Адкрыцьцё 5 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

І ўбачыў я ў правіцы ў Таго, Хто сядзіць на троне, кнігу, напісаную ўсярэдзіне і звонку, запячатаную на сем пячатак.
 
І ўбачыў я ў правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі.

І ўбачыў я анёла магутнага, Які абвяшчаў гучным голасам: хто варты разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі зь яе?
 
Я бачыў магутнага анёла, які абвяшчаў гучным голасам: «Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе пячаткі?»

І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу, ні зірнуць у яе.
 
І ніхто ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю не мог разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе.

І я моцна плакаў па тым, што не знайшлося вартага разгарнуць і чытаць гэтую кнігу, і нават зірнуць у яе.
 
І я моцна плакаў, бо не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе.

І адзін старац сказаў мне: ня плач, вось, леў з калена Юдавага, корань Давідаў, перамог і можа разгарнуць гэтую кнігу і зьняць сем пячатак яе.
 
Тады адзін са старэйшын сказаў мне: «Не плач, вось перамог леў з племені Юды, корань Давіда, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе сем пячатак».

І я глянуў, і вось, пасярод трона і чатырох жывых істотаў і сярод старцаў стаяла Ягня нібы заколатае, і мела сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
 
І я ўбачыў, што пасярод трона і чатырох жывых істот, і сярод старэйшын стаяў Баранак, нібы забіты, які меў сем рагоў і сем вачэй, што з’яўляюцца сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю.

І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Хто сядзеў на троне.
 
Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне.

І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гусьлі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсьць малітвы сьвятых;
 
А калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Баранкам; кожны меў гуслі і залатыя чашы, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых.

і сьпяваюць новую песьню, кажучы: Ты варты ўзяць кнігу і зьняць зь яе пячаткі; бо Ты быў заколаты, і Крывёю Сваёю Ты адкупіў нас Богу з кожнага калена і роду, і народу і племені,
 
Яны спявалі новую песню, кажучы: «Ты годны ўзяць кнігуі зняць з яе пячаткі,бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Богаз кожнага роду, і мовы, і племені, і народу,

і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі!
 
і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага;і мы будзем валадарыць на зямлі».

І бачыў я, і чуў голас многіх анёлаў вакол трона і жывых істотаў, і старцаў, і лікам іх было процьма цьмы і тысячы тысячаў,
 
Я бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывых істот, і старэйшын. Колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч.

якія гаварылі гучным голасам: вартае Ягня заколатае прыняць сілу і багацьце, і мудрасьць і моц, і гонар і славу і дабраславеньне!
 
Яны казалі гучным голасам: «Забіты Баранакгодны прыняць моц, і багацце, і мудрасць,і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».

І кожнае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, чуў я, казала: Таму, Хто сядзіць на троне, і Ягняці дабраславеньне і гонар, і слава і сіла на векі вечныя!
 
І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку — благаслаўленне і пашана, і хвала, і моц на векі вечныя».

І чатыры жывыя істоты казалі: амін! І дваццаць чатыры старцы пакланіліся Таму, Хто жыве ва векі вечныя.
 
А чатыры жывыя істоты казалі: «Амэн». Старэйшыны ж упалі і пакланіліся.