Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Адкрыцьце 21 Адкрыцьце 21 разьдзел

1 І ўбачыў я новае не́ба і новую зямлю, бо пе́ршае не́ба й пе́ршая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
2 І я, Іоан, убачыў ме́ста сьвятое, новы Ерузалім, які зыходзіў ад Бога з не́ба, прыгатаваны быццам няве́ста, прыбраная дзеля мужа свайго.
3 І пачуў я голас вялікі з не́ба, мовячы: Вось скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і людзі будуць Ягонымі, і сам Бог будзе з імі, іхні Бог.
4 І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьме́рці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані галошаньня, ані труду, бо пе́ршыя мінулі.
5 І сказаў Сідзя́чы на пасадзе: Вось, ро́блю ўсё новае. І кажа да мяне́: Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і ве́рныя.
6 І сказаў мне́: Ста́лася. Я — Альфа і Омэга, пачатак і канец. Пра́гнучаму дам Я дар з крыніцы вады жывое;
7 хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і буду яму Богам, і ён будзе Мне́ сынам.
8 А для палахлівых і няве́рных, і для нягоднікаў і душагубаў, і для распусьнікаў і чарадзе́яў і слуг ідалавых, і для ўсіх ілжывых — доля іх у возеры, пала́ючым агнём ды се́ркаю, што ёсьць другая сьме́рць.
9 І прыйшоў да мяне́ адзін із сямёх Ангелаў, тых, што ме́лі се́м ча́раў, напоўненых сямёма апошнімі плягамі, і загутарыў са мною, мовячы: Хадзі, пакажу табе́ жанчыну, няве́сту Ягня́ці.
10 І панёс мяне́ ў духу на вялікую ды высокую гару, і паказаў мне́ ме́ста вялікае, сьвяты́ Ерузалім, што зыходзіў з не́ба ад Бога
11 і ме́ў хвалу Божую. І сьвятло́ ягонае падобнае да найдаражэйшага ка́меня, быццам крыштальнага ка́меня ясьпісовага;
12 і ме́ў ён мур вялікі й высокі, і ме́ў дванаццаць варотаў, і на вароцех дванаццаць Ангелаў і імёны напісаныя, якія ёсьць дванаццацёх родаў сыноў Ізраілявых.
13 І ад усходу трое варотаў, і ад поўначы трое варотаў, і ад паўдня трое варотаў, і ад за́хаду трое варотаў.
14 І мур мястовы ме́ў дванаццаць падва́лінаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняці.
15 І той, што гутарыў са мною, ме́ў трысьціну залатую, каб абме́рыць ме́ста і вароты яго, і сьце́ны яго.
16 І ме́ста ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая-ж, як і шырыня. І абме́рыў ме́ста трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня ягоная і шырыня і вышыня аднолькавыя.
17 І абме́рыў мур ягоны на сто сорак чатыры локці ме́ры чалаве́чае, якая і а́нгельская.
18 І мур быў пабудаваны з ясьпісу; і ме́ста чыста залатое, падобнае да чыстага шкла.
19 І падваліны муру мястовага прыаздоблены ўсякім каме́ньнем дарагім: пе́ршая падваліна ясьпіс, другая сапфір, трэцяя халькедон, чацьве́ршая шмарагд,
20 пятая сардонік, шостая сард, сёмая хрызалíт, восмая бэрыль, дзявя́тая тапа́з, дзяся́тая хрызапра́с, адзінаццатая гіяцы́нт, дванаццатая амэтыст.
21 І дванаццаць варотаў — дванаццаць пэрлаў: а кожныя вароты із аднае́ пэрлы. І вуліца ме́ста чыста залатая, быццам шкло празры́стае.
22 І храму ў ім ня ўгле́дзіў я: бо храм ягоны ёсьць Госпад Бог Уседзяржыцель і Ягня́.
23 І ме́ста ня ма́е патрэбы ў сонцы ані ў ме́сяцу, каб асьвятлялі яго: бо хвала́ Божая асьвяціла яго, і сьве́тач ягоны — Ягня.
24 І народы збаўлёных хадзíцімуць у сьвятле́ ягоным, і цары зямныя прынясуць у яго славу й чэсьць сваю.
25 І вароты ягоныя ня будуць замыкацца ўдзе́нь, а ночы там ня будзе.
26 І прынясуць у яго славу й чэсьць народаў.
27 І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае ды ро́бячае агіду й ілжу, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягня́ці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыцьце Іоана Багаслова, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.