1 Гэтак з першага году Дарыя Мідыйскага я стаўся яму падпорай і ўзмацаваньнем.
2 Цяпер я абвешчу табе праўду: вось яшчэ тры каралі будуць панаваць у Пэрсыі, потым чацьверты перавысіць усіх вялікім багацьцем і калі ўзмоцніцца ў багацьці сваім, дык узьніме ўсіх супроць каралеўства Грэцыі.
3 І паўстане магутны кароль, які будзе панаваць з вялікай уладай і будзе дзеяць паводле сваёй волі.
4 А калі ён узмоцніцца, будзе зьнішчанае ягонае каралеўства і будзе разьдзеленае на чатыры староны сьвету і пяройдзе не да ягоных нашчадкаў і ня з тэй уладаю, з якой ён панаваў, бо будзе падзеленае ягонае каралеўства і дастанецца іншым, апрача гэтых.
5 Тады ўзмоцніцца кароль з паўдня і адзін з ягоных князёў пераможа яго і будзе панаваць і дзяржава ягоная будзе вялікая.
6 Але праз некалькі гадоў яны злучацца і дачка паўдзённага караля прыйдзе да паўночнага караля, каб зрабіць саюз, але яна не ўтрымае сілы ў сваіх рукох, не ўтрымаецца і род яе, але будзе выданая яна і тыя, якія яе прывядуць і сын яе і той, хто ёй памагаў у тыя часы.
7 Потым паўстане парастак ад карэньня яе, прыйдзе да войска і ўвойдзе ў абаронныя месцы паўночнага караля і будзе дзеяць у іх і ўзмоцніцца;
8 нават і багоў іх з князямі іх з іх дарагімі начыньнямі, залатымі і серабранымі, завязе ў няволю ў Эгіпет і на некалькі гадоў будзе бязьпечная ад паўночнага караля,
9 хаця гэты і зробіць напад на каралеўства паўдзённага караля, але вернецца ў сваю зямлю.
10 Потым узброяцца ягоныя сыны і зьбяруць вялізарнае войска і адзін з іх пойдзе хутка, як паводка, потым вяртаючыся будзе змагацца з ім да ўзмацаваньня яго.
11 І разазлуецца паўдзённы кароль і выступіць і будзе змагацца з ім, з паўночным каралём і прыгатуе вялікае войска і будзе войска пярэданае ў ягоныя рукі.
12 І падбадзёрыцца войска і ўзьнімаецца сэрца, хаця пераможа шмат тысячаў, аднак не ўзмоцніцца,
13 бо паўночны кароль вернецца і выставіць вялікае войска і праз некалькі гадоў хутка прыйдзе з вялікім войскам і вялікім багацьцем.
14 У тыя часы многія паўстануць супроць паўдзённага караля і бунтарныя з сыноў твайго народу ўздымуцца, каб споўнілася відзеж і ўпадуць.
15 Бо прыйдзе паўночны кароль, насыпець валы і завалодае абаронным горадам і рукі паўдня не ўтрымаюцца, ані выбраныя войскі ня будуць мець сілы для адпору.
16 І хто выйдзе да яго, будзе дзеяць паводле ягонай волі і ніхто не ўтрымаецца перад ім і на слаўнай зямлі паставіць свой лягер і яна пацерпіць ад ягонай рукі.
17 Потым будзе мець намер увайсьці ў усімі сіламі свайго каралеўства і справядлівыя з ім і выканае гэта, бо дасьць яму прыгожую дачку на згубу, але гэты намер не ўдасцца і ня будзе яму карысьці з гэтага.
18 Потым зьверне твар свой да выспаў і завалодае многімі, але нейкі правадыр спыніць ганьбу і нават сваю ганьбу аберне на яго.
19 Тады зьверне твар свой на ўмацаваньні сваёй зямлі, але паткнецца і ўпадзі і ня стане яго.
20 На ягонае месца паўстане нехта, які пашле зьбіральніка падаткаў, прайсьці па каралеўству славы, але і ён пасьля нямногіх дзён згіне і не ад паўстаньня і не ў бойцы.
21 Потым паўстане на ягонае месца пагарджаны, хаця не адзенецца яму каралеўскіх аздобаў, але прыйшоўшы ў міры атрымае каралеўства пахлебствам,
22 і затапляючыя войскі будуць затопленыя і скрышаныя ім, таксама і правадыр, які з ім заключыў саюз.
