1 царстваў 23 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Паведамілі Давіду, кажучы: вось, Філістымляне напалі на Кэіль і рабуюць гумны.
 
І наказалі Давіду, кажучы: «Вось, Пілішчане ваююць Кеілу і глабаюць такі».

І спытаўся Давід у Госпада. кажучы: ці ісьці мне, і ці паб’ю я гэтых Філістымлянаў? І адказваў Гасподзь Давіду: ідзі, ты паб’еш Філістымлянаў і выратуеш Кэіль.
 
І пытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці імне йсьці і ўдырыць на гэтых Пілішчан?» І сказаў СПАДАР Давіду: «Ідзі і ўдыр на Пілішчан, і выратуеш Кеілу».

Але тыя, што былі з Давідам, сказалі яму: вось, мы баімся тут у Юдэі, як жа нам ісьці ў Кэіль супроць рушэньняў Філістымскіх?
 
А людзі Давідавы сказалі яму: «Вось, мы баімся тут у Юдэі, пагатове, калі пойдзем да Кеілы супроці войска Пілісцкага».

Тады зноў спытаў Давід у Госпада, і адказваў яму Гасподзь і сказаў: устань і йдзі ў Кэіль, бо Я перадам Філістымлянаў у рукі твае.
 
І ўзноў пытаўся Давід у СПАДАРА, і адказаў яму СПАДАР, і сказаў: «Устань і зыйдзі да Кеілы, бо Я аддам Пілішчан у рукі твае».

І пайшоў Давід зь людзьмі сваімі ў Кэіль, і ваяваў зь Філістымлянамі, і забраў быдла іхняе, і ўчыніў ім вялікае пабоішча, і выратаваў Давід жыхароў Кэіля.
 
І пайшоў Давід а людзі ягоныя да Кеілы; і ваяваў зь Пілішчанмі, і павёў статкі іхныя, і паразіў іх паразаю вялікаю, і выратаваў жыхараў Кеілы.

Калі Авіятар, сын Ахімэлэхаў, прыбег да Давіда ў Кэіль, дык прынёс з сабою і наплечнік.
 
І было, як уцякаў Авафар Агімелешанак да Давіда да Кеілы, то прышоў з наплечнікам у руццэ сваёй.

І данесьлі Саўлу, што Давід прыйшоў у Кэіль, і Саўл сказаў: Бог аддаў яго ў рукі мае, бо ён замкнуўся, увайшоўшы ў горад з брамамі і замкамі.
 
І наказалі Саўлу, што Давід прышоў да Кеілы, і Саўла сказаў: «Бог перадаў яго ў рукі мае, бо ён запер сябе, увыйшоўшы ў места з брамамі й заваламі».

І склікаў Саўл увесь народ на вайну, каб ісьці да Кэіля, аблажыць Давіда і людзей ягоных.
 
І згукаў Саўла ўвесь люд на вайну, каб зыйсьці да Кеілы, аблегчы Давіда а людзёў ягоных.

Калі даведаўся Давід, што Саўл намысьліў супроць яго ліхое, сказаў сьвятару Авіятару: прынясі наплечнік.
 
Як даведаўся Давід, што Саўла задумаў супроці яго ліха, то сказаў сьвятару Авафару: «Прынясі наплечнік».

І сказаў Давід: Госпадзе Божа Ізраілеў! Раб твой пачуў, што Саўл хоча прыйсьці ў Кэіль, спустошыць горад празь мяне.
 
І сказаў Давід: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! пачуўшы пачуў слуга твой, што Саўла хоча прысьці да Кеілы, разбурыць места дзеля мяне.

Ці аддадуць мяне жыхары Кэіля ў рукі яму? І ці прыйдзе сюды Саўл, як чуў раб Твой? Госпадзе Божа Ізраілеў! адкрый рабу Твайму. І сказаў Гасподзь: прыйдзе.
 
Ці выдадуць спадары Кеілы ў рукі яму? Ці зыйдзе сюды Саўла, як чуў слуга Твой? СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! скажы слузе Свайму». І сказаў СПАДАР: «Прыйдзе».

І сказаў Давід: ці аддадуць жыхары Кэіля мяне і людзей маіх у рукі Саўлу? І сказаў Гасподзь: аддадуць.
 
І сказаў Давід: «Ці выдадуць спадары Кеілы мяне а людзёў маіх у рукі Саўлу?» І сказаў СПАДАР: «Выдадуць».

Тады падняўся Давід і людзі ягоныя, каля шасьцісот чалавек, і выйшлі з Кэіля і хадзілі, дзе маглі. А Саўлу было данесена, што Давід уцёк з Кэіля, і тады ён адмяніў паход.
 
Тады ўстаў Давід а людзі ягоныя каля шасьцьсот чалавекаў, і вышлі з Кеілы, і хадзілі, ідзе маглі. Саўлу ж наказалі, што Давід уцёк із Кеілы, і тады ён паняхаіў паход.

А Давід заставаўся ў пустыні ў недаступных мясьцінах і потым на гары ў пустыні Зіф. А Саўл шукаў яго кожны дзень; але Бог не аддаў Давіда ў рукі ягоныя.
 
