Кніга за сямю пячаткамі
1 І ўбачыў я ў правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі.
1 І ўбачыў я ў правіцы таго, хто сядзіць на троне, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную сямю пячаткамі.
2 Я бачыў магутнага анёла, які абвяшчаў гучным голасам: «Хто годны разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе пячаткі?»
3 І ніхто ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю не мог разгарнуць гэтую кнігу, ні зазірнуць у яе.
4 І я моцна плакаў, бо не знайшлося годнага, каб адкрыць кнігу і зазірнуць у яе.
5 Тады адзін са старэйшын сказаў мне: «Не плач, вось перамог леў з племені Юды, корань Давіда, каб разгарнуць гэтую кнігу і зняць з яе сем пячатак».
6 І я ўбачыў, што пасярод трона і чатырох жывых істот, і сярод старэйшын стаяў Баранак, нібы забіты, які меў сем рагоў і сем вачэй, што з’яўляюцца сямю Божымі духамі, спасланымі на ўсю зямлю.
7 Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы таго, хто сядзеў на троне.
8 А калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Баранкам; кожны меў гуслі і залатыя чашы, поўныя кадзіла, якое ёсць малітвай святых.
9 Яны спявалі новую песню, кажучы:
«Ты годны ўзяць кнігу
і зняць з яе пячаткі,
бо Ты быў забіты і сваёй крывёю Ты адкупіў нас для Бога
з кожнага роду, і мовы, і племені, і народу,
10
і зрабіў нас валадарствам і святарамі для Бога нашага;
і мы будзем валадарыць на зямлі».
11 Я бачыў і чуў голас мноства анёлаў вакол трона і жывых істот, і старэйшын. Колькасць іх была мірыяды мірыяд і тысячы тысяч.
12 Яны казалі гучным голасам:
«Забіты Баранак
годны прыняць моц, і багацце, і мудрасць,
і сілу, і пашану, і хвалу, і благаслаўленне».
13 І я чуў, як кожнае стварэнне, якое ёсць на небе і на зямлі, пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, казала: «Таму, хто сядзіць на троне, і Баранку — благаслаўленне і пашана, і хвала, і моц на векі вечныя».
14 А чатыры жывыя істоты казалі: «Амэн». Старэйшыны ж упалі і пакланіліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Апакаліпсіс святога Яна, 5 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019