1 царстваў 14 разьдзел
Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Аднаго дня сказаў Ёнатан, сын Саўлаў, слузе, збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада Філістымскага, што па той бок. А бацьку свайму не сказаў пра гэта.
І сталася аднаго дня, што сказаў Ёнафан Саўлянок дзяцюку, збрайношу свайму: «Хадзі, пярэйдзем да аддзелу Пілісцкага, каторы на тым баку»; а бацьку свайму ён не сказаў.
А Саўл быў у навакольлі Гівы, пад гранатавым дрэвам, што ў Мігроне; зь ім было каля шасьцісот чалавек народу
Саўла ж сядзеў на краю Ґівеі, пад гранатовым дзервам, каторае ў Міґроне; а люду, што зь ім, было каля шасьцьсот чалавекаў.
і Ахія, сын Ахітува, брата Ёхавэда, сына Фінэеса, сына Ілія, сьвятар Госпада ў Сіломе, які насіў наплечнік. А народ ня ведаў, што Ёнатан пайшоў.
А Агія, сын Агітувы, брата Ехаводавага, сына Фінегаса Ілянка, сьвятар СПАДАРУ ў Шыле, насіў наплечнік. Люд жа ня ведаў, што пайшоў Ёнафан.
Паміж пераходамі, па якіх Ёнатан спрабаваў прабрацца да атрада Філістымскага, была вострая скала з аднаго боку і вострая скала з другога: адна называлася Бацэц, а другая Сэнэ;
А памеж праходаў, каторых Ёнафан шукаў прайсьці да аддзелу Пілісцкага, была стацьцявая скала з аднаго боку і стацьцявая скала з другога боку; імя аднае Боцэц, а імя другое Сэне.
адна скала выдавалася з поўначы да Міхмаса, а другая з поўдня да Гівы.
Адная стацьцявая скала тырчэла з поўначы ў бок Міхмашу, а другая стацьцявая скала з паўдня ў бок Ґівеі.
І сказаў Ёнатан слузе-збраяносцу свайму: ідзі, пяройдзем да атрада гэтых неабрэзаных; магчыма, Гасподзь дапаможа нам, бо Госпаду няцяжка выратаваць многіх, альбо нямногіх.
І сказаў Ёнафан дзяцюку, збрайношу свайму: «Хадзі, пярэйдзем да аддзелу гэтых неабразаных; можа СПАДАР учыне нам, бо СПАДАРУ няма пераказы выбавіць множасьцю альбо маласьцю».
І адказаў збраяносец: рабі ўсё, што на сэрцы ў цябе; ідзі, вось я з табою, куды табе заўгодна.
І сказаў яму збрайноша: «Рабі ўсе, што на сэрцу ў цябе; імкніся, во я з табою, подле сэрца твайго».
І сказаў Ёнатан: вось, мы пяройдзем да гэтых людзей і станем на вачах у іх;
І сказаў Ёнафан: «Гля, мы пярэйдзем да гэных людзёў і адкрыемся ім.
калі яны так скажуць нам: «спынецеся, пакуль мы пойдзем да вас», дык мы спынімся на сваіх месцах і ня ўзыдзем да іх;
Калі яны гэтак скажуць нам: "Пажджыце, пакуль мы дойдзем да вас", то мы будзем стаяць на сваім месцу і ня ўзыйдзем да іх.
а калі так скажуць: «падымецеся да нас», дык мы ўзыдзем, бо Гасподзь аддаў іх у рукі нашыя; і гэта будзе знакам нам.
А калі гэтак скажуць: "Узыйдзіце да нас", то мы ўзыйдзем, бо СПАДАР аддаў іх у рукі нашы, і гэта будзе знакам нам».
Калі абодва яны спыніліся на вачах у атрада Філістымскага, дык Філістымляне сказалі: вось, Габрэі выходзяць зь цясьнінаў, у якіх хаваліся яны.
