Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс 3 Апакаліпсіс 3 разьдзел

Да Касцёла ў Сардах: прыйду, як злодзей

1 Анёлу Касцёла ў Сардах напішы:

Так кажа той, хто мае сем духаў Божых і сем зорак. Ведаю твае справы. Ты носіш імя, быццам жывы, але ты мёртвы.
2 Чувай і ўмацоўвай рэшту, блізкую да смерці, бо Я не палічыў твае ўчынкі дасканалымі перад Маім Богам.
3 Згадай, што ты прыняў і пачуў, захоўвай і пакайся. Калі ж не будзеш чуваць, то Я прыйду, як злодзей, і не будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.
4 Але ты маеш у Сардах некалькі чалавек, якія не заплямілі шатаў сваіх і будуць хадзіць са Мною ў белі, бо яны годныя.
5 Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі.
6 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Да Касцёла ў Філадэльфіі: захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання

7 Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы:

Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне.
8 Ведаю Твае справы, вось Я паставіў цябе перад адчыненымі дзвярыма, якіх ніхто не можа зачыніць, бо ў цябе мала сілы, але ты захаваў Маё слова і не адмовіўся ад Майго імя.
9 Вось даю тых з сінагогі сатаны, якія кажуць, што яны юдэі, хоць імі не з’яўляюцца, і хлусяць. Я ўчыню, што яны прыйдуць і паклоняцца ў ногі табе, і пазнаюць, што Я палюбіў цябе.
10 Паколькі ты захаваў Мой наказ цярплівасці, Я таксама захаваю цябе ад гадзіны выпрабавання, якая павінна прыйсці ў цэлы свет, каб выпрабаваць жыхароў зямлі.
11 Я хутка прыйду. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў твайго вянка.
12 А пераможцу зраблю калонай у святыні Майго Бога, і ўжо не выйдзе вонкі, і напішу на ім імя Майго Бога, а таксама імя горада Майго Бога, новага Ерузалема, які спускаецца з неба ад Бога Майго, і Маё новае імя.
13 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Да Касцёла ў Лаадыкеі: вось стаю каля дзвярэй і стукаю

14 Анёлу Касцёла ў Лаадыкеі напішы:

Так кажа Амэн, сведка верны і праўдзівы, пачатак стварэння Божага.
15 Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы!
16 Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з Маіх вуснаў.
17 Бо ты кажаш: “Я багаты і разбагацеў, і ні ў чым не маю патрэбы”, а не ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, убогі, сляпы і голы.
18 Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і белую шату, каб ты апрануўся і каб не быў бачны сорам тваёй галечы. Бальзамам памаж свае вочы, каб бачыць.
19 Каго Я люблю, тых дакараю і выхоўваю. Таму будзь руплівы і пакайся.
20 Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною.
21 Пераможцу дам сесці са Мною на Маім троне, як і Я перамог і сеў з Маім Айцом на Яго троне.
22 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Апакаліпсіс святога Яна, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019