Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 4 Адкрыццё 4 разьдзел

1 Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».
2 Адразу ж я быў у духу: і вось, пасад стаяў у небе, а на пасадзе Нехта сядзеў.
3 І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду да смарагдавай.
4 І вакол пасада ўбачыў дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы.
5 І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў агністых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.
6 І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.
7 І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да маладога быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла, які ляціць.
8 І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навокал і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».
9 І калі аддадуць тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,
10 упадуць перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і паклоняцца Таму, Хто жывы на векі вечныя, і ўскладуць вянцы свае перад пасадам, кажучы:
11 «Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існуе і было створана».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017