І паказаліся абодва яны аддзелу Пілісцкаму, і сказалі Пілішчане: «Гля, Гэбрэі выходзяць із нораў у каторых яны пахаваліся».
І закрычалі людзі, якія складалі атрад, да Ёнатана і збраяносца ягонага, кажучы: падымецеся да нас, і мы вам скажам нешта. Тады Ёнатан сказаў збраяносцу свайму: ідзі сьледам за мною, бо Гасподзь аддаў іх у рукі Ізраілю.
І адказалі людзі аддзелу Ёнафану а збрайношы ягонаму, і сказалі: «Узыйдзіце да нас, і мы скажам вам штось». І сказаў Ёнафан збрайношу свайму: «Ідзі за імною, бо аддаў іх СПАДАР у рукі Ізраеля».
І пачаў узыходзіць Ёнатан, чапляючыся рукамі і нагамі, і збраяносец ягоны за ім. І падалі Філістымляне перад Ёнатанам, а збраяносец дабіваў іх за ім.
І ўзышоў Ёнафан рукамі й нагамі, і збрайноша ягоны за ім; і падалі перад Ёнафаном, а збрайноша дабіваў іх за ім.
І загінула ў гэтым першым пабоішчы ад Ёнатана і збраяносцаў ягоных каля дваццаці чалавек, на палавіне поля, ураблянага параю валоў за дзень.
І была гэта параза першая, у каторай зразіў Ёнафан а збрайноша ягоны каля дваццацёх чалавекаў, як на палавіцы гонаў, урабляных параю валоў.
І ўсчалася жудасьць у табары на полі і ва ўсім народзе: перадавыя атрады і спусташальнікі зямлі затрымцелі; здрыганулася ўся зямля, і быў жах вялікі ад Госпада.
І было дрыжэньне ў табару, на полю і ў вусім людзе; старожы й пустошачыя дрыжэлі таксама, і здрыганулася зямля, і было дрыжэньне ад СПАДАРА.
І ўбачылі вартавыя Саўла ў Гіве Веньямінавай, што натоўп расьсейваецца і бяжыць туды і сюды.
І абачылі старожы Саўлавы ў Ґівеі Веняміновай, і во груд растаіў, і бяжыць туды-сюды.
І сказаў Саўл народу, які быў зь ім: перагледзьце і даведайцеся, хто з нашых выйшаў. І перагледзелі, і вось, няма Ёнатана і збраяносца ягонага.
І сказаў Саўла люду, што зь ім: «Пераверце ж і абачча, хто адышоў ад нас». І перагледзелі, і вось, няма Ёнафана а збрайношы ягонага.
І сказаў Саўл Ахію: прынясі ківот Божы, — бо ківот Божы ў той час быў з сынамі Ізраільскімі.
І сказаў Саўла Агіі: «Дабліж скрыню Божую»; — бо была скрыня Божая таго часу із сынамі Ізраельскімі.
Саўл яшчэ гаварыў, калі замяшаньне ў табары Філістымскім усё больш і больш павялічвалася. Тады сказаў Саўл сьвятару: складзі рукі твае.
І пакуль Саўла яшчэ гукаў да сьвятара замятня ў табару Пілісцкім болей а болей расла а павялічалася. Тады сказаў сьвятару: «Спусьці руку сваю».
І ўсклікнуў Саўл і ўвесь люд, які быў зь ім, і прыйшлі да месца бітвы, і вось, там меч кожнага павернуты быў супроць блізкага свайго; замяшаньне было вельмі вялікае.
І загукаў Саўла а ўвесь люд, што зь ім, і прышлі аж да месца бітвы, і вось, там меч кажнага быў супроці прыяцеля свайго; замятня вельмі вялікая.
