Адкрыцьцё 13 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І стаў я на пяску марскім і ўбачыў зьвера, які выходзіў з мора, зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі: на рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, а на галовах ягоных назовы богазьняважлівыя.
 
І стаў на беразе мора. Я ўбачыў як з мора выходзіў звер, які меў дзесяць рагоў і сем галоў, а на рагах ягоных — дзесяць дыядэм, і на галовах ягоных — імя блюзнерства.

Зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса; ногі ў яго — як у мядзьведзя, а пашча ў яго — як пашча ў ільва; і даў яму цмок сілу сваю і трон свой і вялікую ўладу.
 
Звер, якога я ўбачыў, нагадваў пантэру, а лапы яго — як у мядзведзя, а пашча яго — як у льва. І даў яму цмок сваю моц, свой трон і вялікую ўладу.

І бачыў я, што адна галава ў яго як бы сьмяротна была параненая, але гэтая сьмяротная рана загоілася. І дзівавала ўся зямля, сочачы за зьверам; і пакланіліся цмоку, які даў зьверу ўладу,
 
Адна з яго галоў — быццам смяротна параненая, а яе смяротная рана была вылечаная. Уся зямля дзівілася, ідучы за зверам.

і пакланіліся зьверу, кажучы: хто падобны да зьвера гэтага і хто можа зваяваць яго?
 
Пакланіліся таксама цмоку, бо ён даў уладу зверу, і пакланіліся зверу, кажучы: «Хто падобны да звера, і хто можа пачаць з ім вайну?»

І дадзены былі яму вусны, якія маўлялі ганарыста і богазьняважліва і дадзена яму ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.
 
Былі дадзеныя яму вусны, што казалі рэчы, якія гучалі як вялікія, і блюзнерствы, і была яму дадзена ўлада дзейнічаць сорак два месяцы.

І разьзявіў ён вусны свае для кляцьбы на Бога, каб клясьці імя Ягонае і жытлішча Ягонае і небажыхароў.
 
І адкрыў ён сваю пысу для блюзнерстваў супраць Бога, каб блюзніць супраць імені Яго і скініі Яго, і супраць нябесных жыхароў.

І дадзена яму было весьці вайну са сьвятымі і перамагчы іх; і дадзена яму была ўлада над усякім каленам і народам, і родам і племенем.
 
Было дадзена яму весці вайну са святымі і перамагчы іх. Была дадзена яму таксама ўлада над кожным племем, родам, мовай і народам.

І паклоняцца яму ўсе, хто жыве на зямлі, чые імёны не напісаны ў кнізе жыцьця ў Ягняці, заколатага ад стварэньня сьвету.
 
Яму паклоняцца ўсе жыхары зямлі, чыё імя не запісана ад заснавання свету ў кнізе жыцця забітага Баранка.

Хто мае вуха, хай чуе:
 
Калі нехта мае вушы, няхай пачуе.

хто вядзе ў палон, той сам пойдзе ў палон; хто мечам забівае, той сам будзе забіты мечам. Тут цярплівасьць і вера сьвятых.
 
Калі некаму наканавана няволя,няхай ідзе ў няволю.Калі некаму наканавана загінуць ад мяча,той павінен быць забіты мячом.У гэтым цярплівасць і вера святых.

І ўбачыў я другога зьвера, які выходзіў зь зямлі: ён меў два рагі, падобныя да Ягнячых, і гаварыў, як цмок.
 
Убачыў я таксама іншага звера, які выходзіў з зямлі і меў два рогі, як у Баранка, але гаварыў як цмок.

Ён дзейнічае перад ім з усёй уладай першага зьвера і прымушае ўсю зямлю і насельнікаў яе пакланяцца першаму зьверу, у якога сьмяротная рана загоілася;
 
У прысутнасці першага звера ён спаўняе усю яго ўладу і робіць так, каб уся зямля і яе жыхары пакланіліся першаму зверу, смяротная рана якога была вылечана.

і творыць вялікія азнакі, так што і вагонь зводзіць зь неба на зямлю перад людзьмі.
 
Ён робіць вялікія знакі, прымушаючы нават агонь сыходзіць з неба на зямлю перад людзьмі.

І дзівосамі, якія дадзена было яму тварыць перад зьверам, ён наводзіць змусту на насельнікаў зямлі, кажучы насельнікам зямлі, каб яны зрабілі вобраз зьвера, які мае рану ад меча і жывы.
 
Ашуквае жыхароў зямлі з дапамогай знакаў, якія яму было дадзена ўчыніць перад зверам, кажучы жыхарам зямлі, каб яны зрабілі вобраз звера, які атрымаў удар мячом і ажыў.

І дадзена было яму ўкласьці дух у вобраз зьвера, каб вобраз зьвера і гаварыў і рабіў так, каб забіты быў кожны, хто ня будзе кланяцца вобразу зьвера.
 
Было дадзена яму напоўніць духам вобраз звера, каб вобраз звера гаварыў і дзейнічаў так, каб быў забіты кожны, хто не паклоніцца вобразу звера.

І ён зробіць тое, што ўсім — малым і вялікім, багатым і ўбогім, вольнікам і рабам — пакладзена будзе кляймо на правую руку іхнюю альбо на лоб іхні,
 
Ён робіць таксама, што ўсе, малыя і вялікія, багатыя і бедныя, свабодныя і нявольнікі атрымліваюць кляймо на правую руку або на сваё чало.

і што нікому нельга будзе ні купляць, ні прадаваць, акрамя таго, хто мае гэтае кляймо, альбо імя зьвера, альбо лічбу імя ягонага.
 
І ніхто не можа ні купіць, ні прадаць, калі не мае знаку, імені звера або лічбы ягонага імені.

Тут мудрасьць. Хто мае розум, той хай палічыць лічбу зьвера, бо гэтая лічба чалавечая; лічба ягоная шасьцьсот шасьцьдзясят шэсьць.
 
Тут ёсць мудрасць. Хто мае розум, няхай падлічыць лічбу звера, бо гэта лічба чалавека. А лічба яго шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць.