Адкрыцьцё 18 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пасьля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў зь неба і меў уладу вялікую; зямля асьвятлілася ад славы ягонай.
 
Пасля гэтага я ўбачыў іншага Анёла, які сходзіў з неба і меў вялікую ўладу; і зямля асвятлілася яго славаю.

І ўсклікнуў ён моцна, гучным голасам кажучы: упаў, упаў, Вавілоне, вялікая блудадзейка, зрабіўся жытлішчам дэманаў і прыстанкам усякаму нячыстаму духу, прыстанкам усякаму нячыстаму і агіднаму птаху; бо шалёным віном блудадзейства свайго яна напаіла ўсе народы;
 
І ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: Упаў, упаў Вавілон, вялікая сталіца, і зрабілася яна селішчам дэманаў і турмой усялякага нячыстага духа і турмой усялякай нячыстай і [ненавіснай] птушкі [і турмою ўсялякага нячыстага і ненавіснага звера],

і цары зямныя любаблуднічалі зь ёю, і купцы зямныя разбагацелі ад вялікай раскошы яе.
 
бо шаленчага віна яе распусты выпілі35 ўсе народы, і зямныя цары распуснічалі з ёю, і зямныя купцы разбагацелі ад сілы яе раскошы.

І пачуў я іншы голас зь неба, які казаў: выйдзі ад яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць вам у грахах яе і не наклікаць пошасьцяў яе;
 
І я пачуў іншы голас з неба, які казаў: Выйдзі з яе, народзе Мой, каб не саўдзельнічалі вы ў яе грахах і каб не падпалі пад яе напасці,

бо грахі яе дайшлі да неба, і Бог узгадаў няпраўды яе.
 
бо яе грахоў назбіралася аж да неба, і ўспомніў Бог яе няпраўды.

Адплацеце ёй так, як яна плаціла вам, і ўдвая аддайце ёй па ўчынках яе; у чары, у якія яна налівала віно, налеце ёй удвая.
 
Аддайце ёй, як і яна аддавала [вам], і падвойце [ёй] удвая паводле яе ўчынкаў. У чашы, у якой яна змешвала віно, змяшайце ёй удвая.

Колькі славіла яна сябе і раскашавала, столькі аддайце ёй пакутаў і гора. Бо яна кажа ў сэрцы сваім: сяджу царыцаю, я не ўдава, і ня ўбачу гора!
 
Колькі яна праслаўляла сябе і раскашавала, гэтулькі дайце ёй мукаў і гора. Бо ў сваім сэрцы яна кажа: Сяджу царыцаю, і я не ўдава, і гора ніколі не ўбачу.

За тое ў адзін дзень прыйдуць на яе кары, сьмерць і плач і голад, і будзе спалена вагнём, бо моцны Гасподзь Бог, Які судзіць яе.
 
Затое ў адзін дзень прыйдуць на яе напасці, смерць, і плач, і голад, і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, які асудзіў яе.

І заплачуць і загалосяць па ёй цары зямныя, што блудадзеялі і раскашавалі зь ёю, як убачаць дым ад пажару яе,
 
І будуць плакаць і галасіць па ёй зямныя цары, якія распуснічалі і раскашавалі з ёю, калі ўбачаць дым ад яе пажару,

стоячы зводдаль у страху ад пакутаў яе і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад Вавілоне, горад моцны! бо ў адначасьсе прыйшоў суд твой!
 
стоячы здалёку ў страху ад яе мукаў і кажучы: Бяда, бяда, вялікі горад, Вавілоне, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой суд.

І купцы зямныя заплачуць і загалосяць па ёй, бо тавараў іхніх ніхто ўжо ня купляе.
 
І зямныя купцы плачуць і бядуюць па ёй, бо іх грузу ніхто больш не купляе:

Тавараў залатых і срэбраных, і камянёў каштоўных і жэмчугу, і вісону і парфіры, і шоўку і пурпуры, і ўсякага пахучага дрэва, і ўсякіх вырабаў са слановай касьці, і ўсякіх вырабаў з дарагіх дрэваў, зь медзі і жалеза і мармуру,
 
грузу золата, і серабра, і каштоўнага камення, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і ніякага духмянага дрэва, і ніякіх вырабаў са слановай косці, і ніякіх вырабаў з найкаштоўнейшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

карынкі і фіміяму, міры і ладану, і віна і алею, і мукі і пшаніцы, і быдла і авечак, і коней і калясьніц, і целаў і душ чалавечых.
 
