Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 18 Адкрыцьце 18 разьдзел

1 І пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў вялікую ўладу; і зямля асьвяцілася ад славы ягонае;
2 і крыкнуў ён крэпка, мовячы голасам вялікім: Паў, паў Вавілён, вялікая (распусьніца), і стаўся памяшканьнем дэманаў і прыпынкам для ўсіх духаў нячыстых і прыстанішчам для ўсякага птаства нячыстага і агіднага;
3 бо юрным віном распуснасьці свае́й напаіла яна ўсе́ народы, і цары зямныя сваволілі з ёю, і купцы зямныя разбагаце́лі ад сілы раскошы яе́.
4 І пачуў я другі голас з не́ба, мовячы: Выйдзі з яе́, мой народзе, каб ня быць учасьнікамі ў грахо́х яе і ня прыняці ўдараў яе́;
5 бо дайшлі грахі яе́ ажно да не́ба, і ўспомніў Бог аб няпраўдах яе́.
6 Аддайце е́й, як і яна аддавала вам, і падвойце е́й удвая́ паводле ўчынкаў яе́; у чары, у якой яна мяшала (віно), мяшайце е́й удвая́.
7 Колькі ўслаўляла яна сябе́ й раско́шавалася, гэтулькі дайце е́й мукаў і суму; бо яна кажа ў сэрцы сваім: Сяджу царыцай, і не ўдава́ я, і суму не пабачу.
8 Дзеля гэтага ў вадзін дзе́нь прыйдуць на яе плягі: сьме́рць і туга, і голад; і будзе спа́лена ў вагні, бо дужы́ Госпад Бог, што судзіць яе́.
9 І заплачуць, і загалосяць па ёй цары зямныя, што сваволілі й раско́шаваліся з ею, калі ўгле́дзяць дым ад пажару яе́,
10 сто́ючы здалёк дзеля страху ад му́кі яе́ ды гаворачы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае Вавілён, ме́ста магутнае, бо ў вадну гадзіну прыйшоў суд твой!
11 І купцы зямныя заплачуць ды засумуюць па ёй, бо ніхто ўжо ня купляе тавару іхняга,
12 тавару із золата й серабра, і каме́ньня дарагога і пэрлаў, і віссону й порфіры, і шоўку й пурпуру, ды ўсякага дрэва паху́чага, і ўсякіх вы́рабаў із косьці сланёвае, і ўсякіх вы́рабаў із дрэва дарагога і ме́дзі й зяле́за і мармару,
13 і цынамону, і пахнідлаў, і міра, і ла́дану, і віна, і алівы, і мукí, і пшаніцы, і скаціны й аве́чак, і кане́й ды вазоў, і це́лаў дый душ чалаве́чых.
14 І плады́ пажаданыя душы тваёй адыйшліся ад цябе́; і ўсё ўкормленае ды бліскучае адыйшлося ад цябе́, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага.
15 І таргаваўшыя гэтым, што разбагаце́лі ад яе́, воддаль стая́цімуць дзеля страху прад му́каю яе́, плачучы й галосячы
16 ды мовячы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у віссон і порфіру і пурпур апра́ненае, аздобленае золатам і каме́ньнем дарагім і пэрламі:
17 бо ў вадну гадзіну спустошана гэткае багацьце! І ўсе́ кармачы́, і ўсе́ людзі на караблёх, і карабе́льнікі, і ўсе́ працаўнікі на моры воддаль стаялі
18 і, бачучы дым ад пажару яго, крычэлі, мовячы: Якое падобна да ме́ста вялікага?
19 І сыпалі по́пел на галовы свае́, і крычэлі, плачучы й галосячы, ды мовілі: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у якім разбагаце́лі ад скарбаў тваіх усе́, хто ма́е караблі на моры; бо ў вадну гадзіну ты спустошана!
20 Узьвесяліся над ім, не́ба ды сьвятыя апосталы і прарокі: бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго.
21 І адзін дужы́ Ангел падняў камень, вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, мовячы: Гэтак з размахам кінены будзе Вавілён, ме́ста вялікае, і ўжо больш ня знойдуць яго;
22 і ня будзе ўжо чутно ў табе́ голасу гусьляроў і сьпява́каў ды жале́йнікаў і трубачоў, і ня знойдзецца ўжо ў табе́ ніводнага мастака́ ніякага мастацтва, — і гук млыновы не пачуецца ўжо ў табе́;
23 і не зазьяе ўжо ў табе́ сьвятло сьве́тача, і голасу жаніха й няве́сты не пачуюць ужо ў табе́, бо купцы тваі былі магнатамі зямнымі, бо чарамі тваімі абаламучаны ўсе́ народы.
24 І знойдзена ў ім кроў прарокаў ды сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 18 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.