Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І калі Ён зьняў сёмую пячатку, моўча паўстала на небе як бы на паўгадзіны.
 
І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала маўчанне на небе амаль на паўгадзіны.

І ўгледзеў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам; і дадзена ім сем трубаў.
 
І я ўбачыў сем Анёлаў, якія стаяць перад Богам, і былі дадзены ім сем трубаў.

І прыйшоў іншы анёл і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатое кадзіла; і дадзена было яму багата фіміяму, каб ён з малітвамі ўсіх сьвятых усклаў яго на залаты ахвярнік перад тронам.
 
І іншы Анёл прыйшоў і стаў каля ахвярніка, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат фіміяму, каб ён усклаў яго з малітвамі ўсіх святых на залаты ахвярнік перад тронам.

І ўзьнёсься дым фіміяму з малітвамі сьвятых ад рукі анёла перад Богам.
 
І ўзняўся дым фіміяму з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам.

І ўзяў анёл кадзіла, і напоўніў яго жарам з ахвярніка, і кінуў на зямлю: і ўчыніліся галасы і грамы, і маланкі і землятрусы.
 
І ўзяў Анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка. І кінуў на зямлю, і зрабіліся грамы, і галасы, і маланкі, і землятрус.

І сем анёлаў, што мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.
 
І сем Анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся трубіць.

Першы анёл затрубіў, і зрабіўся град і вагонь, зьмяшаныя з крывёю, і апалі на зямлю; і траціна ўсіх дрэваў згарэла, і ўся трава зялёная выгарала.
 
І першы затрубіў: і зрабіліся град і агонь, змяшаныя з крывёю, і былі кінуты на зямлю; і трэць зямлі згарэла, і трэць дрэваў згарэла, і ўся зялёная трава згарэла.

Другі анёл затрубіў, і як бы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора; і траціна мора зрабілася крывёю,
 
І другі Анёл затрубіў: і як бы вялікая гара, распаленая агнём, была кінута ў мора, і трэць мора зрабілася крывёю,

і вымерла траціна жывога стварэньня ў моры, і траціна караблёў загінула.
 
і вымерла трэць стварэнняў, што жылі ў моры, і трэць суднаў была знішчана.

Трэйці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў.
 
І трэці Анёл затрубіў: і ўпала з неба вялікая зорка, якая гарэла, як паходня, і ўпала яна на трэць рэк і на крыніцы водаў.

Імя гэтай зорцы палын; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі.
 
І імя зоркі — Палын; і трэць водаў зрабілася палыном; і шмат людзей памерла ад водаў, бо воды зрабіліся горкімі.

Чацьвёрты анёл затрубіў, і ўдар спасьціг траціну сонца і траціну месяца і траціну зорак, так што зацьмілася траціна іх, і траціна дня не сьвяціла больш — так, як і ночы.
 
І чацвёрты Анёл затрубіў: і была знішчана трэць сонца, і трэць месяца, і трэць зорак, каб трэць іх пацьмянела, і дзень не яснеў на сваю трэць, і гэтак жа ноч.

І бачыў я і чуў аднаго анёла, які ляцеў пасярод неба і прамаўляў гучным голасам: гора, гора, гора жывым на зямлі ад астатніх трубных галасоў трох анёлаў, якія будуць трубіць!
 
І я ўбачыў і пачуў аднаго арла18, які ляцеў пасярэдзіне неба, кажучы гучным голасам: Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі, ад астатніх трубных галасоў трох Анёлаў, якія будуць трубіць!