Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 22 Адкрыцьце 22 разьдзел

1 І паказаў мне́ чыстую раку́ вады́ жыцьця́, сьве́тлую, як крыштал, што выходзіла із пасаду Бога й Ягня́ці.
2 Пасярэдзіне вуліцы яго, наабапал ракí, дрэва жыцьця, што дае плады́ дванаццаць разоў, даючы́ на кожын ме́сяц ягоны плод; і лісьці дзе́рава на ле́к народам.
3 І ня будзе ўжо нічога вы́клятага; і будзе ў ім пасад Бога й Ягня́ці, і рабы́ Ягоныя служы́цімуць Яму.
4 І ўгле́дзяць аблічча Ягонае і імя Ягонае на лабо́х іхніх.
5 І ня будзе тамака ночы; і няма ў іх патрэбы ў сьве́тачу і ў сьвятле́ сонца, бо Госпад Бог асьвятляе іх. І цары́цімуць на ве́чныя вякí.
6 І сказаў мне́: Словы гэтыя ве́рныя і праўдзівыя; і Госпад Бог сьвятых прарокаў паслаў Ангела Свайго паказаць рабо́м Сваім, што́ мусіць хутка стацца.
7 Вось, хутка прыходжу. Шчасьлівы, хто хавае словы прароцтва кнігі гэтае.
8 І я, Іоан, той, што бачыў гэта і чуў. І калі я пачуў ды пабачыў, я паваліўся пакланіціся перад нагамі Ангела, што паказваў мне́ гэта.
9 І кажа ён мне́: Глядзі, не́: бо я — суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў і хаваючых словы кнігі гэтае; Богу пакланіся.
10 І кажа мне́: Не запячатывай слоў прароцтва кнігі гэтае: бо блізка час.
11 Крыўдзіцель няхай яшчэ крыўдзіць, і нячысты няхай яшчэ апага́ніваецца, і справядлівы няхай яшчэ чыніць справядлівасьць, і сьвяты́ няхай яшчэ асьвячаецца.
12 І вось хутка прыходжу, і заплата Мая са Мною, каб аддаці кожнаму, як будзе дзе́ла ягонае.
13 Я — Альфа й Омэга, пачатак і кане́ц, Першы і Апошні.
14 Шчасьлівыя, што выпаўняюць за́паведзі Яго, каб была ўлада іх на дрэва жыцьця, ды каб увайшлі праз вароты ў ме́ста;
15 а вонках сабакі й чарадзе́і, і распусьнікі ды забойцы і служкі íдалавы, і ўсе́, што любяць і чыняць няпраўду.
16 Я, Ісус, паслаў Ангела Майго пасьве́дчыць вам гэта ў цэрквах. Я — карэ́нь і род Давíдавы, зорка сьве́тлая і ра́нічная.
17 І Дух і няве́ста кажуць: Прыхо́дзь! І, хто пра́гне, няхай прыходзе; і, хто хоча, няхай бярэ ваду́ жыцьця дарма́.
18 І я разам сьве́дчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтае: калі хто даложа да гэтага, узложыць на яго Бог плягі, напісаныя ў кнізе гэтай;
19 і калі хто ады́ме ад слоў кнігі прароцтва гэтага, ады́ме ў яго Бог долю ягоную з кнігі жыцьця і з ме́ста сьвятога і з напісанага ў гэтай кнізе.
20 Той, што сьве́дчыць гэта, кажа: Але́, хутка прыходжу! Амін. Але́, прыходзь, Госпадзе Ісусе!
21 Ла́ска Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі ўсімі. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.