Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 22 Адкрыццё 22 разьдзел

1 І паказаў мне [чыстую] раку вады жыцця, светлую, як крышталь, што выходзіла ад трона Бога і Агнеца.
2 Пасярэдзіне яго вуліцы, і па гэты, і па той бок ракі — дрэва жыцця, якое родзіць дванаццаць разоў, штомесяц дае свой плод, а лісце дрэва для вылечвання народаў.
3 І ўжо не будзе ніякага пракляцця. І будзе ў ім трон Бога і Агнеца, і Яго слугі будуць служыць Яму,
4 будуць бачыць Яго аблічча, і Яго імя будзе на іх ілбах.
5 І ночы ўжо не будзе, і не маюць яны патрэбы ў святле светача і ў святле сонца, таму што Госпад Бог будзе свяціць на іх, і яны будуць валадарыць векі вечныя.
6 І ён сказаў мне: Гэтыя словы верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў43 прарокаў, паслаў Свайго Анёла паказаць Сваім слугам, што павінна адбыцца неўзабаве.
7 І вось, Я прыходжу хутка. Шчаслівы той, хто трымаецца слоў прароцтва гэтай кнігі.
8 І я, Іаан, той, хто чуе і бачыць гэта. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў, каб пакланіцца да ног Анёла, які паказваў мне гэта.
9 І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: я — слуга разам з табою і тваімі братамі — прарокамі і тымі, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся.
10 І ён кажа мне: Не кладзі пячаткі на словы прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі.
11 Несправядлівы хай яшчэ робіць няпраўду, і нячысты хай яшчэ нячысціцца, але справядлівы няхай і далей робіць праўду, і святы няхай больш асвячаецца.
12 Вось, Я прыходжу хутка, і Мая плата са Мною, каб даць кожнаму паводле таго, якая яго работа.
13 Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
14 Шчаслівыя тыя, хто абмывае свае шаты44, каб мець ім права на дрэва жыцця і ўвайсці праз брамы ў горад.
15 А звонку — сабакі, і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, і ідаласлужкі, і ўсе тыя, хто любіць і чыніць няпраўду.
16 Я, Ісус, паслаў Майго Анёла, каб засведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і атожылак Давідаў, зорка светлая, ранішняя.
17 І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! — І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто сасмяглы, няхай прыходзіць; хто хоча, няхай задарма бярэ ваду жыцця.
18 [І] я сведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто дадасць нешта да іх, на таго накладзе Бог напасці, якія запісаны ў гэтай кнізе,
19 і калі хто адыме ад слоў кнігі гэтага прароцтва, адыме Бог яго долю ад дрэва жыцця45 і ад святога горада, пра якія напісана ў гэтай кнізе.
20 Сведка гэтага кажа: Так, прыходжу хутка. — Амін, [так] прыйдзі, Госпадзе Ісусе!
21 Ласка Госпада [нашага] Ісуса [Хрыста] няхай будзе з усімі [вамі. Амін].

Каментары ці зноскі:

6 43: У некат. рукап.: святых.
14 44: Варыянт: хто выконвае Яго запаветы.
19 45: У некат. рукап.: адыме Бог удзел у кнізе жыцця.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014