1 царстваў 24 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І выйшаў Давід адтуль і жыў у бясьпечных мясьцінах Эн-Гадзі.
 
І сталася, як Саўла зьвярнуўся ад Пілішчан, што яму наказалі, кажучы: «Вось, Давід на пустыні Эн-Ґеды».

Калі Саўл вярнуўся ад Філістымлянаў, яму паведамілі, кажучы: вось, Давід у пустыні Эн-Гадзі.
 
І ўзяў Саўла тры тысячы выборных мужоў з усёга Ізраеля, і пайшоў шукаць Давіда а людзёў ягоных на скалах дзікіх коз.

І ўзяў Саўл тры тысячы выбраных мужчын з усяго Ізраіля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных па гарах, дзе жывуць сарны.
 
І прышоў аж да авечнікаў, ля дарогі; там была пячора, і зайшоўся туды накрыць ногі свае; Давід жа а людзі ягоныя сядзелі ўнутры па бакох пячоры.

І прыйшоў да кашары авечай, пры дарозе; там была пячора, і зайшоў туды Саўл дзеля патрэбы; а Давід і людзі ягоныя сядзелі ўглыбіні пячоры.
 
І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Во дзень, праз каторы сказаў табе СПАДАР: "Вось, Я аддам злосьніка твайго ў рукі твае, і зробіш ізь ім, што табе любя"». Давід устаў і ціхусенька адрэзаў крысо вопраткі Саўлавае.

І казалі Давіду людзі ягоныя: вось дзень, пра які казаў табе Гасподзь: вось, Я аддам ворага твайго ў рукі твае, і зробіш зь ім, што табе заўгодна. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край ад верхняй вопраткі Саўла.
 
І было просьле гэтага, што забілася сэрца ў Давіда, што ён адрэзаў крысо Саўлавае.

Але пасьля гэтага забалела на сэрцы ў Давіда, што ён адрэзаў край ад вопраткі Саўла.
 
І сказаў ён людзём сваім: «Крый мяне СПАДАР, каб я зрабіў гэта спадару свайму, памазанцу СПАДАРОВАМУ, выцягнуў руку сваю на яго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ».

І сказаў ён людзям сваім: хай не дапусьціць мне Гасподзь зрабіць гэта гаспадару майму, памазанцу Гасподняму, каб накласьці руку маю на яго, бо ён памазанец Гасподні.
 
І ўдзяржаў Давід людзёў сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім паўстаць на Саўлу. А Саўла ўстаў зь пячоры і вышаў на дарогу.

І стрымаў Давід людзей сваіх гэтымі словамі і ня даў ім паўстаць на Саўла. А Саўл устаў і выйшаў зь пячоры на дарогу.
 
І ўстаў Давід, і вышаў зь пячоры, і закрычэў за Саўлам, кажучы: «Спадару мой каролю!» Саўла азірнуўся назад, а Давід паў відам на зямлю й пакланіўся.

Потым устаў і Давід, і выйшаў зь пячоры, і закрычаў усьлед Саўлу, кажучы: гаспадару мой, цару! Саўл азірнуўся, і Давід упаў тварам на зямлю і пакланіўся.
 
І сказаў Давід Саўлу: «Чаму ты слухаеш словаў людзёў, каторыя кажуць: "Вось, Давід шукае ліха табе"?

І сказаў Давід Саўлу: навошта ты слухаеш словы людзей, якія кажуць: вось, Давід намышляе ліхое на цябе?
 
Вось, сядні бачаць вочы твае, што СПАДАР аддаваў цябе цяпер у рукі мае ў пячоры; і імне казалі, каб забіць цябе; але я пажалеў цябе і сказаў: "Ня выцягну рукі свае на спадара свайго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ".

Вось, сёньня бачаць вочы твае, што Гасподзь аддаваў цябе сёньня ў рукі мае ў пячоры, і мне казалі, каб забіць цябе; але я пашкадаваў цябе і сказаў: не падыму рукі маёй на гаспадара майго, бо ён памазанец Госпада.
 
