Эстэр 3 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Па гэтых падзеях цар Асуэр узвысіў Амана, сына Амадата, які быў з роду Агага, і паставіў пасад яго па-над усімі князямі, якіх ён меў.
Пасьля гэтых падзеяў узьвялічыў валадар Ахашвэрош Амана, сына Гамэдата, Агагяніна, і ўзьняў яго, і паставіў пасад ягоны вышэй за ўсіх князёў, якія [былі] з ім.
Усе паслугачы цара, якія былі ў брамах палаца, укленчвалі і давалі паклон перад Аманам; бо так загадаў цар адносна яго. Толькі адзін Мардахэй не кленчыў і не кланяўся яму.
І ўсе слугі валадара, якія [былі] пры браме валадарскай, кленчылі і схіляліся перад Аманам, бо гэтак загадаў валадар. А Мардэхай ня кленчыў і не схіляўся.
Сказалі яму паслугачы цара, якія стаялі пры браме палаца: «Чаму не спаўняеш загаду цара?»
І сказалі слугі валадара, якія пры браме валадарскай, Мардэхаю: «Чаму ты парушаеш прыказаньне валадара?»
І паколькі так даволі часта гаварылі і ён не слухаў, дык сказалі Аману, каб пабачыць, ці будзе ён трымацца свайго пераканання; бо ён сказаў ім, што ён юдэй.
І сталася, што яны гаварылі яму кожны дзень, а ён ня слухаў іх, і яны данесьлі Аману, каб паглядзець, ці вытрывае ў слове Мардэхай, бо ён выявіў, што ён — Юдэй.
І калі Аман на справе ўбачыў, што Мардахэй не кленчыць перад ім і не б’е паклону, разгневаўся надта,
І ўбачыў Аман, што Мардэхай ня кленчыць і не пакланяецца яму, і напоўніўся Аман гневам.
і ён палічыў гэта за нішто, каб падняць руку сваю толькі на Мардахэя, — бо чуў ён, што ён з народа юдэйскага, — больш таго, хацеў знішчыць усіх юдэяў, што жылі ў царстве Асуэра, як нацыю.
І ён пагрэбаваў у вачах сваіх узьняць руку сваю на аднаго Мардэхая, але калі выявілі яму народ Мардэхая, шукаў Аман, каб выгубіць усіх Юдэяў, народ Мардэхая, які ў-ва ўсім валадарстве Ахашвэроша.
У першы месяц, які завецца Нісан, у дваццаты год валадарання цара Асуэра, кінута было ў урну жэрабя, якое называецца пур, у прысутнасці Амана — у гэты дзень і ў гэты месяц народ юдэяў павінен быць знішчаны; і выпаў трынаццаты дзень дванаццатага месяца, што завецца Адар.
У першы месяц, значыцца месяц Нісан, у дванаццаты год валадара Ахашвэроша, кідалі пур, значыцца жэрабя, перада абліччам Амана дзень пры дні, месяц пры месяцы, і [жэрабя выпала] на дванаццаты [месяц] Адар.
І сказаў Аман цару Асуэру: «Ёсць народ, раскінуты і адасоблены ад народаў ва ўсіх правінцыях твайго царства; і карыстаецца ён чужымі законамі, якіх іншыя не ведаюць; звыш таго, царскіх пастаноў ён таксама не спаўняе; іх нельга пакідаць у супакоі і цару не належыць [так рабіць].
І сказаў Аман валадару Ахашвэрошу: «Ёсьць адзін народ, расьцярушаны і падзелены паміж народамі ў-ва ўсіх акругах валадарства твайго; і законы іхнія розьняцца ад [законаў] усіх народаў, і законаў валадара яны не выконваюць; і валадару не карысна пакінуць іх [без увагі].
Калі табе падабаецца, рашы пісьмова, каб іх выгубіць, і я заплачу скарбнікам скарбоўні тваёй дзесяць тысяч талентаў срэбра, каб іх унесці ў скарб царскі».
Калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай будзе напісана, каб яны былі выгублены; і я адважу дзесяць тысячаў талентаў срэбра на рукі тых, якія зробяць гэтую працу, каб занесьлі ў скарбніцу валадара».
Дык зняў цар пярсцёнак свой з рукі сваёй ды даў яго Аману, сыну Амадата, з роду Агага, ворагу юдэяў.
І зьняў валадар сыгнэт свой з рукі сваёй, і даў яго Аману, сыну Гамэдата, Агагяніну, ворагу Юдэяў.
І сказаў цар яму: «Хай срэбра, якое ты абяцаў, тваім будзе; з народам рабі, што табе падабаецца».
І сказаў валадар Аману: «Срэбра гэтае аддаю табе, і народ гэты. Рабі з ім, як добра ў вачах тваіх».
І скліканы былі пісары царскія трынаццатага дня першага месяца, ды было напісана ўсё, што загадаў Аман усім сатрапам царскім, і кіраўнікам правінцый, і князям паасобных народаў, каб кожны народ мог пачытаць і паслухаць на сваёй мове ад імя цара Асуэра; ды запячаткаваны былі лісты яго царскім пярсцёнкам.
