Біблія » Пераклады » Пераклад Леаніда Галяка

Данілы 2 Кніга Данілы 2 разьдзел

1 На другі год панаваньня Набухаданосара, меў Набухаданосар сон і ўстрывожыўся ягоны дух і сон уцёк ад яго.
2 Тады загадаў кароль склікаць мудрацоў і варажбітаў і чарадзеяў і хальдэяў, каб яны расказалі каралю ягоны сон. Яны прыйшлі і сталі перад каралём.
3 І сказаў ім кароль: — прысьніўся мне сон і ўстрывожыўся мой дух, так што ня ведаю, што мне прысьнілася.
4 І сказалі хальдэі каралю па арамейскі: — кароль! Жыві вечна! Скажы сон слугам тваім, а мы вытлумачым ягонае значаньне.
5 Адказаў кароль і сказаў хальдэям: — я забыўся сон; калі вы не раскажаце мне сон і ягонае значэньне, дык будзеце разсечаныя на кавалкі, а вашыя дамы — зруйнаваныя,
6 калі-ж раскажаце сон і ягоне значэньне, дык атрымаеце ад мяне дары і ўзнагароду і вялікую чэсьць; дык скажэце мне сон і ягонае значаньне.
7 Яны паўторна адказалі сказалі: — няхай скажа кароль слугам сваім сон, а мы вытлумачым ягонае значаньне.
8 Адказаў кароль і сказаў: — напэўна ведаю, што вы ўмысна адвалакаеце, бачучы, што я забыўся сон.
9 Дзеля таго, што вы не расказываеце мне сну, дык у вас адзін намер, вы маеце намер ашуканска зманіць мяне, каб толькі прайшоў час; дзеля гэтага раскажэце мне сон і тады я буду ведаць ці будзеце вы магчы яго вытлумачыць.
10 Халдэі адказалі каралю, гаворачы: — няма на зямлі чалавека, які-б мог сказаць гэта каралю і дзеля гэтага ні водзін кароль, князь, ані пан не патрабаваў падобнага ні ад воднага мудраца, варажбіта і халдэя.
11 бо справа, якой вымагае кароль, так цяжкая, што ніхто іншы ня можа выявіць гэтага каралю, апрача багоў, якія ня жывуць з цялеснымі.
12 Кароль раз’яраны вельмі разгневаўся і загадаў пазабіваць усіх Бабілёнскіх мудрацоў.
13 Калі быў выданы гэты загад, каб забіваць мудрацоў, дык шукалі і Данілу і ягоных сяброў, каб забіць іх.
14 Тады Даніла зьвярнуўся з мудрасьцяй і радаю да Арыёха, каралеўскага гэтмана, які выйшаў забіваць Бабілёнскіх мудрацоў,
15 і спытаў Арыёха: — чаму такі суровы загад караля? — Тады Арыёх расказаў усё Даніле.
16 Даніла выйшаў і прасіў караля даць яму час і ён прадставіць каралю вытлумачэньне сну.
17 Даніла прыйшоў у дом свой і расказаў усё Ананіі, Місаілу і Азару, — сваім сябром,
18 каб яны прасілі ласкі ў Бога нябеснага, каб ня згінулі дзеля гэтай тайніцы Даніла і ягоныя сябры з іншымі Бабілёнскімі мудрацамі.
19 І адчыненая была Данілу, ў начной відзежы, тайніца і Даніла багаславіў Бога нябеснага.
20 Сказаў тады Даніла: — няхай будзе багаслаўлёнае імя Госпада ад веку і да веку, бо ў Яго мудрасьць і сіла;
21 Ён зьмяняе часы, годы; скідае і ўстанаўляе каралёў; дае мудрасьць мудрым і розум разумным.
22 Ён адчыняе глыбокія і схаваныя рэчы, ведае, што ў цемры, і сьвет жыве з Ім.
23 Слаўлю і вялічаю Цябе, Божа бацькоў маіх, што Ты дараваў мне мудрасьць і сілу і адчыніў мне тое, аб што мы Цябе прасілі, бо Ты адчыніў у начы каралеўскі сон.
24 Пасьля гэтага Даніла зайшоў да Арыёха, якому кароль загадаў пазабіваць Бабілёнскіх мудрацоў і сказаў яму: — не забівай Бабілёнскіх мудрацоў; вядзі мяне да караля, а я адчыню значаньне сну.
25 Тады Арыёх бязадвалочна прывёў Данілу да караля і сказаў: — я знайшоў з палонных сыноў Юдэі чалавека, які можа вытлумачыць каралю значаньне сну.
