Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 3 Адкрыцьце 3 разьдзел

1 І Ангелу царквы́ ў Сардах напішы: Вось што кажа Той, што ма́е се́м духаў Божых ды се́м зорак: Ве́даю ўчынкі тваі, што маеш імя, што жыве́ш, ды ёсьць мёртвы.
2 Чувай і ўзмацняй рэшту, што манíцца ўме́рці: бо не знайшоў Я, каб дзелы́ твае́ былі споўнены перад Богам.
3 Дык прыпомні, як ты прыняў ды чуў, і пілнуй ды пакайся. Калі-ж ня будзеш чува́ць, прыду на цябе́, быццам злодзей, і ня будзеш ве́даць, у якую гадзіну прыду на цябе́.
4 Мала маеш у Сардах імёнаў, што не запэцкалі вопраткі сваёй; яны будуць хадзіць са Мною ў бе́лым, бо годны гэтага.
5 Хто пераможа, апра́нены будзе ў бе́лыя ша́ты; і ня вычыркну імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызна́ю імя яго перад Айцом Маім і перад Ангеламі Яго.
6 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
7 І ангелу царквы́ ў Філядэльфіі напішы: Вось што кажа Сьвяты, Запраўдны, Які ма́е ключ Давідавы, што адмыкае — і ніхто не замкне́, ды замыкае — і ніхто не адамкне́:
8 Ве́даю ўчынкі тваі; вось, Я даў перад табою дзьве́ры адамкнёныя, і ніхто ня можа замкнуць іх; малую маеш сілу, ды захаваў слова Маё і не адрокся ад іме́ньня Майго.
9 Вось, Я даю: із сынагогі Сатаны, з тых, што называюць сябе́ Жыдамі, ды ня ёсьць, а ілгуць, — вось, Я зро́блю, каб яны прыйшлі й сукланіліся перад нагамі тваімі, і даве́даюцца, што Я ўлюбіў цябе́.
10 А што ты захаваў слова цярплівасьці Мае́й, дык і Я захаваю цябе́ ад гадзіны спакушэньня, што ма́е прыйсьці на ўсе́нькі сьве́т, каб спакусіць жы́хараў зямлі.
11 Вось, Я йду хутка; дзяржы́, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго.
12 Хто пераможа, зро́блю таго стаўбом у храме Бога Майго, і ўжо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя ме́ста Бога Майго, новага Ерузаліму, што зыходзе з не́ба ад Бога Майго, ды Маё новае імя.
13 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.
14 І ангелу Ляодыкійскае царквы напішы́: Вось што кажа Амін, сьве́дка ве́рны й справядлівы, пачатак тварэньня Божага:
15 Ве́даю ўчынкі тваі, што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы; о, каб-жа ты быў сьцюдзёны або гарачы!
16 Дык вось, дзеля таго, што ты цёплы, а не сьцюдзёны ані гарачы, Я выкіну цябе́ із вуснаў Маіх.
17 Бо кажаш: я багаты і разбагаце́ў, і ні ў чым ня маю патрэбы, і ня ве́даеш, што ты гаротны і мізэрны, і ўбогі, і сьляпы, і голы.
18 Раджу табе́ купіць у Мяне́ золата, ачы́шчанае ў вагні, каб разбагаце́ў; ды бе́лую вопратку, каб апрануўся, ды каб ня выявіўся сорам на́гасьці твае́й; ды мазяй вочнаю памаж вочы твае́, каб бачыў.
19 Я, каго люблю, дакараю й караю; дык будзь старэнны й пакайся.
20 Вось, стаю пры дзьвярох і стукаюся; калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзьве́ры, Я выйду да яго і буду вячэраць з ім, дый ён са Мною.
21 Хто пераможа, дам яму се́сьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і се́ў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным.
22 Хто ма́е вуха, слухай, што Дух цэрквам гавора.

Каментары ці зноскі:

9 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «Сатаны» на → «шатана».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.