і карыцы, і амому, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і найлепшай мукі, і пшаніцы, і быдла, і авечак, і коней, і калясніц, і целаў36, і душ37.

І пладоў, што даспадобы душы тваёй, ня стала ў цябе, і ўсё сытае і бліскучае аддалілася ад цябе, — і ты ўжо ня знойдзеш яго.
 
І плады, пажаданыя для тваёй душы, адышлі ад цябе, і ўся раскоша і бляск загінулі для цябе, і іх болей ніколі не знойдуць.

Хто гандляваў усім гэтым, узбагаціўся ад яе, стануць здалёку, у страху ад пакутаў яе, плачучы і галосячы
 
Гандляры гэтых тавараў, што разбагацелі ад яе, стануць здалёк у страху ад яе мукаў, плачучы і гаруючы,

і кажучы: гора, гора табе, вялікі горад, адзеты ў вісон і парфіру і пурпуру, аздоблены золатам і камянямі каштоўнымі і жэмчугам,
 
кажучы: Бяда, бяда, вялікая сталіца, якая была адзетая ў вісон, і пурпур, і парфіру, пазалочоная золатам, і каштоўным каменнем, і перламі,

бо ў адначасьсе счэзла такое багацьце! І кормнікі ўсе і кожны, хто плыве на караблях, і ўсе карабельнікі, і ўсе, хто гандлюе на моры, сталі здалёк
 
бо ў адну гадзіну было спустошана такое вялікае багацце! І кожны стырнавы і кожны, хто плыў у нейкае месца, і маракі, і ўсе, што займаліся марскім промыслам, сталі здалёку

і, бачачы дым ад пажару яе, залямантавалі, кажучы: які горад падобны вялікаму гораду!
 
і крычалі, бачачы дым ад яе пажару, і казалі: Які горад падобны да гэтага вялікага горада?

І пасыпалі попелам галовы свае і лямантавалі, плачучы і галосячы: гора, гора табе, горад вялікі, каштоўнасьцямі якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры! бо апусьцеў у адначасьсе.
 
І яны пасыпалі пылам свае галовы і крычалі, плачучы і гаруючы, кажучы: Бяда, бяда, вялікая сталіца, каштоўнасцямі якой разбагацелі ўсе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну яна была спустошана!

Радуйся з гэтага, неба, і сьвятыя апосталы і прарокі, бо ўчыніў Бог суд ваш над ім.
 
Радуйся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, таму што здзейсніў Бог суд за вас над ёю.

І адзін дужы анёл узяў камень, падобны на вялікі жарон, і ўкінуў у мора, кажучы: з такою сілаю будзе павалены Вавілон, вялікі горад, і ўжо ня будзе яго;
 
І адзін магутны Анёл падняў камень, як вялікі жарон, і кінуў ў мора, кажучы: З гэткаю сілай будзе скінуты Вавілон, вялікая сталіца, і ўжо ніколі не будзе знойдзены.

і галасы гусьляроў і песьняроў, і жалейнікаў і тых, што трубяць у трубы, у табе больш чутныя ня будуць; ня будзе ўжо ў табе ніякага мастака, ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў ня будзе ўжо чутно ў табе;
 
І гучання арфістаў, і спевакоў, і флейтыстаў, і трубачоў ужо ніколі не будзе чуваць у табе, і ніводнага рамесніка ніводнага рамяства ўжо ніколі не будзе знойдзена ў табе, і гуку жорнаў ніколі больш не будзе чуваць у табе,

і сьвятло сьветача ўжо ня зьявіцца ў табе: бо купцы твае былі вяльможы зямлі, і чарадзействам тваім зьведзены ў зман усе народы.
 
і святло светача ўжо ніколі не будзе свяціць у табе, і голасу маладога і маладой ужо ніколі не пачуюць у табе; бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам былі ўведзены ў зман усе народы.

І ў ім знойдзена кроў прарокаў і сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.
 
І ў ёй была знойдзена кроў прарокаў, і святых, і ўсіх забітых на зямлі.