Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Адкрыццё 21 Адкрыццё 21 разьдзел

1 І я ўбачыў новае неба і новую зямлю; бо першае неба і першая зямля адышлі, і мора ўжо няма.
2 І я [Іаан] убачыў святы горад, Новы Іерусалім, які сходзіў з неба ад Бога, падрыхтаваны, як маладая, прыбраная для свайго мужа.
3 І я пачуў гучны голас з трона39, што казаў: Вось, скінія Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць Яго народам, і Сам Бог будзе з імі [іх Богам].
4 І Ён сатрэ кожную слязу з іх вачэй; і смерці ўжо не будзе; і не будзе больш ні плачу, ні крыку, ні болю, [бо] ранейшае адышло.
5 І сказаў Той, Хто сядзіць на троне: Вось, Я раблю ўсё новае. — І кажа: Напішы, таму што гэтыя словы верныя і праўдзівыя.
6 І сказаў мне: Яны спраўдзіліся! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Сасмягламу Я дам задарма з крыніцы вады жыцця.
7 Пераможац атрымае ў спадчыну гэта40, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
8 А баязлівых, і няверных, і агідных, і забойцаў, і распуснікаў, і чарадзеяў, і ідаласлужак, і ўсіх ілгуноў — іх доля ў возеры, якое гарыць агнём і серай; гэта — другая смерць.
9 І прыйшоў [да мяне] адзін з сямі Анёлаў, у якіх было сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі напасцямі, і гаварыў са мной, і сказаў: Падыдзі, я пакажу табе маладую, жонку Агнеца.
10 І ён узнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне святы горад Іерусалім, што сходзіў з неба ад Бога
11 і меў славу Божую; ззянне яго падобнае да найкаштоўнейшага каменя, як бы да каменя яспісу, чыстага, як крышталь.
12 Ён меў вялікую і высокую сцяну, меў дванаццаць брамаў, і пры брамах дванаццаць Анёлаў, і напісаныя імёны; гэта — імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраілевых;
13 з усходу тры брамы, і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы.
14 І сцяна горада мае дванаццаць асноў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Агнеца.
15 І той, хто гаварыў са мною, меў мерны залаты шост, каб змераць горад, і яго брамы, і яго сцяну.
16 І горад размешчаны чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як [і] шырыня. І ён змераў горад шастом на дванаццаць тысяч стадый41: даўжыня, і шырыня, і вышыня яго роўныя.
17 І змераў яго сцяну: сто сорак чатыры локці42, мераю чалавечай, якая ёсць і Анёлавай.
18 І яго сцяна пабудавана з яспісу, а горад — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
19 Асновы гарадской сцяны ўпрыгожаны ўсялякім каштоўным каменнем: першая аснова — яспіс, другая — сапфір, трэцяя — халкідон, чацвёртая — смарагд,
20 пятая — сардонікс, шостая — сердалік, сёмая — хрызаліт, восьмая — берыл, дзевятая — тапаз, дзесятая — хрызапраз, адзінаццатая — гіяцынт, дванаццатая — аметыст.
21 І дванаццаць брамаў — дванаццаць перлаў: кожная брама была з аднаго перла. І вуліца горада — чыстае золата, як празрыстае шкло.
22 А храма я не ўбачыў у ім; бо яго храм — Госпад Бог Усемагутны і Агнец.
23 І горад не мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы, каб яны свяцілі яму; бо слава Божая асвятліла яго, і светач яго — Агнец.
24 І [выратаваныя] народы будуць хадзіць у яго святле, і зямныя цары прынясуць у яго сваю славу.
25 І яго брамы ніколі не будуць замыкацца ўдзень, бо ночы нам не будзе;
26 і прынясуць у яго славу і гонар народаў.
27 І не ўвойдзе ў яго нічога нячыстага, і ні той, хто чыніць брыдоту і хлусню, а толькі тыя, хто запісаныя ў кнізе жыцця ў Агнеца.

Каментары ці зноскі:

3 39: У некат. рукап.: з неба.
7 40: У некат. рукап.: ўсё.
16 41: Г. зн. каля 2200 км.
17 42: Локаць (пехій) — мера даўжыні, каля 46 см.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Іаана Багаслова, 21 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014