Адкрыцьцё 13 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

І стаў я на пяску марскім і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі: на рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных назовы богазьняважлівыя.
 
І ён31 стаў на пяску мора. І я ўбачыў звера, які падымаўся з мора, меў дзесяць рагоў і сем галоў, і на яго рагах — дзесяць дыядэмаў, а на яго галовах — богазневажальныя імёны.

Зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса; ногі ў яго — як у мядзьведзя, а пашча ў яго — як пашча ў ільва; і даў яму цмок сілу сваю і трон свой і вялікую ўладу.
 
І звер, якога я ўбачыў, быў падобны да леапарда, і яго ногі — як у мядзведзя, а яго пашча — як пашча льва. І дракон даў яму сваю сілу, і свой трон, і вялікую ўладу.

І бачыў я, што адна галава ў яго як бы сьмяротна была параненая, але гэтая сьмяротная рана загоілася. І дзівавала ўся зямля, сочачы за зьверам; і пакланіліся цмоку, які даў зьверу ўладу,
 
І [ўбачыў я, што] адна з яго галоў была як бы зраненая насмерць; але яго смяротная рана была загоеная. І ўся зямля здзівілася і пайшла за зверам;

і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны да зьвера гэтага і хто можа зваяваць яго?
 
і яны пакланіліся дракону, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: Хто падобны да гэтага звера? І хто можа ваяваць з ім?

І дадзены былі яму вусны, якія маўлялі ганарыста і богазьняважліва і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
 
І дадзены былі яму вусны, якія казалі пыхлівае і богазневажальнае, і дадзена яму была ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.

І разьзявіў ён вусны свае для кляцьбы на Бога, каб клясьці імя Ягонае і жытлішча Ягонае і небажыхароў.
 
І ён адкрыў свае вусны для знявагі Бога, каб зневажаць Яго імя і Яго скінію [і] тых, хто жыве на небе.

І дадзена яму было весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму была ўлада над усякім каленам і народам, і родам і племенем.
 
І дадзена было яму весці вайну са святымі і перамагчы іх; і дадзена была яму ўлада над кожным пакаленнем, і племем, і родам, і народам.

І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, чые імёны не напісаны ў кнізе жыцьця ў Ягняці, заколатага ад стварэньня сьвету.
 
І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, кожны, чыё імя не напісана ў кнізе жыцця Агнеца, заколатага ад стварэння свету.

Хто мае вуха, хай чуе:
 
Калі хто мае вуха, няхай пачуе.

хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам будзе забіты мечам. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
 
Калі каму ў палон, ён ідзе ў палон; калі хто на забіванне мячом — мячом ён павінен быць забіты. Тут вытрываласць і вера святых.

І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў зь зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок.
 
І я ўбачыў іншага звера, які падымаўся з зямлі, і ён меў два рагі, падобныя да агнецавых, і казаў, як дракон.

Ён дзейнічае перад ім з усёй уладай першага зьвера і прымушае ўсю зямлю і насельнікаў яе пакланяцца першаму зьверу, у якога сьмяротная рана загоілася;
 
І ён выконвае ўсю ўладу першага звера перад ім. І ён прымушае, каб зямля і тыя, хто жыве на ёй, пакланяліся першаму зверу, чыя смяротная рана была загоена.

і творыць вялікія азнакі, так што і вагонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі.
 
І ён творыць вялікія знакі, так што нават агонь вымушае сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі.

І дзівосамі, якія дадзена было яму тварыць перад зьверам, ён наводзіць змусту на насельнікаў зямлі, кажучы насельнікам зямлі, каб яны зрабілі вобраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
 
І ён уводзіць у зман тых, хто жыве на зямлі праз тыя знакі, якія было дадзена яму тварыць перад зверам, кажучы тым, хто жыве на зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які мае рану ад мяча і ажыў.

І дадзена было яму ўкласьці дух у вобраз зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў так, каб забіты быў кожны, хто ня будзе кланяцца вобразу зьвера.
 
І дадзена было яму даць дыханне вобразу звера, каб вобраз звера нават загаварыў і зрабіў, каб усе, хто не паклоніцца вобразу звера, былі забітыя.

І ён зробіць тое, што ўсім — малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і рабам — пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю альбо на лоб іхні,
 
І ён робіць так, каб усім: малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольным і рабам — далі кляймо на іх правую руку ці на іх лоб.

і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага.
 
І каб ніхто не мог ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае кляймо: [ці] імя звера ці лік яго імя.

Тут мудрасьць. Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэтая лічба чалавечая; лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.
 
Тут мудрасць. Хто мае розум, няхай палічыць лік звера; бо гэта лік чалавека; і яго лік — шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.