1 царстваў 11 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прыйшоў Наас Аманіцянін і аблажыў Явіс Галаадскі. І сказалі ўсе жыхары Явіса Наасу: заключы з намі спрымірэнства, і мы будзем служыць табе.
 
І прышоў Нагаш Амонянін, і аблёг Явіш Ґілеадзкі. І сказалі Нагашу ўсі жыхары Явішу Ґілеадзкага: «Учыні з вамі змову, і мы будзем служыць табе».

І сказаў ім Наас Аманіцянін: я ўступлю з вамі ў спрымірэнства, але дзеля таго, каб выкалаць кожнаму з вас правае вока і тым самым пакласьці няславу на ўсяго Ізраіля.
 
І сказаў ім Нагаш Амонянін: «З тым я ўчыню з вамі змову, што выкалю ў кажнага з вас правае вока і гэтым зраблю ганьбу ўсяму Ізраелю».

І сказалі яму старэйшыны Явіса: дай нам тэрміну сем дзён, каб паслаць нам паслоў ва ўсе межы Ізраільскія, і калі ніхто не дапаможа нам, дык мы пойдзем да цябе.
 
І сказалі яму старцы Явішу: «Парымсьці нам сем дзён, і мы пашлем паслоў па ўсіх землях Ізраельскіх, і калі ніхто ня вызвале нас, то выйдзем да цябе».

І прыйшлі паслы ў Гіву Саўлавую і пераказалі словы гэтыя ў вушы народу; і ўвесь народ падняў лямант і заплакаў.
 
І прышлі паслове да Ґівеі Саўлавае, і гукалі словы гэтыя ў вушы люду; і падняў увесь люд галасы свае, і заплакалі.

І вось, прыйшоў Саўл, ідучы за валамі, з поля і сказаў: што зрабілася з народам, што ён плача? І пераказалі яму словы жыхароў Явіса.
 
І вось, прышоў Саўла адзаду буйнога статку з поля, і сказаў Саўла: «Што зь людам, што ён плача?» І пераказалі яму словы жыхараў Явішу.

І сышоў Дух Божы на Саўла, калі ён пачуў словы гэтыя, і моцна ўспалымніўся гнеў ягоны;
 
І зышоў Дух Божы на Саўлу, як ён пачуў словы гэтыя, і дужа ўзгарэўся гнеў ягоны.

І ўзяў ён пару валоў, і расьцяў іх на часткі, і паслаў ва ўсе межы Ізраільскія праз тых паслоў, абвяшчаючы, што так будзе зроблена з валамі таго, хто ня пойдзе сьледам за Саўлам і Самуілам. І напаў страх Гасподні на народ, і выступілі як адзін чалавек.
 
І ўзяў ён пару буйнога статку, і расьцяў іх, і паслаў па ўсіх землях Ізраельскіх тымі пасламі, кажучы: «Хто ня выйдзе за Саўлам а Самуйлам, то гэтак будзе зроблена буйному статку ягонаму». І напаў страх СПАДАРОЎ на люд, і яны йшлі, як адзін чалавек.

Саўл агледзеў іх у Вэзэку, і знайшоў сыноў Ізраілевых трыста тысяч, і мужчын Юдавых трыццаць тысяч
 
І агледзеў іх у Везэку, і было сыноў Ізраелявых трыста тысячаў, і мужоў Юдзіных трыццаць тысячаў.

І сказалі прыйшлым паслам: так скажэце жыхарам Явіса Галаадскага: заўтра будзе вам дапамога, калі прыгрэе сонца. І прыйшлі паслы і абвясьцілі жыхарам Явіса, і яны зарадаваліся.
 
І сказалі прышлым паслом: «Гэтак скажыце людзём Явішу Ґілеадзкяга: "Заўтра будзе вам ратунак, як прыгрэе сонца"». І прьпплі паслове, і наказалі людзём Явішу, і яны ўзрадаваліся.

І сказалі жыхары Явіса: заўтра выйдзем да вас, і рабеце з намі, як вам заўгодна.
 
І сказалі людзі Явішу: «Заўтра выйдзем да вас, і рабіце нам подле ўсёга, што добра ў вачох вашых».

На другі дзень Саўл падзяліў народ на тры атрады, і яны праніклі ўсярэдзіну табара ў час ранішняй варты і пабілі Аманіцянаў да дзённай сьпёкі; тыя, што засталіся, расьсеяліся, так што не засталося зь іх двух разам.
 
І было назаўтрае, што падзяліў Саўла люд на тры аддзелы, і яны прайшлі ў сярэдзіну табару ў часе ранешняе старожы, і зразілі Амонян да дзяннога ваду; а засталыя рассыпаліся, і не засталося зь іх двух разам.

Тады сказаў народ Самуілу: хто казаў: ці ж Саўлу цараваць над намі? дайце гэтых людзей, і мы аддамо іх сьмерці.
 
І сказаў люд Самуйлу: «Хто тый, што сказаў: "Ці Саўлу гаспадарстваваць над намі?" дайце тых людзёў, і зробім ім сьмерць».

Але Саўл сказаў: у гэты дзень нікога ня трэба аддаваць сьмерці, бо сёньня Гасподзь учыніў выратаваньне ў Ізраілі.
 
І сказаў Саўла: «Хай ня будзе ніхто забіты сядні, бо сядні СПАДАР учыніў выбаўленьне ў Ізраелю».

І сказаў Самуіл народу: пойдзем у Галгал і абновім там царства.
 
І сказаў Самуйла люду: «Дайце пойдзем да Ґілґалу і пацьвердзім там гаспадарства».

І пайшоў увесь народ у Галгал, і паставілі там Саўла царом прад Госпадам у Галгале, і прынесьлі там мірныя ахвяры прад Госпадам. І вельмі весяліліся там Саўл і ўсе Ізраільцяне.
 
І пайшоў увесь люд да Ґілґалу, і пастанавілі там Саўлу за караля перад СПАДАРОМ у Ґілґале, і абракалі там супакойныя аброкі перад СПАДАРОМ. І вельма, вельма весяліўся там Саўла а ўсі людзі Ізраельскія.