І прабываў Давід на пустыні ў няпрыступных месцах, і прабываў на гары на пустыні Зыф. Саўла шукаў яго ўсі дні, але Бог не аддаў у рукі яму.

І бачыў Давід, што Саўл выйшаў шукаць душы ягонай; а Давід быў у пустыні Зіф у лесе.
 
І бачыў Давід, што Саўла вышаў шукаць душы ягонае; Давід жа быў на пустыні Зыф у лесе.

І ўстаў Ёнатан, сын Саўлаў, і прыйшоў да Давіда ў лес, і ўмацаваў яго спадзяваньнем на Бога,
 
І ўстаў Ёнафан Саўлянок, і прышоў да Давіда да лесу, і пасіліў рукі ягоныя ў Богу.

і сказаў яму: ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука бацькі майго Саўла, і ты будзеш цараваць над Ізраілем, а я буду другі пасьля цябе; і Саўл, бацька мой, ведае гэта.
 
І сказаў яму: «Ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука айца майго Саўлы, і ты будзеш гаспадарстваваць у Ізраелю, а я буду другім па табе; і Саўла ацец мой, ведае гэта».

І паклалі яны паміж сабою заруку прад абліччам Госпада; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнатан пайшоў у дом свой.
 
І ўчынілі яны мяжсобку змову перад відам СПАДАРОВЫМ; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнафан пайшоў да дому свайго.

І прыйшлі Зіфэі да Саўла ў Гіву, кажучы: вось, Давід хаваецца ў нас у недаступных мясьцінах, у лесе, на пагорку Гэхіла, што направа ад Есімона;
 
І ўзышлі Зыфяне да Саўлы да Ґівеі, кажучы: «Ці не хаваецца Давід у нас у непрыступных месцах, у лесе, на ўзгорку Гахіла, каторы направа ад Ешымону.

дык вось, па жаданьні душы тваёй, цару, ідзі; а нашым чынам будзе аддаць яго ў рукі цара.
 
Дык, на жаданьне душы караля спусьціцца — спусьціся, а нам застанецца перадаць яго ў рукі твае».

І сказаў ім Саўл: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што пашкадавалі мяне;
 
І сказаў ім Саўла: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА, бо пажалелі мяне!

ідзеце, упэўніцеся яшчэ і высачыце месца ягонае, дзе будзе нага ягоная, і хто бачыў яго там, бо мне кажуць, што ён вельмі хітры;
 
Ідзіце, я прашу вас, прыгатуйце яшчэ, і даведайцеся, і назірайце месца ягонае, ідзе нага ягоная будзе, хто бачыў яго там; бо імне кажуць, што ён надта хітры.

і высачыце, і разьведайце ўсе ягоныя сховішчы, у якіх ён тоіцца, і вярнецеся да мяне з пэўнаю весткаю, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ва ўсіх тысячах Юдавых.
 
Затым назірайце й даведайцеся праз усі сховы, ідзе ён хаваецца, і ўзноў прыйдзіце да мяне з пэўнасьцяй, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ў вусіх тысячах Юдзіных».

І ўсталі яны і пайшлі ў Зіф раней за Саўла. А Давід і людзі ягоныя былі ў пустыні Маон, на раўніне, направа ад Есімона.
 
І ўсталі яны, і пайшлі да Зыфу перш за Саўлу. Давід жа а людзі ягоныя былі на пустыні Маон, на раўніне, направа ад Ешымону.

І пайшоў Саўл зь людзьмі сваімі шукаць яго. Але Давіду паведамілі пра гэта, і ён перайшоў да скалы і заставаўся ў пустыні Маон. І дачуўся Саўл і пагнаўся за Давідам у пустыню Маон.
 
І пайшоў Саўла зь людзьмі шукаць яго. Але Давіду наказалі, і ён зышоў на скалу, і жыў на пустыні Маон. І пачуў Саўла, і пагнаўся за Давідам на пустыню Маон.

І йшоў Саўл па адным баку гары, а Давід зь людзьмі сваімі быў па другі бок гары. І калі Давід сьпяшаўся ўцячы ад Саўла, а Саўл зь людзьмі сваімі ішоў у абыход Давіду і людзям ягоным, каб захапіць іх,
 
І йшоў Саўла па адным баку гары, а Давід ізь людзьмі сваімі быў на другім баку гары. І як Давід барзьдзіў уцячы ад Саўлы, то Саўла зь людзьмі сваімі йшоў абступіць Давіда а людзёў ягоных, каб захапіць іх;

тады прыйшоў да Саўла вястун, кажучы: сьпяшайся і прыходзь, бо Філістымляне напалі на зямлю.
 
Тады прышоў пасланец да Саўлы, кажучы: «Барзьдзі а прыходзь, бо Пілішчане пашырыліся ў Ізраелю».

І вярнуўся Саўл ад перасьледу Давідавага і пайшоў насустрач Філістымлянам; таму і назвалі гэтую мясьціну: Сэла-Гамахлэкот.
 
І зьвярнуўся Саўла ад пагону за Давідам, і пайшоў наўпярэймы Пілішчанам; затым назвалі гэтае месца: Скала Падзелу.