Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Адкрыццё 3 Адкрыццё 3 разьдзел

1 І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта, вось, кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы.
2 Чувай і ўзмацняй рэшту, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім.
3 Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе.
4 Але, вось, маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны дастойныя.
5 Хто пераможа, апранецца ў вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і прызнаю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго.
6 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
7 І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адчыніць, і ніхто не замкне, а замкне, і ніхто не адчыніць.
8 Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго.
9 Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе.
10 Бо ўхаваў ты слова стойкасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі.
11 Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго.
12 Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.
13 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам.
14 І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага.
15 Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!
16 Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх.
17 Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы.
18 Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў.
19 Бо Я тых, якіх люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівым і навярніся.
20 Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.
21 Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе.
22 Хто мае вуха, пачуй, што Дух кажа цэрквам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017