Тады і Габрэі, якія ўчора і заўчора былі ў Філістымлянаў і якія ўсюды хадзілі зь імі ў табары, прысталі да Ізраільцянаў, што былі з Саўлам і Ёнатанам;
Тады й Гэбрэі, што былі ў Пілішчан учорах а заўчора, і каторыя ўзыходзілі зь імі ў табар навокал, таксама яны пастанавілі быць із Ізраелям, каторы із Саўлам а Ёнафаном.
І ўсе Ізраільцяне, якія хаваліся на гары Яфрэмавай, пачуўшы, што Філістымляне пабеглі, таксама прысталі да сваіх у бітве.
І ўсі Ізраелцы, што хаваліся ў гары Яхрэмавай, пачуўшы, што Пілішчане ўцяклі, пагналіся таксама яны за імі ў бітве.
І выратаваў Гасподзь таго дня Ізраіля; а бітва пашырылася аж да Бэт-Авэна.
І выбавіў СПАДАР таго дня Ізраеля; бітва ж прасьцягнулася аж да Веф-Авену.
Людзі Ізраільскія былі стомленыя ў той дзень; а Саўл закляў народ, сказаўшы: пракляты, хто скаштуе хлеба да вечара, пакуль я не адпомшчу ворагам маім. І ніхто зь люду не скаштаваў ежы.
Людзі Ізраельскія памлелі таго дня; бо Саўла абавязаў люд прысягаю, кажучы: «Пракляты, хто паспытаецца хлеба да вечара, пакуль я не памшчу варагом сваім». І не паспытаўся ўвесь люд ежы.
І пайшоў увесь люд у лес, і быў там на паляне мёд.
І ўвесь люд зямлі прышоў да лесу, і быў мёд на прагаліне.
І ўвайшоў люд у лес, кажучы: вось, цячэ мёд. Але ніхто не працягнуў рукі сваёй да вуснаў сваіх, бо люд баяўся заклёну.
І ўвыйшоў люд у лес, і во, капае мёд; але ніхто ня выцягнуў рукі свае да роту свайго, бо баяўся люд прысягі.
А Ёнатан ня чуў, калі бацька ягоны заклінаў люд, і працягнуўшы канец кія, які быў у руцэ ў яго, умачыў яго ў соты мядовыя і павярнуў рукою да вуснаў сваіх, і прасьвятлелі вочы ягоныя.
Ёнафан жа ня чуў, як айцец ягоны абавязаў люд прысягаю, дык выцягнуўшы канец кія, што быў у руццэ ў яго, занурыў яго ў наўзу мядовую і зьвярнуў рукою да вуснаў сваіх, і вочы ягоныя пабачылі.
І сказаў яму адзін зь людзей, кажучы: бацька твой закляў люд, сказаўшы: пракляты, хто сёньня скаштуе ежы; ад гэтага люд стаміўся.
І адказаў яму адзін ізь люду, і сказаў: «Айцец твой вельма запрысяг люд, кажучы: "Пракляты муж, што будзе есьці хлеб сядні", і стамаваўся люд».
І сказаў Ёнатан: зьбянтэжыў бацька мой зямлю; глядзеце, у мяне прасьвятлелі вочы, калі я скаштаваў крыху гэтага мёду;
І сказаў Ёнафан: «Зрабіў клопат айцец мой зямлі; гляньце ж, у мяне пасьвятлелі вочы, бо паспытаўся крышку гэтага мёду.
калі б паеў сёньня люд са здабычы, якую знайшоў у ворагаў сваіх, дык ці ня большым быў бы разгром Філістымлянаў?
Калі б добра пад’еў сядні люд із здабытку варагоў сваіх, каторы знайшоў, то ці не павялічылася б параза Пілішчан?»
І таго дня разграмілі Філістымлянаў ад Міхмаса да Аялона, і народ вельмі стаміўся.
І білі таго дня Пілішчан ад Міхмашу аж да Айялону, і стамаваўся люд вельма.
І кінуўся люд на здабычу, і бралі авечак, валоў і цялят, і калолі на зямлі, і еў люд з крывёю.