І паклікалі пісараў валадарскіх у трынаццаты дзень першага месяца, і яны напісалі ўсё, што загадаў Аман, да сатрапаў валадара і да ваяводаў, якія ў кожнай акрузе, і князям кожнага народу, у кожную акругу пісьмом ейным і кожнаму народу — моваю ягонай; напісалі ад імя валадара Ахашвэроша і запячаталі сыгнэтам валадара.
Разасланы былі лісты праз вестуноў усім царскім правінцыям, каб выгубіць, і выбіць, і знішчыць усіх юдэяў: ад дзіцяці аж да старца, малых і жанчын у адзін дзень, гэта значыць у дзень трынаццаты дванаццатага месяца, які называецца Адар, і маёмасць іх адабраць. 13а А копія ліста была такая: «Вялікі цар Артаксэркс піша гэта князям і правіцелям ста дваццаці сямі правінцый ад Індыі аж да Этыёпіі, якія падначалены яго ўладзе: 13б “Калі авалодаў я вельмі многімі народамі ды калі падначаліў сваёй уладзе ўвесь свет, зусім не хацеў я карыстацца моцаю ўлады сваёй, але заўсёды справядліва і спагадна дзейнічаў я, спраўляючы сваю ўладу над жыццём падначаленых без аніякага запалохвання і захоўваючы царства мірным і адкрытым аж да межаў яго, каб вярнуць усім смяротным жаданы супакой. 13в Калі пытаўся я ў сваіх дарадчыкаў, як можна гэта спакойна ажыццявіць, адзін з іх, Аман, які адрозніваўся ад іншых разважлівасцю, і добрай воляй, і пастаяннай вернасцю, і займае пасля цара другое месца, 13г выявіў мне, што паміж плямёнаў усяго свету рассеяны адзін народ, варожа настроены, які сваімі законамі працівіцца ўсім народам, не дбае ніколі пра распараджэнні цароў, каб не было згоды між народамі, намі змацаванай. 13д Калі мы пра гэта даведаліся, бачачы, што адзін гэты народ, бунтуючы супраць усіх родаў чалавечых, карыстаецца нясталымі законамі і працівіцца нашым справам, робіць найгоршае і парушае супакой у царстве, 13е дык мы загадалі, каб асобы, якіх вызначыць у лістах Аман, — які з’яўляецца загадчыкам дзяржаўных спраў ды каго мы лічым другім бацькам, — разам з жонкамі і дзецьмі згінулі цалкам ад мечаў супраціўнікаў і каб нікога з іх не пашкадавалі — чатырнаццатага дня дванаццатага месяца Адар гэтага года; 13ё каб тыя людзі, якія ўжо даўно з’яўляюцца ліхімі, у адзін дзень сілаю былі сасланы ў вечную цемру і каб на будучыню забяспечылі нам назаўсёды і цалкам спакой дзяржавы. 13ж Калі ж хто скрые род іх, той не будзе мець жыцця не толькі між людзей, але і між птушак, і будзе спалены святым агнём, і маёмасць яго будзе аддадзена дзяржаве. Бывайце!”»
І пасланы былі лісты ганцамі ў-ва ўсе акругі валадарскія, каб вынішчыць, забіць і выгубіць усіх Юдэяў, ад юнака аж да старога, дзяцей і жанчынаў, у адзін дзень, трынаццаты дзень дванаццатага месяца, значыцца месяца Адар, і маёмасьць іхнюю разрабаваць.
А копія лістоў, як закон, абвешчана была ва ўсіх правінцыях, каб ведалі ўсе народы ды прыгатаваліся на вызначаны дзень.
Водпіс гэтага пісаньня каб быў перададзены як закон у кожную акругу, каб быў абвешчаны ўсім народам, каб яны былі гатовыя да гэтага дня.
Вестуны, якіх паслалі, спяшаліся выканаць загад цара; калі цар і Аман спраўлялі застолле — хутка і ў Сузах быў вывешаны эдыкт, чым выклікаў у самім горадзе замяшанне. 15а І застоллі справілі ўсе пагане; цар жа і Аман, калі ён увайшоў у царскі палац, з прыяцелямі частаваліся. 15б Дык усюды разыходзілася копія ліста, плач і вялікая жалоба была ва ўсіх юдэяў. 15в Юдэі прызывалі Бога бацькоў сваіх і маліліся: 15г «Госпадзе, Божа, Ты адзіны Бог над намі ў небе, і няма іншага Бога, акрамя Цябе. 15д Калі б бо спаўнялі закон Твой і прыказанні, жылі б бяспечна і спакойна ўвесь час жыцця нашага. 15дж Цяпер жа за тое, што не споўнілі прыказанні Твае, нахлынула на нас уся гэта бяда. 15дз Справядлівы Ты, і міласцівы, і ўзвышні, і магутны, Госпадзе, і ўсе дарогі Твае справядлівыя. 15е Ды цяпер, Госпадзе, не аддавай дзяцей сваіх у няволю, ані жонак нашых на ганьбу і загубу, — Ты, Які быў да нас літасцівым ад Егіпта аж дасюль. 15ё Злітуйся над галоўнай часткай Тваёй і не аддавай на ганьбу Тваю спадчыну, каб ворагі нашы не ўладарылі».
Ганцы выйшлі, сьпяшаючыся паводле слова валадара, і закон быў абвешчаны ў Шушане сталіцы. І валадар і Аман селі, каб піць, а горад Шушан быў у замяшаньні.