23 Бо заключыўшы з ім саюз ён будзе дзеяць ашуканствам і прыйшоўшы пераможа з малым народам.
24 Ён увойдзе ў найбагацейшыя і бязьпечныя месцы краіны і зробіць тое, чаго не рабілі ягоныя бацькі і бацькі ягоных бацькоў; дабычу, награбленую маемасьць і багацьце будзе дзяліць сваім і нават будзе думаць аб абаронных месцах, але толькі да часу.
25 Потым узбудзіць сілы свае і сэрца сваё з шматлікім войскам супроць паўдзённага караля і паўдзённы кароль выйдзе на вайну з вялікім і яшчэ мацнейшым войскам, але не ўтрымаецца, бо супроць яго будзе здрада.
26 Нават тыя, што елі хлеб яго, згубяць яго, калі ягонае войска разальеца, як паводка і ляжа шмат забітых.
27 Тады абодва каралі будуць думаць у сэрцы сваім, як бы зашкодзіць адзін другому і за адным сталом будуць гаварыць ману, але ім ня ўдаецца, бо канец будзе яшчэ адложаны на іншы час.
28 І вернецца ў зямлю сваю з вялікім багацьцем і варожым намерам супроць сьвятога саюза і ён споўніць яго і вернецца ў сваю зямлю.
29 А ў азначаны час ізноў пойдзе ён на поўдзень, але ня будзе яму паводжаньня, такога, як раней,
30 бо ў адзін час з ім прыбудуць караблі з Кітым і ён упадзе духам, вернецца і разгневаецца на сьвяты саюз і выканае свой намер і ізноў паразумеецца з тымі, які пакінулі сьвяты саюз.
31 І будуць стаяць пры ім вялікія войскі, якія зганьбяць сьвятарню і зьнішчаць абароннае месца і спыняць штодзёную ахвяру і паставіць агіду спусташэньня.
32 Тых, якія бязбожна паступалі супроць сьвятога саюза ён прыцягне да сябе пахлебствам, але людзі, якія знаюць свайго Бога ўзмоцняцца і будуць дзеяць.
33 Затым тыя, што вучаць народ, якія вучаць шмат каго, будуць падаць ад мяча і вагню, ад палону і грабежу
34 і ў часе паданьня будуць мець нейкую дапамогу, бо многія, хаця няшчыра, далучацца да іх.
35 З тых, якія вучаць іншых, будуць падаць для выпрабаваньня іх і ачышчэньня і выбяленьня на апошні час, бо ёсьць яшчэ час да азначанага часу.
36 І будзе рабіць кароль той паводле сваёй волі і ўзьнімецца і ўзьвялічыцца вышэй усякага бога і будзе гаварыць блюзьнерствы супроць Бога багоў і будзе мець посьпех, пакуль ня выканаецца гнеў, бо тое, што празначана — споўніцца.
37 І аб багох бацькоў сваіх ён не падумае, ані аб каханьні жанчынаў, ані аб ніякім бозе, бо ўзьвялічыць сябе больш усіх.
38 А на месца наймацнейшага Бога будзе шанаваць бога, якога ня ведалі ягоныя бацькі. Ён будзе шанаваць золатам і серабром і дарагімі каменьнямі і рожнымі дарагімі рэчамі,
39 і зробіць цьвярдыню чужым багом, якія прызнаюць яго: тым павялічыць пашану і дасьць уладу над многімі і раздасьць у ўзнагароду зямлю.
40 Пры канцы-ж часу будзе з ім змагацца кароль з паўдня і паўночы кароль прыйдзе, як бура на яго, з вазамі, ездакамі, шматлікімі караблямі і нападзе на зямлю, як паводка і пройдзе праз яе.
41 І ўвойдзе ён у прыгожую зямлю і многія акругі пацерпяць і збавіцца ад ягонай рукі толькі Эдом, Мааб і большасьць сыноў Амонавых.
42 І працягне руку сваю на рожныя краіны; ня збавіцца і зямля Эгіпская,
43 бо завалодае ён скарбамі золата і серабра і рожнымі дарагімі рэчамі Эгіпту; Лібійцы і Этыопы пойдуць за ім.
44 Чуткі аднак з усходу і поўначы спужаюць яго і выйдзе ён з вялікай ярасьцяй, каб нішчыць і губіць многіх,
45 і раскіне ён палаткі палацу свайго між морам і гарою слаўнай сьвятарні, але прыйдзе да свайго канца і ніхто яму не дапаможа.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Данілы, 11 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.