Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 7 Адкрыцьце 7 разьдзел

1 І пасьля гэтага ўгле́дзіў я чатырох ангелаў, якія, стоючы на чатырох вуглох зямлі, дзяржалі чатыры вятры́ зямлі, каб ня дзьмуў ве́цер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
2 І ўгле́дзіў я другога ангела, які ўзыходзіў ад усходу сонца, маючы пячаць Бога Жывога; і гукнуў ён вялікім голасам да чатырох ангелаў, якім дадзена шкоду чыніці зямлі й мору, мовячы:
3 Ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхніх.
4 І пачуў я лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усіх родаў сыноў Ізраілявых.
5 Із роду Юдавага дванаццаць тысяч папячатаных; з роду Рувімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысяч папячатаных;
6 із роду Асіравага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Нэфталімавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Манасьсіявага дванаццаць тысяч папячатаных;
7 із роду Сымэонавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ле́віявага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Ізаха́равага дванаццаць тысяч папячатаных;
8 із роду Завулёнавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысяч папячатаных; із роду Бэніямінавага дванаццаць тясяч папячатаных.
9 Пасьля гэтага глянуў я, і вось вялізарны натоўп, палічы́ць якога ніхто ня мог, із усіх пляме́ньняў і родаў, і народаў, і языкоў, стаіць перад пасадам і перад Ягнём, апрануўшыся ў бе́лыя шаты, і пальмы ў руках іхніх;
10 і загукалі вялікім голасам, мовячы: Спасе́ньне Богу нашаму, што сядзіць на пасадзе, ды Ягняці.
11 І ўсе́ ангелы стаялі навакол пасаду і старыкоў і чатырох жывелаў, і ўпалі перад пасадам на твар свой, і сукланіліся Богу,
12 мовячы: Амін! Багаслаўле́ньне і хвала́, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на ве́чныя вякí! Амін!
13 І азваўся адзін із старыкоў, мовячы да мяне́: Гэтыя апра́неныя ў бе́лыя шаты — хто яны і скуль прыйшлі?
14 І я сказаў яму: Ты ве́даеш, пане. І сказаў ён мне́: Гэта тыя, што прыйшлі з вялікага гора; яны памылі вопраткі свае́ і вы́белілі вопраткі свае́ ў крыві Ягняці.
15 Дзеля гэтага яны перад пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы́ ў храме Ягоным; і Сідзя́чы на пасадзе жы́ціме ў іх;
16 і ня будуць яны ўжо хаце́ць е́сьці ані піці, і не падзе́ на іх сонца ані жадная сьпе́ка.
17 Бо Ягня́, што пасярод пасаду, будзе іх пасьвіць і вадзіць іх да жывы́х крыніцаў вод. І абатрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.