26 Кароль сказаў Даніле, названаму Бальтазарам: — ці можаш ты расказаць мне сон, які я бачыў і ягонае значаньне?
27 Адказаў каралю Даніла і сказаў: — тайніцы, пра якую пытаецца кароль, ня могуць адчыніць каралю ані мудрацы, ані варажбіты, ані чарадзеі, ані вяшчбіты,
28 але ёсьць на небе Бог, які адчыняе тайніцы. Ён адчыніў каралю Набухаданосару, што будзе ў апошнія дні: сон твой і відзеж, якія ты бачыў на ложы тваім наступныя:
29 ты, кароль, на ложы тваім думаў аб тым, што будзе потым, і той, хто адчыняе тайніцы, паказаў табе тое, што будзе.
30 Мне-ж гэтая тайніца была адчыненая не дзеля таго, што я мудрэйшы ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб адчынена было каралю разуменьне і каб ты пазнаў думкі твайго сэрца.
31 Табе, кароль, была такая відзеж: вось нейкая вялікая статуя, вялізарная гэта была статуя, а блыск ягоны быў значны і страшны быў ейны выгляд.
32 У гэтай статуі галава была з чыстага золата, грудзі ейныя і рукі — з серабра; жывот і бёдры — медныя;
33 лыдкі ейныя — зялезныя, ногі ейныя часткова зялезныя, часткова гліняныя.
34 Ты бачыў яе, пакуль не адламаўся ад гары камень, які ня бываў у руцэ, ударыў у статую, у зялезныя і гліняныя ногі яе і разьбіў іх.
35 Тады ўсё раскрышылася: зялеза, гліна, медзь, серабро і золата зрабіліся, як пыл летам на гумнішчы і вецер разнёс іх і не засталося ад іх сьляда, камень-жа, які разьбіў статую зрабіўся вялікай гарою і напоўніў усю зямлю.
36 Вось гэты сон. Вытлумачым перад каралём і ягонае значаньне.
37 Ты кароль — каралём каралёў, якому Бог нябесны дараваў каралеўства, уладу, моц і славу;
38 і ўсіх сыноў чалавечых, дзе-б яны не жылі, палявых зьвяроў і нябесных птушак Ён аддаў у тваю руку і ўстанавіў цябе ўладаром над усім гэтым; ты — гэта залатая галава.
39 Пасьля цябе паўстане другое каралеўства, слабейшае ад твайго і яшчэ трэцяе каралеўства — меднае, якое будзе панаваць на ўсёй зямлі,
40 А чацьвёртае каралеўства будзе моцнае, як зялеза, бо як зялеза ламае і крышыць усё, гэтак і яно, падобна зялезу — паламае і пакрышыць усё.
41 Тое-ж што ты бачыў ногі і пальцы на нагох часткова з ганчарнай гліны, а часткова з зялеза, дык каралеўства будзе разьдзеленае і ў ім застанецца трохі зялезнай моцы, так, як ты бачыў зялеза зьмешанае з ганчарнай глінай.
42 І так як пальцы ногаў былі часткова з зялеза, а часткова з гліны, так і каралеўства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.
43 Тое-ж што ты бачыў зялеза, зьмешанае з ганчарнай глінай, дык гэта значыць, што яны пародняцца паміж сабою, але не зьліюцца, як зялеза не зьмешываецца з глінаю.
44 За часоў гэных каралеўстваў Бог нябесны ўстановіць каралеўства, якое не разбурыцца на векі і каралеўства гэнае ня будзе перадана іншаму народу, але скрышыць і зруйнуе ўсе каралеўствы, а само будзе стаяць вечна.
45 Так як ты бачыў, што камень адарваны ад гары, які ня быў у рукох, а скрышыў зялеза, медзь, гліну, серабро і золата, дык гэтым вялікі Бог даў знаць каралю, што будзе пасьля. Праўдзівы гэты сон і дакладнае вытлумачэньне яго.
46 Тады кароль Набухаданосар упаў на сваё аблічча і пакланіўся Даніле і загадаў прынесьці яму дары і кадзіла.
47 Тады сказаў кароль Даніле: — запраўды ваш Бог ёсьць Бог багоў і Валадаром каралёў, які адчыняе тайніцы, бо ты мог выявіць гэтую тайніцу.
48 Тады ўзвысіў кароль Данілу і даў яму шмат вялікіх дароў і ўстанавіў яго над усёй Бабілёнскай краінай і галоўным начальнікам над усімі Бабілёнскімі мудрацамі.
49 Але Даніла прасіў караля і той паставіў Сэдраха, Місаха і Абдэнага над усімі справамі Бабілёнскай краіны, а Даніла застаўся пры каралеўскім двары.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Данілы, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.