы, і ён ня еў хлеба ўвесь той дзень і ўсю тую ноч.
 
І адразу ж Саўл упаў усім целам на зямлю; бо ахапіў яго жах з-за слоў Самуэля, і пакінула яго сіла, бо не еў ён хлеба ўвесь дзень той і ўсю тую ноч.

І падыйшла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы, і сказала яму: «Вось, нявольніца твая паслухала голас твой і аддала душу сваю ў далоні твае, бо я паслухалася словаў тваіх, які ты гаварыў мне.
 
І падышла тая жанчына да Саўла, і ўбачыла, што ён надта перапалоханы; і сказала яму: «Вось, паслугачка твая паслухала размову тваю, і паклала душу сваю ў руку тваю, і паслухалася загаду твайго, які ты мне даў.

І цяпер ты таксама паслухай голасу нявольніцы тваёй. Я дам табе лусту хлеба, а ты зьеш, і вернецца да цябе сіла, і ты зможаш вырушыць у дарогу».
 
Дык цяпер і ты паслухай голасу паслугачкі сваёй, каб я паклала перад табою лусту хлеба і каб ты, з’еўшы яе, паздаравеў і змог выбрацца ў дарогу».

Але ён адмовіўся і сказаў: «Ня буду есьці». Але слугі ягоныя і жанчына тая ўпрошвалі яго, і ён паслухаў голас іхні, і ўстаў з зямлі, і сеў на ложку.
 
Ён адмовіўся і казаў: «Не буду есці». А паслугачы яго і жанчына тая ўпрошвалі яго; і ён, нарэшце, паслухаўшы слоў іх, падняўся з зямлі і сеў на ложку.

А жанчына тая мела кормнае цяля ў доме сваім, і яна пасьпешліва зарэзала яго, і ўзяла муку, і рашчыніла яе, і напякла праснакоў.
 
Жанчына ж тая мела кормнае цяля ў доме, і яна паспяшалася і зарэзала яго, і, узяўшы муку, яна рашчыніла яе і напякла праснакоў.

І палажыла [гэта] перад Саўлам і перад слугамі ягонымі, і яны елі, і ўсталі, і пайшлі ў тую самую ноч.
 
І палажыла ўсё гэта перад Саўлам і перад паслугачамі яго. Калі яны пад’елі, яны сабраліся і адышлі ў тую ж самую ноч.