І рынуўся люд на здабытак, і бралі драбны й буйны статак і цяляты, і рэзалі на зямлі, і еў люд із крывёй,
І паведамілі Саўлу, кажучы: вось, люд грэшыць прад Госпадам, есьць з крывёю. І сказаў Саўл: вы зграшылі; прывярнеце цяпер да мяне вялікі камень.
І наказалі Саўлу, кажучы: «Вось, люд грэша перад СПАДАРОМ, есьць із крывёй». І сказаў Саўла: «Вы ізрадзілі, прыкаціце цяпер да мяне вялікі камень».
Потым сказаў Саўл: прайдзеце паміж людзей і скажэце ім: хай кожны прыводзіць да мяне свайго вала і кожны сваю авечку, і калеце тут і ежце, і не грашэце прад Госпадам, ня ежце з крывёю. І прыводзілі ўсе зь люду, кожны сваёю рукою, вала свайго ўначы, і калолі там.
І сказаў Саўла: «Рассыпцеся памеж люду й скажыце ім: "Дабліжча да мяне кажны вала свайго і кажны авечку сваю, і рэжча тут, і ежча, і не грашыце перад СПАДАРОМ, а ня ежча з крывёй"» І бліжылі ўсі зь люду, кажны вала свайго ў руццэ сваёй тае ночы, і рэзалі там.
І зладзіў Саўл ахвярнік Госпаду: то быў першы ахвярнік, пастаўлены ім Госпаду.
І збудаваў Саўла аброчнік СПАДАРУ; гэтым ён пачаў будаваць аброчнік СПАДАРУ.
І сказаў Саўл: пойдзем у пагоню за Філістымлянамі ўначы і абяром іх да сьвітаньня і не пакінем у іх ніводнага чалавека. І сказалі: рабі ўсё, што добра ў вачах тваіх. А сьвятар сказаў: прыступім тут да Бога.
І сказаў Саўла: «Зыйдзем за Пілішчанмі ночы, і аглабаем іх да сьвітаньня, і не пакінем у іх ні воднага мужа». І сказалі: «Усе, што добра ў ваччу тваім, рабі». Сьвятар жа сказаў: «Дабліжмася сюды да Бога».
І спытаў Саўл у Бога: ці ісьці мне ў пагоню за Філістымлянамі? ці аддасі іх у рукі Ізраіля? Але Ён не адказваў яму ў той дзень.
І папытаўся Саўла ў Бога: «Ці зыйсьці імне за Пілішчанмі? Ці аддасі іх у руку Ізраеля?» Але Ён не адказаў яму таго дня.
Тады сказаў Саўл: хай падыдуць сюды ўсе начальнікі народу і разьведаюць і даведаюцца, на кім грэх сёньня?
І сказаў Саўла: «Хай дабліжацца сюды ўсі начэльнікі люду й пабачаць, у чым быў грэх гэты сядні?
бо — жывы Гасподзь, які выратаваў Ізраіля, — калі будзе і на Ёнатане, сыне маім, дык і ён памрэ мусова. І ніхто не адказваў яму з усяго народу.
Бо, — жыў СПАДАР, Каторы выбавіў Ізраеля, — хоць бы быў і на Ёнафану, сыну маім, то й ён сьмерцю памрэць». Але ніхто не адказаў яму з усёга люду.
І сказаў Саўл усім Ізраільцянам: станьце вы па адзін бок, а я і сын мой Ёнатан станем па другі бок. І адказваў люд Саўлу: рабі, што добра ў вачах тваіх.
І сказаў усім Ізраелцам: «Вы станьце на адным баку, а я а сын мой Ёнафан станем на другім баку». І сказаў люд Саўлу: «Што добра ў ваччу тваім, рабі».
І сказаў Саўл: Госпадзе, Божа Ізраілеў! дай знак. І выкрытыя былі Ёнатан і Саўл, а народ выйшаў невінаваты.
