Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 3 Адкрыццё 3 разьдзел

1 І Анёлу царквы ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, Хто мае сем Божых духаў і сем зорак: Ведаю твае ўчынкі, што ты маеш імя, нібы жывы, а ты мёртвы.
2 Будзь чуйным і ўмацуй рэшту, блізкую да смерці, бо Я не знайшоў завершанымі твае справы перад Маім Богам.
3 Дык памятай, як ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і пакайся. Калі ж ты не будзеш чуйны, то Я прыйду, як злодзей, і ты ні ў якім разе не ўведаеш, у якую гадзіну Я прыйду на цябе.
4 Але ў цябе ёсць некалькі імёнаў у Сардах, якія не заплямілі сваёй вопраткі і будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны годныя.
5 Пераможац будзе апрануты гэтак, у белую вопратку, і Я ні ў якім разе не сатру яго імя з кнігі жыцця і вызнаю яго імя перад Маім Бацькам і перад Яго Анёламі.
6 Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.
7 І Анёлу царквы ў Філадэльфіі напішы: Вось што кажа Святы, Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адмыкае — і ніхто не замкне, і Які замыкае — і ніхто не адамкне.
8 Ведаю твае ўчынкі; вось, Я даў перад табою адамкнёныя дзверы, якіх ніхто не можа замкнуць, бо хоць ты мала маеш сілы, ды захаваў Маё слова, і не адрокся ад Майго імя.
9 Вось даю са зборышча сатаны, якія кажуць, што яны іудзеі, але яны не такія, а лгуць, — вось, Я зраблю, што яны прыйдуць і ўпадуць ніцма перад тваімі нагамі і ўведаюць, што Я палюбіў цябе.
10 Бо ты захаваў слова Маёй вытрываласці, і Я цябе захаваю ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці на ўвесь населены абшар, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
11 [Вось] Я і хутка прыйду; трымай, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.
12 Пераможца Я зраблю калонаю ў храме Майго Бога, і ён ніколі ўжо не выйдзе адтуль і напішу на ёй імя Майго Бога і імя горада Майго Бога, Новага Іерусаліма, які сходзіць з неба ад Майго Бога, і Маё новае імя.
13 Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.
14 І Анёлу царквы ў Лаадыкіі напішы: Вось, што кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, пачатак Божага тварэння:
15 Ведаю твае ўчынкі, што ты і не халодны і не гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!
16 Але як ты цеплаваты, не гарачы і не халодны, то збіраюся выплюнуць цябе з Маіх вуснаў.
17 Бо ты кажаш: «Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы» — і не ведаеш, што ты няшчасны, і варты жалю, і ўбогі, і сляпы, і голы.
18 Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб разбагацеў ты, і белае адзенне, каб апрануўся і каб не адкрыўся сорам тваёй галізны; і вочнай мазі — памазаць твае вочы, каб ты бачыў.
19 Я ўсіх, каго люблю, выкрываю і караю; дык будзь руплівы і пакайся.
20 Вось, Я стаю каля дзвярэй і стукаю; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною.
21 Пераможцу Я дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Бацькам на Яго троне.
22 Хто мае вуха, няхай пачуе, што Дух кажа цэрквам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014