Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!
І ўбачыў я, што Баранак адкрыў адну з сямі пячатак, і пачуў я адну з чатырох жывых істот, якая гаварыла як бы голасам грому: «Прыйдзі».
Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.
І я ўбачыў: вось, белы конь, а вершнік на ім меў лук, яму дадзены быў вянок, і ён вырушыў як пераможца, каб перамагаць.
І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.
А калі адкрыў другую пячатку, я пачуў, як другая жывая істота казала: «Прыйдзі».
І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.
І выйшаў іншы конь, агністы, а вершніку яго было дадзена забраць спакой з зямлі, каб людзі выразалі адзін аднаго, і дадзены быў яму вялікі меч.
І калі Ён зьняў трэйцюю пячатку, я чуў трэйцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.
А калі адкрыў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: «Прыйдзі». І вось убачыў я чорнага каня, а вершнік на ім меў вагі ў сваіх руках.
І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!
І я пачуў яго голас пасярод чатырох жывых істот, які казаў: «Кварта збожжа за дынар і тры кварты ячменю за дынар. Аднак не марнуй алею і віна».
І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.
Калі адкрыў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, якая казала: «Прыйдзі».
І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі — забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.
І вось убачыў я каня бледна-зялёнага, а вершнік на ім меў імя Смерць, і спадарожнічала яму Адхлань. Яму дадзена была ўлада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом і голадам, смерцю і дзікімі звярамі зямлі.
І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.
Калі адкрыў пятую пячатку, я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі.
І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?
Яны ўсклікнулі гучным голасам, кажучы: «Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць і спаганяць за нашу кроў з жыхароў зямлі?»
І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
Кожнаму з іх былі дадзены белыя шаты, і было сказана ім, каб адпачылі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік іхніх супольнікаў-слугаў і братоў іхніх, што, як і яны, павінны быць забітыя.
І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,
Калі адкрыў шостую пячатку, я ўбачыў, што стаўся вялікі землятрус і сонца стала чорнае, як валасяны мяшок, і ўвесь месяц стаў як кроў,
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як недаспелыя смоквы, што скідае ўзрушаная моцным ветрам смакоўніца.
І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;
Неба аддзялілася як скрутак, што звіваецца, а кожная гара і выспа зварухнуліся са сваіх месцаў.
і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,
Каралі зямлі, вяльможы, тысячнікі, багачы, моцныя, кожны нявольнік і свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах.
і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;
Яны кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце ад аблічча таго, хто сядзіць на троне, і ад гневу Баранка,
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?
бо настаў вялікі дзень Ягонага гневу, і хто зможа выстаяць?»