Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс 6 Апакаліпсіс 6 разьдзел

Першыя чатыры пячаткі: пераможнае Слова, меч, голад і зараза

1 І ўбачыў я, што Баранак адкрыў адну з сямі пячатак, і пачуў я адну з чатырох жывых істот, якая гаварыла як бы голасам грому: «Прыйдзі».
2 І я ўбачыў: вось, белы конь, а вершнік на ім меў лук, яму дадзены быў вянок, і ён вырушыў як пераможца, каб перамагаць.
3 А калі адкрыў другую пячатку, я пачуў, як другая жывая істота казала: «Прыйдзі».
4 І выйшаў іншы конь, агністы, а вершніку яго было дадзена забраць спакой з зямлі, каб людзі выразалі адзін аднаго, і дадзены быў яму вялікі меч.
5 А калі адкрыў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: «Прыйдзі». І вось убачыў я чорнага каня, а вершнік на ім меў вагі ў сваіх руках.
6 І я пачуў яго голас пасярод чатырох жывых істот, які казаў: «Кварта збожжа за дынар і тры кварты ячменю за дынар. Аднак не марнуй алею і віна».
7 Калі адкрыў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай жывой істоты, якая казала: «Прыйдзі».
8 І вось убачыў я каня бледна-зялёнага, а вершнік на ім меў імя Смерць, і спадарожнічала яму Адхлань. Яму дадзена была ўлада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом і голадам, смерцю і дзікімі звярамі зямлі.
Пятая пячатка: сведкі Слова

9 Калі адкрыў пятую пячатку, я ўбачыў пад алтаром душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі.
10 Яны ўсклікнулі гучным голасам, кажучы: «Дакуль жа, святы і праўдзівы Валадару, Ты не будзеш судзіць і спаганяць за нашу кроў з жыхароў зямлі?»
11 Кожнаму з іх былі дадзены белыя шаты, і было сказана ім, каб адпачылі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік іхніх супольнікаў-слугаў і братоў іхніх, што, як і яны, павінны быць забітыя.
Шостая пячатка: дзень гневу

12 Калі адкрыў шостую пячатку, я ўбачыў, што стаўся вялікі землятрус і сонца стала чорнае, як валасяны мяшок, і ўвесь месяц стаў як кроў,
13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як недаспелыя смоквы, што скідае ўзрушаная моцным ветрам смакоўніца.
14 Неба аддзялілася як скрутак, што звіваецца, а кожная гара і выспа зварухнуліся са сваіх месцаў.
15 Каралі зямлі, вяльможы, тысячнікі, багачы, моцныя, кожны нявольнік і свабодны схаваліся ў пячорах і ў горных скалах.
16 Яны кажуць горам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце ад аблічча таго, хто сядзіць на троне, і ад гневу Баранка,
17 бо настаў вялікі дзень Ягонага гневу, і хто зможа выстаяць?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс святога Яна, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019