Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 6 Адкрыццё 6 разьдзел

1 І я ўбачыў, як Агнец зняў першую з сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істот, якая казала быццам голасам грому: Прыйдзі [і глядзі]!
2 І я ўбачыў: і вось белы конь, і той, хто сядзіць на ім, мае лук; і быў дадзены яму вянок, і ён выйшаў, перамагаючы і каб перамагчы.
3 І калі Ён зняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]!
4 І выйшаў іншы агніста-чырвоны конь, і таму, хто сядзеў на ім, было дадзена ўзяць мір з зямлі і каб людзі забівалі адзін аднаго, і быў дадзены яму вялікі меч.
5 І, калі Ён зняў трэцюю пячатку, я пачуў трэцюю жывую істоту, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]! — І я ўбачыў: і вось, чорны конь, і той, хто сядзіць на ім, мае вагу ў сваёй руцэ.
6 І я пачуў як бы голас пасярэдзіне чатырох жывых істотаў, які казаў: Хінікс11 пшаніцы за дынарый12, і тры хініксы ячменю за дынарый; а алею і віну не рабі шкоды.
7 І, калі Ён зняў чацвёртую пячатку, я пачуў голас чацвёртай істоты, якая казала: Прыйдзі [і глядзі]!
8 І я ўбачыў: і вось бледны конь, і таму, хто сядзеў на ім, імя смерць; і пекла з13 ім ішло ўслед, і была дадзена ім14 улада над чвэрцю зямлі, каб забіваць мячом, і голадам, і смерцю, і зямнымі звярамі.
9 І, калі Ён зняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за Божае слова і за сведчанне, якое яны мелі.
10 І яны закрычалі гучным голасам, кажучы: Дакуль, Уладыка Святы і Праўдзівы, Ты не будзеш судзіць і помсціць за нашу кроў тым, хто жыве на зямлі?
11 І дадзены былі кожнаму з іх белыя шаты, і было сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на кароткі час, пакуль іх саўдзельнікі і іх браты, якія павінны быць забітыя, як і яны, дапоўняць іх лік.
12 І я ўбачыў, калі Ён зняў шостую пячатку: і адбыўся вялікі землятрус, і сонца зрабілася чорнае, як валасяніца, і ўвесь месяц зрабіўся, як кроў,
13 і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як фігавае дрэва, трасучыся ад вялікага ветру, скідвае свае недаспелыя фігі;
14 і неба адышло, быццам звілося ў скрутак, і кожная гара і востраў былі зрушаны са сваіх месцаў.
15 І зямныя цары, і вяльможы, і тысячаначальнікі, і багатыя, і моцныя, і кожны раб, і вольны схаваліся ў пячоры і ў скалы гор:
16 і яны кажуць гарам і скалам: Упадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Агнеца,
17 бо прыйшоў вялікі дзень Іх15 гневу, і хто можа выстаяць?

Каментары ці зноскі:

6 11: Мера сыпкіх рэчываў, крыху большая за 1 л.
6 12: Рымская манета, сярэдняя плата за дзень працы наёмнага работніка.
8 13: У некат. рукап.: за.
8 14: У некат. рукап.: яму.
17 15: У некат. рукап.: Яго.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014