Біблія » Пераклады » Пераклад Праваслаўнай Царквы

Апакаліпсіс 7 Апакаліпсіс, або Адкравенне 7 разьдзел

1 І пасля́ гэтага ўба́чыў я чатыро́х А́нгелаў, якія стая́лі на чатыро́х вугла́х зямлí і трыма́лі чаты́ры вятры́ зямлí, каб не дзьмуў ве́цер ні на зямлю́, ні на мо́ра, ні на якое дрэ́ва.
2 І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела, які ўздыма́ўся з усхо́ду со́нца і меў пяча́ць Бога жыво́га. І ўсклíкнуў ён гу́чным го́ласам да чатыро́х А́нгелаў, якім да́дзена было́ рабіць шко́ду зямлí і мо́ру, ка́жучы:
3 не рабíце шко́ды ні зямлí, ні мо́ру, ні дрэ́вам, пакуль не паста́вім пяча́ці раба́м Бога нашага на лбах іх.
4 І я пачу́ў ко́лькасць адзна́чаных пяча́ццю: сто со́рак чаты́ры ты́сячы было́ адзна́чаных пяча́ццю з усіх кале́н сыно́ў Ізра́ілевых.
5 З кале́на Іу́ды двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Рувíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Га́да двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
6 з кале́на Асíра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Нефалíма двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Манасíі двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
7 з кале́на Сімяо́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Левíя двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Ісаха́ра двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю;
8 з кале́на Завуло́на двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Іо́сіфа двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю; з кале́на Веніямíна двана́ццаць ты́сяч адзна́чаных пяча́ццю.
9 Пасля́ гэтага ўба́чыў я: вось, вялíкі нато́ўп людзе́й, якога злічы́ць ніхто не мог, з кожнага пле́мені, і кале́н, і наро́даў, і моў; яны стая́ць перад прасто́лам і перад А́гнцам, апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя, і па́льмавыя галíнкі ў рука́х іх.
10 І ўскліка́юць яны гу́чным го́ласам, ка́жучы: спасе́нне ў Бога нашага, Які сядзíць на прасто́ле, і ў А́гнца!
11 І ўсе А́нгелы стая́лі вако́л прасто́ла і ста́рцаў і чатыро́х жывёл, і ўпа́лі яны ніц перад прасто́лам і пакланíліся Богу,
12 ка́жучы: амíнь! благаславе́нне, і сла́ва, і праму́драсць, і падзя́ка, і паша́на, і сíла, і моц Богу нашаму на ве́кі вяко́ў! Амíнь.
13 І загавары́ў адзін са ста́рцаў, звярта́ючыся да мяне: гэтыя апра́нутыя ў адзе́нні бе́лыя — хто яны і адку́ль прыйшлí?
14 І я сказа́ў яму: ты ве́даеш, гаспада́р. І ён сказа́ў мне: гэта тыя, што прыйшлí ад вялíкага го́ра; яны абмы́лі адзе́нні свае́ і вы́белілі адзе́нні свае́ Крывёю А́гнца.
15 За гэта яны знахо́дзяцца перад прасто́лам Бога і слу́жаць Яму дзень і ноч у хра́ме Яго, і Той, Хто сядзíць на прасто́ле, раскíне шацёр Свой над імі.
16 У іх не будзе ўжо ні го́ладу, ні сма́гі, і не будзе палíць іх со́нца і нія́кая спёка;
17 бо А́гнец, Які пасяро́д прасто́ла, будзе па́свіць іх і вадзíць іх на жывы́я крынíцы вод, і ўтрэ́ Бог кожную слязу́ з вачэ́й іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс, або Адкравенне святога Апостала Іаана Багаслова, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.