Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 20 Адкрыцьце 20 разьдзел

1 І ўбачыў я Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў ключ ад бяздоньня і ланцу́г вялікі ў руцэ сваёй.
2 І схапіў ён зьме́я, вужаку адве́чнага, што ёсьць д’ябал і сатана́, ды спутаў яго на тысячу гадоў,
3 і кінуў яго ў бяздоньне, і замкнуў яго ды прыпячатаў зьве́рху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час.
4 І ўгле́дзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і ду́шы сьця́тых за сьве́дчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьве́ру ды абразу́ ягонаму і ня прынялі кляйма́ на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў.
5 Рэшта-ж паме́ршых не ажы́ла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта пе́ршае ўскрасе́ньне.
6 Шчасьлівы й сьвяты той, хто ма́е частку ў пе́ршым ускрасе́ньні: над імі сьме́рць паўторная ня ма́е ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панава́цімуць з Ім тысячу гадоў.
7 І, як скончыцца тысяча гадоў, вы́зваліцца сатана із вязьніцы сваёй
8 і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры.
9 І выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і ме́ста ўлю́бленае; і зыйшоў ад Бога агонь з не́ба ды зжор іх.
10 І д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды се́ркавае, дзе́ і зьве́р, і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзе́нь і ўначы на ве́чныя вякí.
11 І ўбачыў я вялікі бе́лы пасад і Сідзя́чага на ім, ад аблічча Якога ўцякла зямля і не́ба, і не знайшлося ме́сца для іх.
12 І ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і су́джаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх.
13 І аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьме́рць ды пе́кла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх.
14 А сьме́рць і пе́кла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьме́рць.
15 І каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 20 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.