1 А́нгелу Эфе́скай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто трыма́е сем зорак у пра́вай руцэ́ Сваёй, Хто хо́дзіць сяро́д сямí залаты́х свяцíльнікаў:
2 «ве́даю спра́вы твае, і пра́цу тваю, і сто́йкасць тваю, і тое, што ты не можаш трыва́ць ліхíх людзе́й, і ты вы́прабаваў тых, якія называ́юць сябе апо́сталамі, а імі не з’яўля́юцца, і вы́явіў, што яны лжы́выя;
3 ты мно́гае вы́трываў і маеш сто́йкасць, і дзе́ля імя́ Майго працава́ў ты і не знямо́г.
4 Але ма́ю су́праць цябе тое, што ты пакíнуў пе́ршую любо́ў тваю.
5 Дык вось, згада́й, адку́ль ты ўпаў, і пака́йся, і рабí тыя спра́вы, што і ране́й; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і зру́шу свяцíльнік твой з ме́сца яго, калі не пака́ешся.
6 Адна́к тое маеш добрае, што ненавíдзіш ты спра́вы мікалаíтаў, якія і Я ненавíджу.
7 Хто ма́е ву́ха, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ад дрэ́ва жыцця́, якое пасяро́д ра́ю Божага».
8 І А́нгелу Смíрнскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Пе́ршы і Апо́шні, Які быў мёртвым — і ажы́ў:
9 «ве́даю твае спра́вы, і го́ра, і гале́чу, — адна́к ты бага́ты, — і знява́гі ад тых, якія ка́жуць пра сябе, што яны Іудзе́і, але яны не Іудзе́і, а збо́рышча сатанíнскае.
10 Не бойся нічога з таго, што табе давядзе́цца перацярпе́ць. Вось, дыя́вал будзе кíдаць некато́рых з вас у цямнíцу, каб вы́прабаваць вас, і бу́дзеце ў го́ры дзе́сяць дзён. Будзь ве́рны да сме́рці, і дам табе вяне́ц жыцця́.
11 Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няха́й чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жца не зазна́е шко́ды ад друго́й сме́рці».
12 І А́нгелу Перга́мскай Царквы́ напішы́: так ка́жа Той, Хто ма́е двухбаковаво́стры меч:
13 «ве́даю спра́вы твае і тое, дзе ты жыве́ш: там, дзе прасто́л сатаны́; і ты трыма́ешся íмені Майго, і не адро́кся ад ве́ры Маёй на́ват у тыя дні, калі ў вас, там, дзе жыве́ сатана́, быў забíты ве́рны све́дка Мой Анцíпа.
14 Аднак ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ёсць там у цябе тыя, што трыма́юцца вучэ́ння Валаа́ма, які навучыў Вала́ка ўве́сці ў спаку́су сыно́ў Ізра́ілевых, каб яны е́лі ідалаахвя́рнае і жылí распу́сна.
15 Таксама ёсць у цябе і тыя, што трыма́юцца вучэ́ння мікалаíтаў, якое Я ненавíджу.
16 Пака́йся; а калі не, то ху́тка прыйду́ да цябе і буду ваява́ць з імі мячо́м ву́снаў Маіх.
17 Хто ма́е ву́ха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам: перамо́жцу дам спажыва́ць ма́нну тае́мную, і дам яму ка́мень белы і напíсанае на ка́мені імя́ но́вае, якога ніхто не ве́дае, акрамя́ таго, хто атры́млівае».
18 І А́нгелу Фіяты́рскай Царквы́ напішы́: так кажа Сын Божы, у Якога во́чы — як по́лымя во́гненнае, і но́гі падо́бны да ліва́нскай ме́дзі:
19 «ве́даю твае спра́вы, і любо́ў, і служэ́нне, і ве́ру, і сто́йкасць тваю, і тое, што апо́шнія спра́вы твае бо́льшыя за пе́ршыя.
20 Адна́к ма́ю і не́шта су́праць цябе, бо ты дазваля́еш жанчы́не Іезаве́лі, якая сябе называ́е праро́чыцай, навуча́ць і ўво́дзіць у зман рабо́ў Маіх, каб яны жылí распу́сна і е́лі ідалаахвя́рнае.
21 Я даў ёй час пака́яцца ў распу́сце яе, але яна не пака́ялася.
22 Вось, Я кíдаю яе на ло́жа хваро́бы, а тых, што пралюбадзе́йнічаюць з ёю, — у бяду́ вялікую, калі не пака́юцца ў спра́вах сваіх.
23 І дзяце́й яе паражу́ сме́рцю, і зразуме́юць усе Цэ́рквы, што Я Той, Хто спазнае́ ду́мкі і пачу́цці; і адплачу́ кожнаму з вас паво́дле спраў вашых.
24 Вам жа і аста́тнім, хто ў Фіятыры, усім, якія не трыма́юцца гэтага вучэ́ння і якія не ве́даюць так зва́ных глыбíнь сатанíнскіх, кажу́, што не ўскладу́ на вас іншага цяжа́ру;
25 толькі тое, што ма́еце, трыма́йце, паку́ль прыйду́.
26 А перамо́жцу і таму, хто выко́нвае спра́вы Мае́ да канца́, дам ула́ду над язы́чнікамі —
27 і будзе па́свіць іх жазло́м жале́зным; падо́бна по́суду гліня́наму, яны будуць разбíты, — як і Я атрыма́ў уладу ад Айца Майго;
28 і дам яму зорку ра́нішнюю.
29 Хто ма́е вуха, каб чуць, няхай чу́е, што́ Дух ка́жа Цэ́рквам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.