І сказаў Саўла СПАДАРУ: «Божа Ізраеля! дай бязьвіннасьць». І злоўлены былі Ёнафан а Саўла, люд жа вышаў.
Тады сказаў Саўл: кіньце жэрабя паміж мною і Ёнатанам, сынам маім, і ўпала жэрабя на Ёнатана.
І сказаў Саўла: «Кіньце на жэрабя меж мяне й Ёнафана, сына майго». І злоўлены Ёнафан.
І сказаў Саўл Ёнатану: раскажы мне, што зрабіў ты? І расказаў яму Ёнатан і сказаў: я паспытаў канцом кія, што ў руцэ ў мяне, крыху мёду; і вось, я павінен памерці.
І сказаў Саўла Ёнафану: «Скажы імне, што зрабіў ты?» І азнайміў яму Ёнафан, і сказаў: «Я паспытаўся, паспытаўся канцом кія, каторы ў руццэ маёй, крыху мёду; і вось, я маю памерці».
І сказаў Саўл: хай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць; ты, Ёнатан, павінен сёньня памерці!
І сказаў Саўла: «Гэтак хай зробе Бог, і гэтак хай болей зробе, што сьмерцю памрэць Ёнафан».
Але люд сказаў Саўлу: ці Ёнатану памерці, які даў вялікае выратаваньне Ізраілю? Хай ня будзе гэтага! Жывы Гасподзь, і валасіна не ўпадзе з галавы ягонай на зямлю, бо з Богам ён дзеяў сёньня. І вызваліў люд Ёнатана, і не памёр ён.
І сказаў люд Саўлу: «Ці Ёнафану памерці, каторы прычыніўся да такога вялікага спасеньня ў Ізраелю? Крый Божа! Жыў СПАДАР: і волас ня зваліцца з галавы ягонае далоў, бо з Богам ён дзеяў гэты дзень». І вывальніў люд Ёнафана, і не памер.
І вярнуўся Саўл ад перасьледу Філістымлянаў; а Філістымляне пайшлі ў сваё месца.
І ўзышоў Саўла ад пагону за Пілішчанмі; Пілішчане ж пайшлі на свае месцы.
І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех.
І Саўла адваяваў гаспадарства Ізраелю, і ваяваў навокал з усімі варагамі сваімі: з Моавам а із сынамі Амонавымі а зь Едомам а з каралямі Совы а зь Пілішчанмі, і ўсюдых, супроці каго не зварачаўся, меў дасьпех.
І сабраў войска, і пабіў Амаліка, і вызваліў Ізраіля з рукі грабежнікаў ягоных.
І ўрадзіў войска, і паразіў Амаліка, і вывальніў Ізраеля ад рукі глабаньнікаў ягоных.
Сыны ў Саўла былі: Ёнатан, Есуі і Мэлхісуа; а імёны дзьвюх дачок ягоных: імя старэйшай — Мэрова, а імя малодшай — Мэлхола.
І былі сыны Саўлавы: Ёнафан а Ішві а Малхішуа; імёны ж дзьвюх дачок ягоных: імя старшае — Мерава, а імя малое — Міхала.
А імя жонкі Саўлавай — Ахінаам, дачка Ахімааца; а імя правадыра войска ягонага — Авэнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.
Імя жонкі Саўлавае Агіноам, дачка Агімаацава; а імя вайводцы ягонага — Аўнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага.
Кіс, бацька Саўлаў, і Нір, бацька Авэніраў, былі сыны Авііла.
Кіш, айцец Саўлаў, і Нір, айцец Аўніроў, былі Авеленкі.
І была зацятая вайна супроць Філістымлянаў праз ўвесь час Саўлаў. І калі Саўл бачыў якога-небудзь чалавека дужага і ваяўнічага, браў яго да сябе.
І была стродкая вайна зь Пілішчанмі ўсі дні Саўлавы. І як Саўла бачыў якога дужасіла альбо якога харобрага чалавека, то браў яго да сябе.