Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 6 Адкрыцьце 6 разьдзел

1 І ўбачыў я, што Ягня́ зьняло адну з пячацяў, і пачуў адну з чатырох жывёлаў, мовячы быццам грымотным голасам: Ідзі ды глядзі.
2 І я паўзіраўся, і вось бе́лы конь, і коньнік на ім ды з лукам; і далі яму вянок, і выйшаў пераможнік, каб перамагчы́.
3 І, калі зьняло Яно другую пячаць, я пачуў другую жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі.
4 І выйшаў другі конь ры́жы, і коньніку на ім да́дзена ўзяць мір із зямлі, ды каб адны адных забівалі; і да́дзены яму ме́ч вялізарны.
5 І, як зьняло трэцюю пячаць, пачуў я трэцюю жывёлу, мовячы: Ідзі ды глядзі. І я паўзіраўся, і вось конь вараны́, і коньнік на ім, маючы ў руцэ сваёй вагу́;
6 і пачуў я голас спасярод чатырох жывёлаў, мовячы: Ме́ра пшаніцы за дынар, і тры ме́ры ячме́ню за дынар; і алівы й віна не марнуй.
7 І, як зьняло чацьве́ртую пячаць, пачуў я голас чацьве́ртае жывёлы, мовячы: Ідзі ды глядзі.
8 І я паўзіраўся, і вось конь бляды́, і коньнік на ім, што імя яму сьме́рць, і пе́кла сьле́дам за ім; і да́дзена ім улада забіваці на чацьве́ртай часьці зямлі мячом і голадам, і сьме́рцяй, ды зьвярыма зямнымі.
9 І, як зьняло Яно пятую пячаць, убачыў я пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае ды за сьве́дчаньне, што ме́лі; і загаманілі голасам вялікім, мовячы:
10 Дакуль, Валадару Сьвяты і Праўдзівы, ня судзіш і ня мсьцішся за кроў нашу над жыхарамі зямлі?
11 І далі кожнаму бе́лыя вопраткі і сказалі, каб супачывалі яшчэ крыху часу, пакуль не дапоўняць суслужнікі іхнія ды браты іхнія, што маюць быць забіты, як і яны.
12 І паўзіраўся я, як зьняло Яно шостую пячаць. І вось зрабілася вялікае ўстрасе́ньне, і сонца пацямне́ла, як валася́ніца, і ме́сяц зрабіўся, як кроў,
13 і зоркі нябе́сныя паспадалі на зямлю, як смакоўніца, устраса́ная вялікім ве́трам, скідае недасьпе́лыя смоквы свае́;
14 і не́ба счэзла, як скручаны лісток, і кожная гара́ і востраў скрануліся з ме́сц сваіх;
15 і цары зямныя, і магнаты, і багатыры́, і тысячнікі, і асілкі, і кожын раб ды кожын вольнік паўкрываліся ў пячорах і ў горных расколінах
16 дый кажуць горам і скалам: Звале́цеся на нас і ўкрыйце нас ад аблічча Сідзя́чага на пасадзе ды ад гне́ву Ягняці:
17 бо настаў вялікі дзе́нь гне́ву Ягонага, і хто здолее ўстаяці?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.