Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 6 Адкрыццё 6 разьдзел

1 І ўбачыў я, як Ягня зняў першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з чатырох жывёлін сказала быццам гукам грымоты: «Прыйдзі і глядзі!»
2 І ўбачыў я: і вось, белы конь; і той, што сядзеў на ім, трымаў лук, і дадзены яму вянец, і выйшаў ён, перамагаючы і каб перамагчы.
3 І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!»
4 І выйшаў тады іншы конь, агніста-чырвоны; і таму, што сядзеў на ім, дадзена, каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.
5 І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёліну, што казала: «Прыйдзі і глядзі!» І ўбачыў я: і вось, конь вараны; і той, што сядзеў на ім, трымаў вагу ў руцэ сваёй.
6 І пачуў я голас паміж тых чатырох жывёлін, што казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і не марнуй віна і алею».
7 І калі адкрыў Ён чацвёртую пячатку, пачуў я голас чацвёртай жывёліны, што казаў: «Прыйдзі і глядзі!»
8 І ўбачыў я: і вось, конь бледны, і вершніку, які сядзеў на ім, было імя смерць, і пекла ішло следам за ім, і дадзена яму ўлада на чацвёртай частцы зямлі забіваць мечам, голадам, і смерцю, і звярамі зямлі.
9 І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад ахвярнікам душы тых, якія былі пазабіваны за слова Божае і за сведчанне, якое яны мелі.
10 І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: «Госпадзе, святы і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?»
11 І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік саслужнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.
12 І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц зрабіўся, як кроў,
13 і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фігавае дрэва скідае свае недаспелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,
14 і неба знікла, як быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.
15 І цары зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і кожны нявольнік і вольны пахаваліся ў пячорах і горных скалах
16 і кажуць гарам і скалам: «Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,
17 бо надышоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа выстаяць?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017