Адкрыцьцё 22 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці.
 
І паказаў мне [чыстую] раку вады жыцця, светлую, як крышталь, што выходзіла ад трона Бога і Агнеца.

Пасярод вуліцы яго, і па той бок ракі і па гэты, дрэва жыцьця, якое дванаццаць разоў родзіць плады, дае на кожны месяц плод свой; і лісьце дрэва — на ацаленьне народаў.
 
Пасярэдзіне яго вуліцы, і па гэты, і па той бок ракі — дрэва жыцця, якое родзіць дванаццаць разоў, штомесяц дае свой плод, а лісце дрэва для вылечвання народаў.

І нічога ўжо ня будзе праклятага; а трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму.
 
І ўжо не будзе ніякага пракляцця. І будзе ў ім трон Бога і Агнеца, і Яго слугі будуць служыць Яму,

І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх.
 
будуць бачыць Яго аблічча, і Яго імя будзе на іх ілбах.

І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Гасподзь Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя.
 
І ночы ўжо не будзе, і не маюць яны патрэбы ў святле светача і ў святле сонца, таму што Госпад Бог будзе свяціць на іх, і яны будуць валадарыць векі вечныя.

І сказаў мне: гэтыя словы слушныя і праўдзівыя; і Гасподзь Бог сьвятых прарокаў паслаў анёла Свайго паказаць рабам Сваім тое, што мае быць неўзабаве.
 
І ён сказаў мне: Гэтыя словы верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў43 прарокаў, паслаў Свайго Анёла паказаць Сваім слугам, што павінна адбыцца неўзабаве.

Вось, прыйду неўзабаве: дабрашчасны той, хто трымаецца словаў прароцтва кнігі гэтае.
 
І вось, Я прыходжу хутка. Шчаслівы той, хто трымаецца слоў прароцтва гэтай кнігі.

Я, Ян, бачыў і чуў гэта. Калі ж пачуў і ўбачыў, прыпаў да ног анёла, які мне паказваў гэта, каб пакланіцца яму;
 
І я, Іаан, той, хто чуе і бачыць гэта. І калі я пачуў і ўбачыў, я ўпаў, каб пакланіцца да ног Анёла, які паказваў мне гэта.

але ён мне сказаў: глядзі, не рабі гэтага; бо я — саслужнік табе і братам тваім прарокам і тым, хто трымаецца прароцтва кнігі гэтае: Богу пакланіся.
 
І ён кажа мне: Глядзі, не рабі гэтага: я — слуга разам з табою і тваімі братамі — прарокамі і тымі, хто выконвае словы гэтай кнігі. Богу пакланіся.

І сказаў мне: не запячатвай слова прароцтва кнігі гэтай; бо час блізкі.
 
І ён кажа мне: Не кладзі пячаткі на словы прароцтва гэтай кнігі, бо час блізкі.

Няправеднік хай яшчэ робіць няпраўду; нячысты хай яшчэ апаганьваецца; праведнік хай творыць праўду яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ.
 
Несправядлівы хай яшчэ робіць няпраўду, і нячысты хай яшчэ нячысціцца, але справядлівы няхай і далей робіць праўду, і святы няхай больш асвячаецца.

Вось, прыйду неўзабаве, і адпомста Мая са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
 
Вось, Я прыходжу хутка, і Мая плата са Мною, каб даць кожнаму паводле таго, якая яго работа.

Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, першы і апошні.
 
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.

Дабрашчасныя тыя, якія захоўваюць запаведзі Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў горад брамаю.
 
Шчаслівыя тыя, хто абмывае свае шаты44, каб мець ім права на дрэва жыцця і ўвайсці праз брамы ў горад.

А звонку — сабакі і чарадзеі, і любадзейнікі — забойцы, і ідаласлужнікі і кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду.
 
А звонку — сабакі, і чарадзеі, і распуснікі, і забойцы, і ідаласлужкі, і ўсе тыя, хто любіць і чыніць няпраўду.

Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць корань і нашчадак Давідаў, зорка сьветлая і золкавая.
 
Я, Ісус, паслаў Майго Анёла, каб засведчыць вам гэта ў цэрквах. Я — корань і атожылак Давідаў, зорка светлая, ранішняя.

І Дух і нявеста кажуць: прыйдзі! Спрагнены хай прыходзіць, і, хто жадае, няхай бярэ ваду жыцьця задарам.
 
І Дух і маладая кажуць: Прыйдзі! — І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І хто сасмяглы, няхай прыходзіць; хто хоча, няхай задарма бярэ ваду жыцця.

І я таксама сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасьць што да іх, на таго накладзе Бог пошасьці, пра якія напісана ў кнізе гэтай:
 
[І] я сведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто дадасць нешта да іх, на таго накладзе Бог напасці, якія запісаны ў гэтай кнізе,

і калі хто адыме што ад словаў кнігі прароцтва гэтага, у таго адбярэ Бог удзел у кнізе жыцьця і ў сьвятым горадзе і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай.
 
і калі хто адыме ад слоў кнігі гэтага прароцтва, адыме Бог яго долю ад дрэва жыцця45 і ад святога горада, пра якія напісана ў гэтай кнізе.

Той, Хто сьведчыць гэта, кажа: вось, прыйду неўзабаве! Амін. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе,
 
Сведка гэтага кажа: Так, прыходжу хутка. — Амін, [так] прыйдзі, Госпадзе Ісусе!

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Госпада [нашага] Ісуса [Хрыста] няхай будзе з усімі [вамі. Амін].