І, войча мой! глянь, глянь жа на крысо сваё ў руццэ маёй; я адрэзаў крысо вопраткі твае, а цябе не забіў. Ведай і глянь, што няма ў руццэ маёй ліха ані выступу, і я не ізграшыў супроці цябе; а ты палюеш на душу маю, каб адняць яе.

Бацька мой! паглядзі на край вопраткі тваёй у руцэ маёй: я адрэзаў край вопраткі тваёй, а цябе не забіў; пазнай і пераканайся, што няма ў руцэ маёй ліха, ні падступства, і я не зграшыў супроць цябе; а ты шукаеш душы маёй, каб забраць яе.
 
Рассудзі СПАДАР памеж імною й табою, і памсьці табе СПАДАР за мяне; але рука мая ня будзе на табе;

Хай рассудзіць Гасподзь паміж мною і табою, і хай адпомсьціць табе Гасподзь за мяне; але рука мая ня будзе на табе,
 
Як кажа старавечная прыказь: "Ад бяспраўных выходзе бяспраўе". Але рукі мае хай ня будзе на табе.

як павядае старадаўняя прыпавесьць: ад беззаконных паходзіць беззаконьне. А мая рука ня будзе на табе.
 
На каго вышаў кароль Ізраельскі? За кім ганяешся? За мертвым сабакам, за аднэй блыхою.

Супроць каго выйшаў цар Ізраільскі? За кім ты ганяешся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою.
 
СПАДАР хай будзе судзьдзёю і рассудзе меж імною й табою. Ён рассудзе, абароне маю справу й высудзе мяне з рукі твае».

Гасподзь хай будзе судзьдзёю паміж мною і табою. Ён разгледзіць, разьбярэ справу маю і выратуе мяне ад рукі тваёй.
 
Як скончыў Давід гукаць словы гэтыя Саўлу, Саўла сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» І ўзьняў Саўла голас свой, і плакаў.

Калі скончыў Давід гаварыць словы гэтыя да Саўла, Саўл сказаў: ці твой гэта голас, сыне мой Давідзе? І ўзвысіў Саўл голас свой, і плакаў,
 
І сказаў Давіду: «Ты справядліўшы за мяне, бо ты плаціў імне дабром, а я аддаваў табе ліхам.

і сказаў Давіду: твая большая праўда за маю, бо ты адплаціў мне дабром, а я плаціў табе злом;
 
Ты паведаміў гэта сядні, як гэта ты абходзішся з імною добра; як СПАДАР аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.

ты паказаў гэта сёньня, абышоўшыся са мною мілажальна: калі Гасподзь аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне.
 
Хто, знайшоўшы злосьніка свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? СПАДАР аддасьць табе добрым за тое, што ты зрабіў імне сядні.

Хто, знайшоўшы ворага свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? Гасподзь заплаціць табе дабром за тое, што ты зрабіў мне сёньня.
 
І цяпер я ведаю, што ты напэўна будзеш каралём, і ўтрывалена будзе ў руццэ тваёй гаспадарства Ізраелява.

І цяпер я ведаю, што ты канечне будзеш цараваць, і царства Ізраілевае будзе цьвёрдае ў руцэ тваёй.
 
Дык прысягні імне СПАДАРОМ, што ты ня выкараніш патомства майго просьле мяне і ня зьнішчыш імені майго ў доме айца майго».

Дык вось, запрысягніся мне Госпадам, што ты ня выкараніш нашчадкаў маіх пасьля мяне і ня зьнішчыш імя майго ў доме ў бацькі майго.
 
І прысяг Давід Саўлу. І пайшоў Саўла да дому свайго, Давід жа а людзі ягоныя ўзышлі на месца абароннае.

І прысягнуў Давід Саўлу. І пайшоў Саўл у дом свой, а Давід і людзі ягоныя ўвайшлі ў месца ўмацаванае.