1 Пасля гэтага я ўбачыў: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і першы голас, які я чуў, як бы трубы, што гаварыў са мною, сказаў: Узыдзі сюды і пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага.
2 Адразу ж я быў у духу; і вось трон стаяў на небе, і на троне Хтосьці сядзеў,
3 і Гэты, Хто сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яспісу і сардысу, і вакол трона — вясёлка, з выгляду падобная да смарагду.
4 І вакол трона — дваццаць чатыры троны, і на тронах я ўбачыў: сядзяць дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белае адзенне, і на іх галовах — залатыя вянкі.
5 І ад трона зыходзяць маланкі, і галасы, і грамы. І сем вогненных светачаў гараць перад тронам, гэта сем Божых духаў.
6 І перад тронам як бы мора шкляное, падобнае да крышталю. І пасярэдзіне трона і вакол трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду.
7 І першая жывая істота падобная да льва, і другая жывая істота падобная да вала, і трэцяя жывая істота мела твар як у чалавека, і чацвёртая жывая істота падобная да арла ў палёце.
8 І чатыры жывыя істоты, кожная з іх мела па шэсць крылаў, вакол і з сярэдзіны поўныя вачэй; і яны, не маючы супачынку ўдзень і ўночы, кажуць: Святы, Святы, Святы Госпад Бог Усемагутны, Хто быў, Хто ёсць і Хто прыходзіць.
9 І калі гэтыя жывыя істоты ўздаюць славу, і гонар, і падзяку Таму, Хто сядзіць на троне, Таму, Хто жыве на векі вякоў,
10 тады дваццаць чатыры старэйшыны падаюць перад Тым, Хто сядзіць на троне, і кланяюцца Таму, Хто жыве на векі вякоў; і яны ўскладаюць свае вянкі перад тронам, кажучы:
11 Годны Ты, Госпадзе і Божа наш, прыняць славу, і гонар, і сілу, бо Ты стварыў усё і Тваёю воляю яно заіснавала і было створана.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Іаана Багаслова, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014